Вход/Регистрация
Шляхам жыцьця
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

3-і падарожны.

А праўду, праўду сват гавора, Мы тое скажам усе тры: Куды ідзеш? Дзе быў учора? Што ты за штука?

Усе тры.

Гавары!

Незнаёмы.

На рукі гляньце з мазалямі, Грудзям прыгледзьцеся худым, І кій, і торба за плячамі Найлепей скажуць аб усім. З гразёй не будзеце мешаці, Далей адпусціце ісці… І вас чакаюць дзеткі ў хаце І вы бяспутнікі ў жыцці! Вось, лепш асвецім гэту кнею — Святлку з нас пэўна ўсякі рад… Я гаварыці казкі ўмею, І песень так жа ўмею шмат.

1-ы падарожны.

Як бачым, ты глядзіш іначай.

2-і падарожны.

Відаць, не злодзеевы род.

3-і падарожны.

А хто б падумай? Так прастачы І твой убор, і твой паглёд!

1-ы падарожны.

І казкі ўмее, і за песняй Відаць не пойдзе ў кішэню.

2-і падарожны.

Адно бяда — што, хоць ты трэсні, Не можам выкрасіць агню!

Незнаёмы.

Усё, усё мець зараз будзем: Заўсёды ё ў мяне святло, І з ім мы тут не замарудзім Лясным падсуседзям назло.

(Запаліваючы лом).

Гары, гары, ламок, агніста! Вы, братцы, сядзьце у кружок, І да зары да залацістай Нас будзе слухаць саснячок. Адкуль — ці песняю, ці казкай Начаць вам думкі весяліць?

3-і падарожны.

А ўжо, калі там ваша ласка, То й песню можна закаціць.

1-ы падарожны.

А после скажаш, дабрадзею, Хто ты, адкуль, куды ідзеш? Цаніць людзей і мы умеем, Хоць маем гэткім што раз менш.

Незнаёмы.

Ну вось і слаўна! Што больш трэба? — Агонь, суседзяў грамада; Навокал лес, над лесам неба, А там — і зорак чарада. Люблю я гэткія прыцуды! Тут чалавек, як чалавек; За думкай думка мкнецца ўсюды, Сон не чапляецца павек.

(Пяе)

Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з волей і долей не бачыўся: Сонны сэрцам, душой Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Аж вось чуе Лявон Са ўсіх клікі старон, Што ён дурань, жыве па быдлячаму, Дый сам тут зразумеў, Што дум светлых не меў, Што падобен быў дрэву хадзячаму. Зварухнуўся Лявон, Як вада, як агонь, Пазнаў сілу ў сабе небывалую; Ўжо бяда — не бяда, Ўжо нуда — не нуда, Запеў песні свае разудалыя. Зямля стогне, дрыжыць, Як пяе, як крыцыць, Як прасвету сабе дамагаецца, Аж ад песень такіх Страх напаў на другіх, І вось чорная моц падымаецца. І пайшло ўсё ўверх дном. Свісты, енкі кругом, Груганы на дабычу злятаюцца: Шчасце даць бедаку Не ўсім шло на руку, — Не ў руку, што Лявон прачухаецца. Дарма сілен Лявон І адважны так ён, — На падмогу дарма ён надзеецца: Галава у баі Даў за праўду сваю, — Толькі памятка — насып віднеецца. Ляжыць, дрэмле Лявон, На грудзях вырас клён; Калі ж вецер на свеце расходзіцца, Шуміць шумна той клён: Яшчэ ўстане Лявон — Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!

(Перастаўшы пець).

Вось і канец вам песні-байцы, Ці ў ёй панятна толькі ўсё?.. Калі не так што — выбачайце, Даконьча ваша вас жыццё.

1-ы падарожны.

О, песню важную такую Не пойме толькі гліны ком… Цяпер няхай жа мы пачуем Штось трохі аб жыцці тваём.

2-і падарожны.

А я крыху галля падбаўлю.

3-і падарожны, (да другога).

Я памагу табе крыху.

1-ы падарожны.

Аброці коням я папраўлю.

(Адходзяць усе тры).

Незнаёмы, (ўслед падарожным).

Я адпачну на маху.

(Адзін).

О, люд мой лапатны, патульны, За што цябе я так люблю? За што твой гоман неразгульны І думкі ўсе твае лаўлю? Ты лёг мне каменем на сэрцы, Які не ў сілах зваліць я… Што тут пачаці ў паняверцы? Жыві ў жыцці і без жыцця. Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе — То косць, то камень, то бадыль; У брата станеш на парозе, А ён табе… О Божа, крый!.. Нясі ў мяцеліцы, ў разводдзі, Свайго цярпення нясі крыж. Калі ж праглянеш ты, народзе, — Арліным лётамі узляціш? Пасцель пуховую пасцеліш Сваім замучаным дзяцям, Нясмелых песняю асмеліш, Якой сягоння бедзен сам?.. Як страшна збуджаным хадзіці Між наспаў, зломаных крыжоў! У мокры пень агонь красіці, Склікаць аплачаных дружкоў… Так цяжка, цяжка, дзе не глянеш, Красою крыўды хоць касі! Калі ж, народзе, ты устанеш І сонцу голас падасі?

Падарожныя, (падходзячы).

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…

Незнаёмы.

Цяпер зноў сядзем… ну, і што ж? Ага! гістор'ю нашу зладзім, — Адточым востра ўсё, як нож; А можа трапім ею ў грудзі, У грудзі з дзерава людзей…

Падарожныя.

Што ты?! Ці ж мы такія людзі? Жартуеш хіба, дабрадзей!
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: