Вход/Регистрация
Шляхам жыцьця
вернуться

Купала Янка

Шрифт:
А ўжо ж, ганяюць не здарма!

3-і падарожны.

І песню так пяе працяжна!..

1-ы падарожны.

Душу, здаецца, рве яна.

2-і падарожны.

А ці ты помніш усю чыста?

1-ы падарожны.

Пачатак помню я увесь.

2-і падарожны.

А я сяродак галасісты.

3-і падарожны.

А мне канец у вушы ўлез.

(Расходзяцца, напяваючы):

Жыў на свеце Лявон, Молад дужы быў ён, Толькі з волей і долей не бачыўся…

VII. Перэклады с польскага

С Конрада Вальленрода — А. Міцкевіч

Сто лет мінала Крыжацкай навале, Як кроў с паўночных смактала паганаў. Прусы ўжо шыі ў ваковы згіналі, Або ўцекалі з радзімых палянаў; Немец за ўцёкшым пускаўся ў дагонкі, Нішчыў да самай літоўскай старонкі. Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман: З аднаго боку льсьняць стрэхі сьвятыняў, I лесу — схову багоў—чуваць гоман; З другога—ўбіты на ўзгорку пустыні Крыж, знак нямецкі, рад к небу сягнуці, Грозна пільнуе літоўскіх загонаў, Як-бы ўсю чыста зямлю Палемона Хацеў-бы зьверху здушыць, загарнуці. Гэтта літоўскай семья маладзежы Ў шапках бабровых, ў сьвітках мядзьвежых, З лукам праз плечы, с стрэламі пры боку Снуе і сочыць за Немцам здалёку; А там — нескратна, ў збраенні каваным Немец сядзіць на кані аседланым, К землям уставіў незабраным вочы, Стрэльбу набіў і ружанцам ляскочэ. Пільнуюць тые і гэтые броду. Так Нёман з даўнай гасьціннасьці рупны, Сялібы лучучы братніх народаў, Стаўся граніцай для ўсіх недаступнай, I той мог толькі прайці яе сьмела, Каму на волі жыцьцё надаела. Адно галінка літоўскага хмелю, Наджана тофілю прускага красай, Пнецца па вербах і цінавым зельлю, К любаму пнецца, як з даўнага часу: Сьлед кіне ў рэчцэ вяночкам нявілым, I на чужыне ўжо лучыцца з мілым. Ды салавейкі пад Коўнай з дубровы Са сваякамі гары запушчанскай Свае літоўскіе баюць размовы, Дзелюцца спольна і дружбай, і ласкай, Як бы граніцы незнаючы новай. А людзі?.. Людзі ўпіліся бітвою; Даўная Прусаў з Літвою зажыласьць Пашла ў непамяць; падчас толькі міласьць I людзей годзіць… Я знаў людзей двое… Гэй, Нёман! Хутка к тваім сумным водам Рынуць навалы нясьці зністажэнне, I ў бераг, з вечных галоцючы ценяў, Тапор чужынца бязлітасна ўесца; Стрэл салавейкаў разгоне ў гародах. Што быту лепшаго выснуюць сплёты, Парве ўсё чыста ненавісьць народаў, Парве ўсё чыста… Каханкаў-жэ сэрцы Злучацца ў песьнях ізноў Вайдэлёты.

Трох Будрысаў — А. Міцкевіч

Стары Будрыс трох сынаў, як сам, ёмкіх літвінаў На дзядзінец заве і гаворэ: Коні с пашы вядзеце; зброю, сёдлы браць с клеці! А спраўляцца мне жвава і скора. З Вільні вестку мне далі, што ўжо там наказалі Тры вайны на тры сьвета староны: Вольгерд рускіх біць едзе, Скіргел — ляхаў-суседзеў, А князь Кейстут заграбіць Тэўтоны. Дзяцюкі вы ня зломкі, для радзімай старонкі На вайне пашукайце ўспамогі… Ня йду сёлета з вамі,—знаю — трапіце самі; Трох вас ёсьць і тры ёсьць вам дарогі. Вось адзін хай пасьпее за Альгердам ў Рассею Па-над Ільмень, пад мур Навагроду; Там — саболі і лісы, і злацістые місы, І ў баяраў там грошы — як лёду. Едзь другі да Кейстута, а ўвіхайся там крута, Крыжакам дай, як сьледна, па пятах; Меруць там на асьміны брыліянты, бурштыны, Дарагіх шмат ксяндзоўскіх арнатаў. Скіргел с трэцім памчыцца там, дзе Вісла бурліцца; Беднату там убачыш ліхую, Але возьмеш за тое узбраенне стальное, I мне стуль прывязеш сынавую. Бо дзе я ня быў толькі, спадабаў адны Полькі,— Так панадны мне стан іх дзявочы, Твар іх бела-ружовы, як смоль — чорные бровы, Як дзьве зоркі, так сьвецюцца вочы. Маладым чэлавекам, я стуль быў прад паўвекам Сабе вывез палячку за жонку; Хоць яна ўжо ў магіле, я ўбываю на сіле, А ўсё-ж міла гляджу ў ту старонку. Даўшы так асьцярогу, блаславіў на дарогу; Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі. Сходзе восень, зіма йдзе, сыны ўсё там — вайна дзе; Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі. Па сьняжыстай дарожцэ, мчыцца ў зброі хтось к вёсцэ, А пад буркаю нешта хавае: Кубел — гэта, знаць, — ноша, а ў ім рускіе грошы… Не!.. Палячка — твая сынавая. Па сьняжыстай дарожцэ мчыцца ў зброі хтось к вёсцэ, А пад буркаю нешта хавае: Мусіць с Прусаў, мой сыну, цягнеш кубел бурштыну… Не!.. Палячка — твая сынавая. Па сьняжыстай дарожцэ трэці нехта прэ к вёсцэ, А пад буркай вяліка дабыча. Будрыс — што? — не пытае, толькі госьці склікае, На вясельле іх трэцяе клічэ.

Пані Твардоўская — А. Міцкевіч

Пьюць, ядуць і люлькі смалюць, Таўкатня ўкруг і сваволя, Ледзь карчмы тэй не развалюць… Хі-хі, ха-ха, гэй-жэ, го-ля! На канцы стала Твардоўскі Сеў, патпёрся, выпнуў бруха, I крычыць на чым сьвет боскі, I усяк туманіць юха. Салдату, ўдаваў што зуха, Ўсіх ён лае, разганяе,— Сьвіснуў шабляй каля вуха, Ужо с салдата зайца мае. Старшыне, што місу з мясам Паражніў з вялікім смакам, Пырснуў квасам і тым часам Старшыню зрабіў сабакам. Пстрык! шаўца у нос кароткі, Тры да лба прыткнуў краночкі, Цмокнуў цмок, і гданьскай водкі Сы лба вытачыў паўбочкі. Тут, як водку піў с келіха, У келіху сьвіст зрабіўся; Глядзь на дно — Гэй, што за ліха! Ты чаго, кум, сюды ўбіўся? На дне ў чарцэ бачыць — чорцік: Чысты немец, знае ўвагу; Пакланіўся і, як хорцік, На падлогу дае цягу. Скочыў, вырас на два локці, Нос, як гачык — знаць, што не-людзь, I савіные пазногці На худых нагах віднеюць. «А! Твардоўскі… як дуж, браце?!» Так гаворэ і падходзе: «Ці-ж ня хочэш нат пазнаці Мафістофаля, дабродзей? Там, пад Лысаю-Гарою, Што душу нам атступаеш, Патпісаўся ты крывёю, А цяпер і ані дбаеш! Надало-ж табе забыцца, Што, як два мінуць гадочкі, Меўся ў Рыме ты явіцца, Каб цябе ўзяць за грахочкі. Ўжо сыходзе год і сёмы, I кантракт далей ня служэ, А за чары, ой, даўно мы Жджом цябе у пекле, дружэ. Але хоць чэкаў я леты, Помста ўрэшці даканана: Рым завецца шынок гэты… Кладу арышт на васпана». Даць хацеў Твардоўскі цягу На сказ гэтакі чартовы, Але той злавіў за дзягу: «А дзе, кажэ, гонар слова?» Што рабіць? чэрта насьпела, Схопе ў пекла тут, і годзе. Дый Твардоўскі знае дзела, I таму мазгі заводзе. «Гэй, ты, чорце! глянуць зволь-ка У кантракт, дзе пункты ўвідзіш, Што як лет мінецца столька, Па маю душу як прыдзеш,— Буду права мець тры разы Запрагчы цябе ў работу,— Ты-ж найгоршые прыказы Мусіш споўніць што да-ёты. Глянь, над карчмай малеванне: Конь грывясты, хвост, як вехаць; Тут жывым нехай ён стане, Мушу я на ём праехаць. Біч с пяску скруці мне, бесе, Каб каня меў чым пагнаці; Хором выбудўй у лесе, Каб было дзе папасаці. Зруб стаўляй з зернят арэху, Прыкажы знасіць іх раку, Жыда пэйсамі лаць стрэху, Места гонт — крый зернем маку. Глянь, цьвячок такі прымерна: Ў цаль — таўсты, даўгі—тры цалі; Бі у кожна маку зерна Па тры гэткіе ганталі». Мафістофель духам скочэ, Каня корме, пое, чысьце, Біч даўгі са жвіру точэ, А ўсё жыва і агнісьце. Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы, Ўзяў за повад, кон здаровы, Знай, трымайся што ёсьць сілы, Аж тут зірк: палац гатовы. «Так, так! выйграў, пане бісе; Ды работа жджэ другая: Ты скупайся ў гэтай місе— Толькі ў ёй вода сьвятая». Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся, Пот яго сьцюдзёны крые; Усё-ж, пан кажэ — слуга мусе, Чорт скупаўся аж па шыю. Потым выскачыў, як з жару, I Твардоўскаго зноў страшэ: «Я цяжкую вынес кару, Але й ты у моцы нашай». «Раз ешчэ—і будзе квіта— Па кантракту ёсьць нагонка… Глянь, вун баба каля сіта, Гэта, чорце, мая жонка. Я на год у Вэльзабуба За цябе жыць астануся, А праз той час мая люба Жыць с табой, як з мужэм, мусе. Службу, любасьць, шанаванне Хай ёй вашэ прысягае, Зломіш хоць адно заданне— Уся умова прападае». Што той кажэ, чорт пільнуе, Вокам кідае на самку, Быццам бачыць, быццам чуе, І збліжаецца пад клямку. А Твардоўскі пры ім сучэ, Быццам гнецца, а ўсё бачэ; Скочыў дзюркай чорт ат ключа, I дагэтуль недзе скачэ.

Ў дагонку — А. Міцкевіч

С-пад прысад агарода бледны ўбег ваевода У палац свой са злосьцю й трывогай; Дзе ў бакоўку дзьвер — стануў, у пасьцель жонкі глянуў, Глянуў там і не ўбачыў нікога. У дол патупіўшы вочы, ўвесь дрыжыць, штось мармочэ, Вусы тузае, думае дзіка; Адышоў ат пасьцелі, жутка зрэнкамі стрэліў, Казакй ту-ж Навума паклікаў. Гэй, казачэ, ты, хаме! Што у садзе пры браме Ні сабакі німа, ані стражы?! Браць мне торбу барсучу і янчарку гайдучу, С цьвека стрэльбу цягні мне ураз-жэ! Ўзялі броню—і ходу!.. Патцякліся к гароду, Дзе шпалеры альтану абселі… На дзярновым пасадзе штось бялее у садзе: Там сядзела кабеціна ў белі. Броўкі ручкай адною закрывала касою, Грудзі крыла рубком кашуліны, А другою — памалу ат сябе атпіхала Што ў калень яе кленьчыў, мужчыну. Той прыпаўшы к каленням гаварыў ей с цярпеннем: Дык усё, што было, ўжо далёка… I твае уздыхання, і тваё прывітанне Аткупіў ваевода гатоўкай. Я, хоць верным быў гэтак табе столькі ўжо летак, I любіць, і цярпець мушу здаля, А ён с сэрцэм каменным бразнуў золатам зменным,— Ты яму прадалася без жалю. Ён што вечара будзе песьціць белые грудзі, С табой цешыцца ў пуху лебяжым; Намаю на загубу цалаваць шчочкі, губы Твае будзе цалункам уражым. Я на коніку верным гэтым полем бязмерным Мкну сюды, за мной — холад і слоты, Мкну вітаці ўздыханнем і ад’ехаць з жаданнем: Добрай ночкі і доўгай пяшчоты. Ўсё яна йшчэ, як глуха; ён ей шэпчэ на вуха Тые жальбы, ці новы закляцьця; Аж прымлеўшы, без сілы ручкай грудзі аткрыла I ў яго патанула абняцьце. Ваевода с слугою сталі ту-ж пад вярбою, I з-за пояса бралі набоі,— Атсекалі зубамі, прыбівалі штымплямі Жмені пораху й шроту удвое. Пане! — так казак клічэ, — нейкі чорт мною смычэ; Не магу я застрэліць той дзеўкі: Як свой курак адводзіў, я ўздрыгнуў, бы на лёдзе, І зьляцела сьлеза да панэўкі. Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць, я наўчу цябе плакаць… На, тут с порахам гданскім сакеўку; Усып патпалу а жыва, ногцем шчысьці красіва, Ды ў свой лоб стрэль, ці ў гэтую дзеўку. Ў права… выжэй… памалу… жджы майго самапалу: Жаніха перш зьмяту на заўсёды!.. Ўзьвёў казак курак, сцэліў, не чэкаючы, стрэліў, I ўгадзіў ў самы лоб ваеводы.

Тры дарогі — М. Конопніцкая

Ідуць тры сьцежкі с хаты На долю і нядолю: Ідзе адна, дзе пану Людцы пахаюць поле; На лева ад хаціны Ідзе ў карчму другая, А трэцяя — к магілкам, Дзе брат наш спачывае… Ад цяжкай працы, поту Адна расіцай сьвеціць; Хто па другой праходзе, — З бацькоў сьмяюцца дзеці; Палын расьце на трэцей, I наспы выжэй, ніжэй, I плачэ там бярозка, I крыж стаіць на крыжу… Па сьцежках гэтых ходзяць У лапцях нашы людзі. Гэй! хто ім сьцежку ўскажэ, Што весьці к шчасьцю будзе?..

Варажбітка — М. Конопніцкая

Вецер коціцца па полю, Жытні колас гнецца прытка; Гэй, цыганка-варажбітка, Варажы мне маю долю. Варажы яе с чырвонай Зоркі, што пад хатай льсьніцца, С таго шуму, што так мчыцца Ад дубровы ад зялёнай. Варажы з рукі яе мне, З рукі правай, мазалістай, I с крынічкі таей чыстай, Што бурліць так па каменню. Варажы мне добрым словам С тэй вясёлкі многакветнай, I с тэй кнігі, с тэй прасьветнай, Што аб шчасьці кажэ новым. …Тваей долі німа ў кнізе, Ні у вадзіцы, ні на небе, Толькі ў чорным тваім хлебе, Толькі ў світцэ, рванай рызе. Ні на зорку залатую, Ні с крыніцы шумнай чыстай, А з рукі тэй мазалістай Мужыку тут варажу я. Ой, ты будзеш, будзеш панам, Ні то князям, ні гэтманам: Тваё царства ўецца кругам, Дзе ня пройдзеш толькі плугам. Бачэн будзеш ты ў чырвені, Што с крывавым потам льецца, I ў тым золаце — прамені, Што ад коскі адабьецца. Скарб ты выарыш багаты З нівы гэтай зааранай: I таляры, і дукаты, Толькі-ж не сабе, а пану. А шлюб возьмеш ты с царыцай, Што жыццё усё с табою Не захочэ разлучыцца… Ой, возьмеш ты шлюб з бядою. Днём нашле сон, ночкай збудзе, Сцерагчы будзе парога; Ані з ёй табе у людзі, Ані з ёй табе да Бога! Як вясною ўсходзюць кветкі, Падымаюіца хмурліва,— Укалышэ твае дзеткі Песьней голаду сьлязлівай. Жджэ цябе дарога з ёю, Ў доўж і ў шыр саўсім малая, А ў зямлю глыбей за тое, А ў гару — аж зор хватае. Па ёй будуць цябе весьці Твае волікі сівые I званы аж вежай трэсьці На магілкі на старые.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: