Шрифт:
I раптам усё паляцела да д'ябла. Пачалося з крыку разведчыка:
— Самалёты над чацвёртым!
Некалькі «Ю-87» зайшлі з усходу i знянацку атакавалі батарэю. Яны спікіравалі з дзікім свістам; пасля мы даведаліся, што разам з бомбамі фашысты кідалі рэйкі i пустыя бочкі, каб нагнаць больш панікі. Адна бомба разарвалася зусім блізка, нас абдало гарачым паветрам i абсыпала зямлёй. Стральба з прыборам разладзілася. Праз выбухі, стракатанне кулямётаў, крыкі я пачуў каманду Сеўчанкі:
— Прамой наводкай!
Я паўтарыў яе для свайго разліку:
— Па самалёту — прамой!..
Але Муха, аглушаны, спалоханы, падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў i куль, згорбіўся i не рэагаваў на каманду.
Я схапіў яго за плечы:
— Прамой! Муха! — I вылаяўся, злосна, груба, як, бадай, не лаяўся ніколі ў жыцці.
Але Муха ў адказ яшчэ больш згорбіўся i ўтуліў галаву ў плечы, бо ў гэты момант зноў над намі завыў пікіроўшчык. Я глянуў угору i, як у першым баі, убачыў чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Быццам хваляй ад выбуху, ударыла ў сэрца, у галаву нянавісць, лютая злосць на гэтыя крыжы, а потым — на Муху. Я рвануў яго з сядзення i шыбнуў на снарадныя скрынкі, а сам уміг апынуўся на месцы наводчыка, адразу злавіў самалёт, падвёў пад скрыжаванне нітак у оптыцы.
— Цэль злоўлена! Агонь!
Малайчына Астахаў! Стрэл грымнуў без затрымкі. Другі — так хутка за першым, што я, аслеплены ўспышкай, не ўправіўся зноў злавіць цэль.
— Зараджаючы! Каманду!..
I Астахаў, гэты спакойны i разважлівы каваль, пачуў мае словы i зразумеў ix сэнс, хоць у гэты момант зноў недзе блізка рваліся бомбы i над нашымі галовамі ляцелі снарады сусед няй гарматы.
— Цэль… А-а-онь! — не зусім па правілах камандаваў я.
Але Астахаў добра разумеў: «цэль» — зараджай, «онь» —
страляй. I раптам бачу, што пад самалётам, які я вёў у аптычным прыцэле, шуганула полымя, мусіць, выбухнуў бензабак, i ахутаная дымам машына, нязграбна i цяжка куляючыся ў паветры, грымнулася на суседнюю сопку.
Праз павелічальнае шкло я глядзеў, як ірваўся i гарэў той, хто нёс нам смерць. Вось табе! Мы жывыя, мы будзем жыць! А ты згарыш, сатлееш, i нават маці твая, нават дзет не будуць ведаць, дзе ты пахаваны, бо не будзе ў цябе магілы на чужой зямлі. Безумоўна, так я не думаў тады, так думаю цяпер, калі запісваю падзеі таго дня. Але помню, добра помню, што грудзі мае распірала, ажно цяжка было дыхаць, нейкае новае, нязвыклае i вельмі магутнае пачуццё.
Нехта крыкнуў «ура!». Мне не хацелася крычаць. Не было слоў, каб выказаць тое пачуццё, бо яно было мацней за любыя словы. Кал i казаць проста, то гэта была радасць — радасць першай перамогі, радасць адчування сваёй сілы. Але разам з тым было i яшчэ нешта: магчыма, канчатковая перамога над сваім страхам, магчыма, упэўненасць у сваіх камандзірскіх здольнасцях ці тое i другое адначасова, а можа, нешта зусім іншае.
Я не адразу ўспомніў настаўленне: збіў адну цэль — лаві другую. Хоць, відаць, мае любаванне збітым самалётам працягвалася нейкую секунду-дзве, не больш. Аднак калі я схамянуўся i пачаў шукаць новыя цэлі, то ўбачыў, што яны далека за залівам. Там ішоў паветраны бой. Угары, як у каруселі, кружыліся знішчальнікі.
A ўнізе, над самай зямлёй, ужо не баявым строем, як ішлі сюды, а па адным, уроссып, як зладзеі, уцякалі бамбардзіроўшчыкі. Так, было такое ўражанне, што яны ўцякаюць, i ад гэтага таксама стала радасна.
Я ўсё яшчэ шукаў цэль, калі нехта схапіў мяне за плячо.
— Адбой, камандзір, — пачуў я голас Астахава.
Я азірнуўся i ўбачыў Муху. Ён сядзеў на зямлі, паміж скрынкамі, трымаўся за шчаку; твар яго, рукі былі выпачканы крывёй. Я кінуўся да свайго намесніка:
— Вы ранены?
У адказ ён загаласіў, зашыпеў, запырскаў слінай:
— Ранены? Вы… вы… забілі! Фельдфебель!.. Дзяржыморда!.. Гэта табе не фашысцкая армія! Вось пайду пакажу камбату!..
Я нічога не мог зразумець i стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць. Муха падхапіўся, яшчэ больш размазаў на твары кроў i хацеў быў выйсці з катлавана. Ды раптам, надзіва мне, Астахаў схапіў яго загрудкі i добра трасянуў.
— Ты, панчоха бабская! Ты на каго скардзіцца ідзеш? Ды я цябе распішу горш, як Бог чарапаху! Хоць ідзі! Ідзі! — Ён папіхнуў яго. — Скардзіся, сволач! Трус няшчасны! Ты ж трус. Ты ж не лавіў цэль, a хаваў пад оптыку галаву, як той заяц… Цябе ж па законах ваеннага часу пад расстрэл трэба… I я першы скажу… Ідзі!
Астахаў штурхнуў Муху яшчэ раз. Але ў таго знікла жаданне ісці скардзіцца, ён адступіў назад у катлаван, баязліва агрызаючыся:
— Не брашы! Я сумяшчаў… Можа, я не пачуў каманды, мяне аглушыла… Аён… ён паказаць сябе захацеў… Геро-ой!
Падскочыў маленькі Чарняк, бліснуўшы сваімі дзявочымі зубамі.
— Маніш, Муха! Камандзір тройчы паўтараў каманду! Усе чулі!
— Вытры яму соплі, Ваня, — насмешліва параіў Астахаў.— Няхай не размазвае па твары.
Нарэшце я здагадаўся, што здарылася: кал i я шыбануў наводчыка з сядзення, ён ударыўся аб снарадную скрынку i разбіў шчаку. Я не меў на яго ні злосці, ні крыўды, бо добра помніў свой уласны страх. Але я ўбачыў, што разлік прызнаў мяне: байцам спадабаліся мая рашучасць i смеласдь. Аказваецца, я магу быць смелым. Няхай жа жыве мая смеласць! Я зразумеў, тая акалічнасць, што ў «баі» паміж Мухам i Астахавым я стаю ўбаку, не на карысць мне. Трэба i тут праявіць рашучасць.