Наварыч Алесь
Шрифт:
«Саромеецца яна мяне, ці што? — круцілася ў галаве ў хлопца. — Вочы нейкія… бездапаможныя».
— Ты, Лена, куды збіраешся паступаць? — спытаўся ўрэшце хлопец.
— Мне яшчэ рана пра гэта думаць, — зіркнула на Паўла дзяўчына і адвяла вочы. — Яшчэ дзевяты, потым дзесяты клас…
— Самы час засяродзіцца на пэўных прадметах, — з ментарскай інтанацыяй вымавіў Павел. — Трэба ж, урэшце, мець мэту ў жыцці. Каб дасягаць яе.
Лена прамаўчала і толькі ў каторы раз ўздыхнула. Ішлі і зноў маўчалі. Маўчалі датуль, пакуль не паказаліся будынкі станцыі.
— А ты… калі прыедзеш? — спыталася Лена.
— Прыеду. Пасля будатрада на бульбу не забіраюць… — адказаў хлопец і зацікаўлена зірнуў на дзяўчыну.
Пакінуўшы Лену каля рэчаў у прыстанцыйным кветніку, Павел схадзіў па білет. Вярнуўшыся, ён з фальшывай весялосцю сказаў:
— У нас цэлыя паўгадзіны. Чаго ты кіслая? Зайздросціш, што я еду? Гэта я вам зайздрошчу — вам застаецца загадка манаха.
— Пры чым тут манах? — Лена вомільгам зірнула на Паўла, зноў апусціла, нібы пакрыўджаная, вочы.
— Прысядзем на дарожку, — прапанаваў Павел.
Жываплот акружаў лавачкі ў гародчыку, пасярод якога расла плакучая вярба. Яна ўжо даўно расла, зрабілася тоўстая ў камлі, угусцела ў вершаліне так, што глушыла кветкі. Доўгія гнуткія галіны навісалі над дарожкай, пасыпанай жвірам, і цёплы жнівеньскі вецер звіваў і развіваў іх.
— Нібы косы ў русалкі… — заўважыла Лена.
— Ты сама як русалка. Толькі малая яшчэ…
— Вы ўсе так кажаце: малая. Нават Пятрук. Але я вырасту… Вось пабачыце.
У голасе дзяўчыны чулася крыўда.
— Я чытаў этнаграфію, навука такая, пра звычаі і культуру нашых продкаў, — важна сказаў Павел. — Нашы дзяды ўяўлялі, што русалкі зімуюць ведаеш дзе? У вербах! Летам яны жывуць у рэчках, а на зіму перабіраюцца ў вербы. А што гэта ў цябе на руцэ?
— Драпіна, учора за нейкі дрот зачапілася…
Павел узяў дзяўчыну за руку, правёў па чырвоным пісягу. Адчуў, нібы нейкі ток прайшоў ад яе рукі па ўсім ягоным целе.
Дзяўчына адняла руку, ажывілася:
— А я аднойчы прыдумала… — Яна непрыгожа прымружыла вочы. Гэтае яе прымружванне не падабалася Паўлу. Лена тады выглядала зусім як дзіця.
— Я прыдумала, але гэта фантазія, што дрэвы маюць свае гадавыя кольцы, так? І ў іхных кольцах хаваюцца душы памерлых людзей… А калі дрэва зразаюць, то душы разлятаюцца…
— І што?
Дзяўчына аж уздрыгнула ад рэзкасці пытання.
— Ты, Ленка, не зусім арыгінальная, — пачаў рэзанёрстваваць Павел. — Я пра гэта таксама чытаў.
Аб’явілі прыход цягніка. На пероне забегалі людзі, Павел і Лена падняліся з лаўкі.
— Цалавацца на развітанне будзем? — пажартаваў Павел. На ягонае здзіўленне дзяўчынка прыхілілася да яго і цмокнула ў шчаку. І адразу схавала вочы. У Лены непрыгожа тырчэлі вушы з-пад валасоў, але ад яе невялікай постаці сыходзіла такая адданасць, такое замілаванне, што хацелася прыціснуць яе да сябе і расцалаваць.
«Потым скажуць, што цалаваўся з братавай дзяўчынай. Не!» — падумаў ён, паціснуў Ленцы руку, узваліў сумку на плячо, і яны выйшлі з-за агароджы станцыйнага кветніка.
Потым у Паўла з галавы не выходзілі паводзіны Лены. Аж да самых Ляхавіч пацалунак грэў шчаку. Адчуваў прыемнасць і адначасова сорам, што пра гэта даведаецца Пятро.
«Такая дзяўчынка Пецьку дасталася… — круцілася думка. — А што вось яна мае да мяне? Ат, знайшоў праблему. Вунь колькі дзяўчат села ў Баранавічах. Выбірай на любы густ».
Студэнт стаў глядзець у акно цягніка, але ў каторы раз думкі яго вярталіся да сарамлівай вясковай дзяўчынкі.
Кожны год за тыдзень да пачатку заняткаў настаўнікі праводзілі так званы куставы жнівеньскі семінар. Выкладчыкі літаратуры з’язджаліся ў адну школу падзяліцца метадычным і педагагічным вопытам, сустрэць старых знаёмых, папіць чаю, нагаварыцца з аднадумцамі на цэлы год наперад.
Настаўніца Фаіна Барвінкова больш чым хто любіла такія семінары, бо мела тады магчымасць пачытаць перад настаўнікамі свае лірычныя вершы. Яна не прэтэндавала на найменне паэткі, бо паэткі атабарваліся ў сталіцы, выпускалі зборнікі патрыятычнай і публіцыстычнай лірыкі, раз’язджалі па правінцыях з агітбрыгадамі, а яна змушана цягнуць настаўніцкую лямку: правяраць сшыткі, ставіць двойкі, выклікаць бацькоў, пясочыць неслухаў. Якая з яе паэтка?
Калі былі прачытаны і абмеркаваны даклады і рэфераты, выкладчыкаў запрасілі ў настаўніцкую. Закіпеў электрычны чайнік, пацяклі шчырыя размовы, але неяк усе яны збіваліся на адну тэму — што здарылася ў тутэйшай вёсцы? Раён перапоўнены неверагоднымі чуткамі пра нейкага манаха.