Вход/Регистрация
Трывожнае шчасце
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Яна падумала пра Пятра. Куды адступіць ён? Знайшоўшы ў сына гаспадыні падручнік па геаграфіі, яна раскрыла карту, паглядзела на Кольскі паўвостраў i жахнулася яшчэ больш. Яна ніколі не ўяўляла, што ўваход на паўвостраў такі вузкі: ад фінскай мяжы да Кандалакшскай губы ўсяго некалькі міліметраў. А што, калі немцы i фіны прарвуцца там i перарэжуць чыгунку? Куды будуць адступаць тыя, хто ў Мурманску? Куды адступіць Пеця? Паўвостраў далека цягнецца на ўсход, але які ён голы там — ніводнага кружочка! А за ім мора сіняе, суровае, сцюдзёнае нават на карце. У той жа дзень яна атрымала тры пісьмы ад Пятра, але ўсе яны былі напісаны за колькі дзён да вайны i былі поўныя радасці. А Сашы вельмі хацелася атрымаць пісьмо, якое было б напісана хаця б у першы дзень вайны, каб даведацца — а яна прачытала б гэта паміж радкоў,— як там пачалося ў ix, што ён думае i што ён робіць, што з ім? З нездаровай, пакутлівай нецярплівасцю пачала яна чакаць такога пісьма. У гэтым чаканні прайшоў тыдзень. Вайна падступала бліжэй: у вёсцы з'яўляліся раненыя аднавяскоўцы. Саша перавязвала ім раны i прагна распытвала: як там? Але расказвалі яны надзвычайна мала, лаялі немаведама каго i паводзілі сябе так, быццам былі вінаватыя ва ўсім, што здарылася. Аднак, нягледзячы на самыя панічныя чуткі, на самыя страшныя расказы, мала хто ў гэтым ціхім прыдняпроўскім раёне думаў, што немцы могуць дайсці i да ix. У Сашы ні разу не ўзнікала такой думкі. Наадварот, здавалася, што жыццё, парушанае ў першыя дні, цяпер перабудоўваецца па законах ваеннага часу. Ніякая вайна не можа спыніць жыцця!

Аднойчы Саша цэлы дзень працавала ў полі — памагала гаспадыні зграбаць i перавозіць канюшыну, якую Аня атрымала з калгаса. Змораная працай, Саша ўпершыню за дні вайны заснула рана i спала моцна. Яе разбудзіў настойлівы стук у акно. Прызвычаеная да такога стуку, яна адказала:

— Зараз іду, — i пачала адзявацца.

— Хто там? — спытала Аня.

— Відаць, на роды.

— Спытай хто, — параіла гаспадыня. — Не той час, каб так выходзіць.

Саша паглядзела ў вокны, але нікога не ўбачыла i палічыла, што яе чакаюць каля амбулаторыі. Яна выйшла на вуліцу i… спалохана адхіснулася: каля варот, у цені, стаяў чалавек са стрэльбай на плячы.

— Не бойцеся, Аляксандра Фёдараўна, — ціха сказаў ён, i здзіўленая Саша пазнала Уладзіміра Іванавіча.

— Вы? Вы тут?

Ён асцярожна ўзяў яе за локаць i адвёў ад хаты, трымаючыся, аднак, у цені ад клёнаў.

— Я тут. Райком стварыў групу самааховы. Час ваенны. Учора каля Дземяхоў мы парашутыстаў лавілі. Трох застрэлілі, двое здаліся. А сёння вось… маці адведаў… i вас захацеў пабачыць.

— А вось гэта неабавязкова, — непрыязна адказала Саша; прамільгнула думка: яна пацалавала гэтага чалавека, упэўненая, што ён ідзе на фронт, а ён тут туляецца, каля дому, у той час, калі ўсе іншыя i Пеця недзе пад кулямі.

Ён, мабыць, сумеўся, бо нейкі момант памаўчаў. Саша намагалася разгледзець яго твар — што на ім адбіта? Але было цёмна.

— Я лічыў сваім абавязкам папярэдзіць вас, Аляксандра Фёдараўна, — сказаў ён амаль шэптам. — Вы павінны ехаць адгэтуль, эвакуіравацца… Вам нельга тут аставацца… Вы камсамолка…

— Нікуды я не паеду! — узлавана адказала Саша i хмыкнула іранічна: — Добрая вы самаахова: ходзіце па начах, наганяеце страх, паніку. Karo вы ахоўваеце? Сябе?

Уладзімір Іванавіч зноў узяў яе за локаць, моцна сціснуў i горача зашаптаў:

— Шура, паверцемне, яквашамудругу, як… камуністу… Я не сябе ахоўваю. Але становішча вельмі складанае… Тры дні назад нашы пакінулі Мінск… Немцы пад Жлобінам…

— Здалі Мінск? — ледзь не крыкнула Саша.

— Цішэй. Не трэба панікі.

— А Мурманск?

— Пры чым тут Мурманск? — здзівіўся настаўнік.

— Там — мой муж.

— A-а…

— Няўжо праўда здалі Мінск? Не магу паверыць!

— Я ведаю напэўна… I таму прыйшоў да вас… З Рэчыцы эвакуіруюць сем'і…

Цяпер Саша паверыла яму, паверыла, што ён прыйшоў з самымі шчырымі намерамі, як добры друг, i адчула ўдзячнасць да гэтага чалавека. Не ведаючы, як выказаць яе, сваю ўдзячнасць, даверліва спытала:

— Што ж мне рабіць?

— Прыязджайце заўтра ў Рэчыцу. Я паклапачуся, каб вас пасадзілі ў эталон для эвакуіраваных.

— Дзякую, — шчыра i проста сказала яна i насцярожана прыслухалася. У хаце заплакала дзіця. А недзе ўдалечыні пачуўся гул самалётаў. Забыўшыся развітацца, яна кінулася ў хату — да дзіцяці.

II

У Рэчыцу Саша не паехала. Яна разважыла інакш: недалёка за Дняпром i Сожам яе родная веска, бацькоўская хата, а таму няма патрэбы ехаць некуды ў белы свет. Дома яна будзе ў поўнай бяспецы, бо калі нават ворагу ўдасца дайсці да Дняпра, то туды, за дзве вялікія ракі, яму ніколі не прарвацца. У гэтым яна ўпэўнена i таму яшчэ з тыдзень пасля размовы з Уладзімірам Іванавічам жыла i працавала тут. I толькі тады, калі ў наваколлі з'явіліся вайскоўцы i пачалі будаваць умацаванні, яна вырашыла ехаць. Ёй цяжка было развітвацца з мясцінай, дзе пачалося яе самастойнае жыццё i дзе кожная рэч напамінала пра Пецю i аб ix шчасці, кароткім, але яркім. Што чакае яе наперадзе?

Аня ўзяла ў калгасе каня i сама ехала за фурмана. Калі пагружаліся, Саша здзівілася, што ў яе набралася так многа рэчаў.

— Абжылася я тут у вас, — сказала яна Ані.

— Я мяшок жыта пакладу, Шура, — прапанавала Аня.

— Што вы, Аня! Навошта ён мне?

— Ой, усё спатрэбіцца. Не адна ты цяпер. Жыць трэба, дачку гадаваць. Бяры. А я твой шнур сажну.

Два дні назад, па указанию райкома, калгасныя пасевы раздалі калгаснікам, інтэлігенцыі — па колькасці едакоў. Сашы таксама далі сотак дваццаць. Гэта ўстрывожыла: дрэнная прыкмета. Уласна кажучы, не столькі вайскоўцы, колькі раздзел пасеваў прымусіў яе ўспомніць папярэджанне Уладзіміра Іванавіча i хутчэй ехаць за дзве вялікія ракі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: