Вход/Регистрация
Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
вернуться

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Раскажыце, Фаіна Аўдзееўна, — прасілі настаўнікі Барвінкову, — вы ж тутэйшая. Кажуць, што з тарфяніка выкапалі калоду, а ў ёй знайшлі мумію?

Барвінкова аднеквалася, гаварыла, што нічога сама не бачыла, толькі чула ад дзяцей, а ў дзяцей вунь якая фантазія. Пра здарэнне трэба пытаць у Мікалая Лявонавіча, выкладчыка гісторыі, у яго на руках ёсць дакумент, які сведчыць, што падзеі мелі грунт.

— Ёсць-ёсць! — пацвердзіў Савіцкі, які сядзеў у настаўніцкай за сваім сталом. — Я акурат сёння і прыйшоў у школу, каб зрабіць важнае паведамленне. Але, прабачаю, неафіцыйна, у межах, гэтак бы мовіць, факультатыву. А то разумееце, ёсць начальства ў раёне, ёсць і большае начальства.

Гісторык дастаў з папкі ліст паперы, але Фаіна Аўдзееўна перабіла яго:

— Хвіліначку. Ведаеце, як толькі я пачула пра манаха-мумію, я сасніла цэлую легенду!

— Раскажыце, зрабіце ласку, — пачулася з усіх бакоў.

Барвінкова расказала, што бачыла ў сне манаха, які вядзе пошук храма. Манах выйшаў у дарогу мо пяцьсот гадоў назад, але мусіў праляжаць гэтыя вякі запакаваным у мёд у летаргічным сне. А калі ачуціўся, вярнулася прытомнасць, пайшоў шукаць храм. І дзе б ён ні хадзіў — паўсюль бачыў забітыя крыж-накрыж цэрквы, пабураныя касцёлы, пераўтвораныя ў свіраны і кароўнікі замкі і палацы. І таму манаху ў сне паэткі з’явіўся анёл, які сказаў: «Змірыся, інак, усё разбурана, ты не знойдзеш ніякага храма. Бо і маскавіты тут пабывалі — храм разбурылі, і французы прайшлі — канюшню ў храме зрабілі. Былі тут і немцы, яшчэ ў Першую сусветную вайну, і ў Другую таксама…»

— Што за… недакладнасць, Фаіна Аўдзееўна? Чаго маскавіты будуць бурыць праваслаўны храм? — адазваўся гісторык.

— Ну я так, да прыкладу, — чароўна пасміхаючыся, стала апраўдвацца настаўніца. — Тады, скажам, татары.

— Трэба ўдакладніць, якія, — зноў зрабіў заўвагу гісторык. — Бо гэта важна. Таму Беларусь Белай і назвалася, што не мела ханскага ўціску. Хіба што крымчакі…

— Не перашкаджайце! — пасуровела Фаіна Аўдзееўна. Калі трэба было, мяккая і добразычлівая жанчына з чароўнай знешнасцю магла праявіць характар. — Гэта мой сон, і ў сне можа здарыцца ўсё, што заўгодна. Нават рэчы, якія супярэчаць навуковай дакладнасці.

— Згодзен, згодзен, — сказаў гісторык, сярдуючы, што ў яго забіраюць увагу.

— З’явіўся манаху анёл, — прадоўжыла Барвінкова, — і кажа яму: «Ты змірыся, жыві з людзьмі, зжывіся з імі, жыві, як яны, прынось людзям карысць, не рабі ім клопату, забудзь пра мінулае. Галоўны храм — народ, ён застаўся».

— Як гэта: забудзь пра мінулае? — зноў запярэчыў гісторык.

— Не шукай храм, змірыся! — кажа анёл, — Барвінкова ўпарта працягвала расказваць свой сон. — Запомні: храм — гэта твой народ, храм — мова твайго народа, храм — дух твайго народа. І гэта лепшае, што можна зрабіць у дадзенай сітуацыі.

— Цяжкавата ўявіць анёла, які так і кажа: «можна зрабіць у дадзенай сітуацыі», — з’едліва прамовіў гісторык, але ў настаўніцкай ужо гучалі апладысменты ў адрас Фаіны Аўдзееўны.

— А я чуў вось што, — сказаў адзін з выкладчыкаў, весялун па характары, сваёй суседцы, але так, каб чулі ўсе. — Кажуць, што той манах-законнік захоўваўся, як цукат, у мёдзе, а значыць, быў салодкі, — настаўнік аж блішчэў ад смеху, які распіраў яго. — І ўсе тутэйшыя жанчыны пазбягаліся наскрэбсці з таго манаха мёду.

— Ніхто не збягаўся… — неадабральна паглядзеў на веселуна Мікалай Лявонавіч.

— Хто мёду, а хто і самога манаха, — са смехам выціснуў з сябе жартаўлівец, хоць ніхто не смяяўся. Бываюць такія мужчыны, якія ў кампаніі прыгожых жанчын, а ўсе настаўніцы беларускай мовы і літаратуры несумненна такія, пачынаюць вярзці лухту, нібыта сам чорт цягне іх за язык. Яны хочуць прыцягнуць да сябе ўвагу, але атрымліваецца з дакладнасцю наадварот. Словам, весялун зразумеў, што распусціў язык. І тады ён паспрабаваў выправіцца:

— Мясцовыя і даяркі, і паляводкі кінуліся да таго манаха. Усе ўмомант апанталіся каханнем. І адна толькі жанчына не гарэла да яго пачуццямі. І была гэта жонка… тутэйшага пасечніка. Бо ад мёду яе аж нудзіла.

— Ну, гэта несур’ёзна, — замахала рукамі на гаваруна Барвінкова. — Мая легенда з анёлам выклікае цікавасць да айчыннай гісторыі, абуджае патрыятычныя пачуцці, прывівае любоў да роднага слова. Акрамя таго, яна проста прыгажэйшая.

— Прыгажэйшая, — згадзіўся весялун. Пад позіркамі гэтулькіх прывабных жанчын ён вымушаны быў прызнаць сваё паражэнне.

Слова ўрэшце ўзяў Мікалай Лявонавіч.

— Дарагія сябры, перад вамі, — ён памахаў паперынай, — выдатны твор, узор сярэднявечнай грамадзянскай лірыкі, каштоўнейшая навуковая знаходка. Гэта пераварот і ў айчыннай гісторыі, і ў айчыннай літаратуры. У палімпсесце, які здабылі школьнікі, мае, скажу без ілжывай сарамлівасці, самыя таленавітыя вучні, адзін ужо нават студэнт універсітэта, ёсць невядомыя сучаснай навуцы факты. А мова, скажу вам, якая мова! Амаль сучасная! Тады, пяцьсот ці болей гадоў назад, жыў амаль што наш сучаснік, які думаў як мы, мысліў амаль сучаснымі катэгорыямі. Не верыце? Я вам дакажу!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: