Шрифт:
Камбат узлаваўся i закрычаў сам:
— Пад'ём!
Вылецелі куляй, адкуль узяўся той спрыт.
— Разгільдзяі, японскі бог! Гэта вы мне i па трывозе будзеце так падымацца?
— Ну-у, таварыш старшы лейтэнант!.. Вы ж добра ведаеце, як мы падымаемся па трывозе, — пакрыўджана запярэчыў першы нумар, высокі, з тонкім, як у дзяўчыны, станам, цёмна-руды хмуры яфрэйтар.
Камбат не асёк яго, наадварот, усміхнуўся, але сказаў, як, напэўна, кажа часта:
— Разгаворчыкі, Муха! — i прадставіў мяне: — Вось вам новы камандзір — яфрэйтар Шапятовіч. А гэта ваш баявы намеснік — яфрэйтар Муха. Хоць падобны ён больш на асу, чым на муху.
Муха нешта забурчаў. Дзяжурны — шосты нумар — выскаліў надзвычай прыгожыя, белыя-белыя зубы. Тэты юнак валодае дзіўнай уласцівасцю — смяяцца бязгучна.
Іншыя разышліся гэтак жа панура i маўкліва, як i пастроіліся. Залезлі ў нішы. Я не ведаў, што сказаць ім, як, з чаго пачаць знаёмства. Ды, уласна кажучы, я i не меў права на доўгія размовы — камандзір батарэі загадаў спаць. Я адчуў сябе даволі няёмка — на мяне не звярталі ўвагі, як бы не прызнаючы за камандзіра. Толькі гэты Муха спытаў, не высоўваючыся з нішы:
— Камандзір, ты што скончыў?
— Як — што? Я з вучэбнай батарэі…
— Не. Да арміі.
— Аўтадарожны тэхнікум.
— А-а, — зняважліва працягнуў ён i, памаўчаўшы, паведаміў: — А наш камандзір ва універсітэце вучыўся…
«Чаму ж недавучыўся?» — хацелася спытаць з іроніяй, але я ўспомніў, што былы камандзір гэтай гарматы старшы сяржант Малашкін цяпер камандзір агнявога ўзвода, да таго ж я не бачыў яшчэ гэтага чалавека, i было б мне проста непрыстойна гаварыць так. Ды i не гэта закранула мяне ў словах Мухі, а яго зварот на ты. Ці не будзе гэта падрывам майго камандзірскага аўтарытэту? Колькі месяцаў нам упарта паўтаралі, што найбольшы дысдыплінарны грэх — быць з падначаленымі запанібрата. Але я адчуваю i цяпер, калі сяджу ў адзіноце i пішу, што ў мяне не хопіць рашучасці напачатку патрабаваць, каб да мяне звярталіся інакш. Мяне непакоіць гэта i ў той жа час здаецца недарэчным. Няўжо трэба вырашаць такія праблемы, калі ідзе змаганне не на жыццё, а на смерць, калі яна, смерць гэтая, глядзіць табе ў вочы кожную хвіліну? Добра ў такі час адказваць толькі за самога сябе i больш ні за кога. Напісаў я гэта i падумаў: а як жа тым, хто адказвае за лес цэлага палка, арміі, усёй краіны? Нікчэмнымі здаліся мне праблемкі, страхі, перажыванні. Я проста спалохаўся новых цяжкасцей. А я не маю права палохацца — трэба ўсё перамагчы, трэба быць гатовым да большых цяжкасцей i большай адказнасці!
Калі ўсе паснулі, а мне, узрушанаму, не спалася, я пагутарыў з дзяжурным, гэтым чорным прыгожым юнаком, i, на дзіва сабе, даведаўся, што ніякі ён не цыган, не малдаванін, а наш, магілёўскі, хлопец. Ён бліснуў сваімі прыгожымі зубам!.
— Таму нас у вёсцы Чарнякамі празвалі.
Потым, між іншым, сказаў:
— Муха заняў месца, дзе спаў камандзір. Ваша месца. Дужа хоча камандзірам стаць.
Я ўбачыў, што Сеня таксама не спіць — блукае па пазіцыі, i мы сустрэліся. Селі недалёка ад маёй гарматы, за вялікім каменем, каб ніхто не бачыў нас.
Унізе раскінуўся горад — увесь як на далоні: скрыжаванне пяці вуліц у цэнтры, драўляныя, ca стандартных дамоў пасёлкі на паўночнай i паўднёвай ускраінах, гмахі рыбакамбіната каля заліва, партовыя склады, да якіх падыходзяць чыгуначныя лініі, доўгія стрэлкі прычалаў, каля ix сіратліва туляцца адзінокія караблі. Горад спіць. У дамах спяць жанчыны i дзеці. Тут, як i ўсюды на зямлі, многа дзяцей, мы бачылі ix, калі часам прыязджалі ў горад у выхадны дзень, атрымаўшы «ўвальніцельныя». Не, неспакойны сон людзей у такі час. Магчыма, толькі дзеці, маленькія, такія, як мая Ленка, спяць спакойна…
Мы доўга сядзелі моўчкі i глядзелі на горад. Два вялікія чырвоныя сонцы сляпілі нам вочы: ад но — з белага паўночнага неба, зацягнутага празрыстай смугой, другое — з чорнага заліва, нерухомага, люстрана-гладкага. Чаму сёння сонца такое чырвонае?
— Ведаеш, Сеня, мне неяк па-новаму неспакойна. Магчыма, я баюся, што не змагу камандаваць гэтымі людзьмі.— Я кіўнуў назад, на ствол гарматы, накіраваны ў неба на захад. — Яны непрыветліва сустрэлі мяне. Адзін, першы нумар, Муха — прозвішча якое! — адразу на ты. «Ты, камандзір…» Абразліва неяк.
Прыжмурыўшы блакітныя вочы пад густымі брывамі, Сеня паглядзеў на мяне з прыкметнай іроніяй, як дарослыя глядзяць часам на дзяцей.
— Глупства. Не думай пра форму, — сказаў ён. Я не адразу зразумеў, што ён мае на ўвазе. — Калі нас вучылі, то залішне надавалі ўвагі форме, нібы ўсё вызначае яна. Ад нас нават патрабавалі — помніш? — каб мы, я да цябе, ты да мяне, звярталіся на вы. A хіба ў гэтым галоўнае? Галоўнае ў змесце, у сутнасці людзей — у ix шчырасці, адданасці ідэі, у калектывізме i прыязнасці аднаго да аднаго… Ты ўстрывожыўся, што сустрэлі не так, як ты хацеў. Дзівак, людзі проста хацелі спаць. Пройдзе час, разам пабудзеце ў баі, ты праявіш сваю волю, яны…
— Ты думает, яна ёсць у мяне, воля?
— Ого, яшчэ якая! Я, магчыма, менш за цябе здатны да ўсялякага камандавання. Але я веру ў людзей. Людзі добрыя. Пераважная большасць. Яны заўсёды памогуць — i самі падначаленыя i камандзіры. Толькі твайму другу Кідалу хацелася «ўтапіць» мяне…
— Які ён, да д'ябла, мне друг!
— Я табе прызнаюся… Ты вось не спіш, бо нечага спалохаўся, чаго — сам не ведаеш. А я хаджу i радуюся. Ведаеш чаму? Што я адарваўся ад гэтага чалавека — ад Кідалы. Сорамна прызнацца, але я баяўся яго. I ненавідзеў. I гэта, разумееш, як было цяжка?.. Гэта блытала мае пачуцці. А я хачу, каб у ix была поўная яснасць… Вораг ёсць вораг, i ўся мая нянавісць павінна скіравацца туды. — Ён махнуў на той бок заліва. — А чалавек, які ca мной разам страляе па ворагу, наш чалавек, яго я павінен… абавязаны любіць… ну, паважаць хаця б, верыць яму… А я баяўся яго i ненавідзеў, хадзіў i азіраўся… Чорт ведае, якая неразбярыха была тут. — Ён пакруціў кулакамі каля сваіх грудзей. — А цяпер супакоілася, проста i ясна стала. Я дагэтуль ні да кога не адчуваў нянавісці. Я любіў людзей. Мой бацька быў i маці вялікія гуманісты. Тата сам паехаў на ліквідацыю эпідэміі тыфусу i заразіўся там…