Вход/Регистрация
Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
вернуться

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Ого! Не можа быць! — пачуліся воклічы настаўнікаў роднай літаратуры і роднай мовы. — Вы што? Няўжо сенсацыя?!

— Слухайце, — урачыста аб’явіў настаўнік. — Увага, калегі, прашу цішыні…

8

Гісторык расправіў плечы, схіліў галаву набок і з выглядам вучонага докі сказаў:

— Уласна, мы маем два тэксты… Першы тэкст, які напісаны паверх ранейшага, вычышчанага, — не ўяўляе для навукі нічога асабліва цікавага, зачытаю фрагмент: «…Много людей об том завешчали, што людзе и грошы побрали. Лепей было, пане Филипе, седзець табе ў Липе. Увалявся есь в великую славу, як свиння ў гразь, горш сталася, коли хто ўпадзе ў новым кожусе ў густое болото, у злому разуменю, у обмовах людзких и ў срамоти седзиць, як дзяцел у дупли…»

— Бачыце? Усё вядомае. Вось яшчэ кавалачак: «По многих книгах заблудився теперычны розум, яко коза па лесе. А на праўду святую ни од кога ока здорового нет. Одна баламутня…»

— Дык гэта ж вядомы хрэстаматыйны тэкст! — усклікнула адна маладая настаўніца, якая яшчэ не забылася таго, чаму яе вучылі ў інстытуце.

— Я ж і кажу, — развёў рукамі гісторык.

— Тады можна датаваць рукапіс! — заявіла дасведчаная настаўніца.

— Можна, — згадзіўся Мікалай Лявонавіч. — Але гэта верхні тэкст. А вось той тэкст, які ўдалося расчытаць пад тэкстам. Слухайце! — гісторык набраў у грудзі паветра, зрабіў на твары важную міну і прачытаў: «О, виват Табе, Адзинаму, Пяруне і Вялесе, Таму, хто пасылае нам вясну! Ты Той, хто праганяе снег и абуджае рэки, хто гониць сок па бярозавых жылах и пасылае сонечныя промни, каб зелянела рунь. Ты Той, каму радуюцца и птушки ў небе, и цьвяты ў поли, и рыбы ў рэках, и жабы ў лужынах. Ты, Пярун, яки мног есть, Ты заснаваў кросны свету…».

Гісторык змоўк і з выглядам рымскага трыумфатара паглядзеў на даволі збянтэжаныя твары настаўнікаў.

— Вы што? Не разумееце? Гэта ж падобна на творы Кірылы Тураўца! Твор сведчыць, што быў мосцік ад нашага славянскага політэізму да ідэі нашага ж славянскага монатэізму! «Пярун мног есть!» — хіба гэта не доказ гэтаму?

Настаўнікі паныла маўчалі. Мікалай Лявонавіч стаў чытаць яшчэ адзін фрагмент:

— «Дараги брат, я зразумеў радасную навину — Пярун ёсць наш Бог, — настаўнік падняў палец, — бо Пярун нам дадзены, и Пярун мног есть. Зельле ўсялякае сьмяецца! Бабры и андатры радуюцца цяплу, и буслы над дубамі клёкатам витаюць Бога, яки есць и Сотвар, и Дух, и Намашчэнец…»

— Ну, — зморшчыўся настаўнік-весялун. — Гэта хто такі — намашчэнец?

— Гэта, прабачце, Ісус Хрыстос, — патлумачыў Мікалай Лявонавіч. — Калегі, прашу хвіліначку цярпення. «Намашчэнец Укрыжаваны, и не Той, не бізантыцки, — настаўнік у каторы раз падняў палец, — бачыце, не візантыйскі! Гэта момант сінтэтычнасці ў рэлігіі, бо нашы продкі спалучалі свае вераванні з візантыйскім праваслаўем. Момант цярпення, калегі, апошні расчытаны фрагмент: «Намашчэнец Укрыжаваны Бог, и не тольки бизантыцки, але и наш Бог, Бог нашага люду, яки яго вярбою ганаруем, бо пальмы, як ты ведаеш, мой пински дружа, у нас не растуць…»

У гэты момант у вышыні неба бабахнуў самалёт, які пераходзіў гукавы бар’ер. Ды так гучна, што фрамуга акна аж падскочыла, а настаўніцы ўздрыгнулі ад нечаканасці.

— О! — адгукнуўся настаўнік-жартаўнік на гэта. — Знак зверху.

Усе засмяяліся і, палічыўшы, што «лекцыя» гісторыка скончана, падняліся, каб рызысціся.

— Ну як? — ужо ўслед ім спытаўся гісторык. Але ніхто не адважыўся на каментарыі. І толькі калі ўсе выйшлі, настаўніца біялогіі, якая не ўмешвалася ў гутарку філолагаў, а нешта пісала за сваім сталом, сказала:

— Дзе вы, Мікалай Лявонавіч, узялі гэтае крэмзанне? Сыны Андрэя Камара прынеслі?

— Крэмзанне? — перапытаў гісторык і гнеўна задыхаў.

— Там спамінаюцца бабры і андатры, так? — жанчына зняла акуляры і запакавала іх у футарал.

— Так, — хрыпла прамовіў гісторык.

— Дык вось, бабры на Беларусі жылі спаконвечна…

— Ага, — голас гісторыка паправіўся.

— А вось андатры, — настаўніца дастала акуляры з футарала і зноў начапіла іх, нібы гэта дадавала яе словам большай вагі. — А вось андатры, мой вы даражэнькі, з’явіліся на Беларусі ў дваццатым стагоддзі. Да гэтага часу яны спакойна грызлі траву ў канадскіх балотах. Вы, дарагі мой калега, дапускаеце, што тагачасны аўтар мог ведаць фауну Паўночнай Амерыкі?

Мікалай Лявонавіч скамянеў.

— Марыя Мікалаеўна, вы шмат ведаеце ў біялогіі, — нарэшце прамовіў настаўнік, — але нічога не разумееце ў пергаментах.

Вось так бясслаўна закончылася расчытка манускрыпта, прынесенага самымі «таленавітымі вучнямі». Пергамент аказаўся звычайнай падробкай. Але каму і навошта спатрэбілася насмяяцца з яго, настаўніка, Мікалай Лявонавіч мог толькі здагадвацца. Не Камаровы хлопцы, Павел і Пятро, былі завадатары. Быў, быў у Мікалая Лявонавіча Савіцкага даўні сябар па студэнцтве, які мог падлажыць яму такую вось свінню. І падлажыў. Звалі даўняга знаёмага Іван Іванавіч Закрэўскі. Ён якраз выкладаў ва універсітэце, дзе вучыўся Павел.

Дахаты Паўла Камара не адпусцілі — на верасень мусіў ехаць на практыку, якую студэнты, што не былі ў будатрадзе, праходзілі летам. З практыкі напісаў Пятру ліст, што, маўляў, хопіць, гульня зацягнулася, раскрывай карты, і так немаведама што нарабілі.

Адказ брата ўразіў Паўла. Той пісаў, што паколькі ён, Павел, заварыў гэтую кашу, яму яе і есці. Паведаміў таксама невясёлую навіну: яго, Пятра, пакінула Лена. Цяпер яна «ходзіць» з Міхасём. Апошні дзьмецца, не падае рукі. І была яшчэ адна вестка — пергамент прапаў. Мікалай Лявонавіч страшэнна заклапочаны. Ці робіць такі выгляд. З ягоных слоў, ён забыўся зачыніць акно, а пергамент ляжаў на стале, адкуль ён і знік. Пятро пісаў, што хутчэй за ўсё яго выкралі Лена з Міхасём.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: