Вход/Регистрация
Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
вернуться

Наварыч Алесь

Шрифт:

Павел пацёр лоб. Што яны будуць рабіць з пергаментам? Хоць ён не вялікая каштоўнасць, але яго трэба вярнуць загадчыку кафедры Івану Іванавічу Закрэўскаму. І што цяпер рабіць?

Пасля практыкі пачаліся напружаныя заняткі. Павел абмінаў Івана Іванавіча, стараўся не сустракацца з ім. Ён ездзіў дахаты, але ўсяго толькі на адзін дзень і ні з кім не сустракаўся — было сорамна.

Неяк Павел пасля цэлага дня ў бібліятэцы прыйшоў у інтэрнат і зваліўся на ложак — кроў ад стомленасці аж пульсавала ў галаве. Пераседзеў. Трэба расслабіцца… Стаў думаць пра родныя мясціны. Уяўленне любімых лажкоў, знаёмых з дзяцінства сцежак прыносіла задавальненне, уводзіла ў глыбокае расслабленне, поўны, што называецца, рэлакс. Найлепш уявіць сябе ў вадзе рэчкі, пасля абеду, калі вада цёплая. Нібыта ляжыш у гэткай вадзе, цёплай і цёмнай, як гарбата, і плывеш па цячэнні. Цела разнявольваецца, ты ведаеш у рэчцы кожную яміну, кожны паварот, кожны корч, табе нічога не пагражае. Ты гаспадар гэтых пляжыкаў з самым гарачым пяском і наймякчэйшых муражкоў па берагах. Цела ўпіваецца шчасцем, раскашуе…

Раптам нешта стукнула Паўла, так штурханула, што яго ажно падкінула на інтэрнатаўскім ложку. Нікога! Што такое? Хто штурхануў? І адчуў, што яго ахапіла непрыемнае адчуванне, цела зрабілася нібыта не сваім. Што гэта з ім робіцца? Ператамленне?

Паводле вечнай сваёй звычкі ўсяму даваць тлумачэнне, Павел стаў думаць пра незразумелыя адчуванні. Прыйшла на памяць візія дзіцячага чорціка-анёла. Няўжо нядобрая сіла перашкаджае яму адпачываць метадам рэлаксацыі, поўнага расслаблення?

А ці не ён сам і ёсць — гэтая нядобрая сіла? Ужо не той маленькі чорцік, не чарцяня, але вялікі, дарослы чорт! Той, хто пужае!

Вось яно што! Гэта вобраз, іміджызацыя душы з іншага часу. І які гэты вобраз, комплекс пачуццяў непрыгожы, крывы, непрыемны на адчуванне. Няўжо ён, Павел Камар, некалі стане такім? Не ён сам, але ягоная душа?

Як гэты чарцяка з’явіўся тут, сярод ягоных уяўленняў роднай рэчкі? Так, як і той маленькі анёл-чорцік. Ты сам, разважаў Павел, у будучым яшчэ не адзін раз будзеш рэлаксаваць, уяўляць сябе ў цёплай рэчцы — гэта ж твой любімы спосаб. Там, у прасторы ўяўлення, час свой. Фактычна там няма часу, там вечнасць. Гэтую вечнасць цяжка ўявіць, час там не лінейны, нават не спіральны, а нейкі іншы. Мо які шаравы, гэта значыць той, які займае прастору. Вось і бывае, што ўяўленні рознага лінейнага часу накладваюцца адно на адно. І тады вось так непрыемна.

Павел падняўся, дастаў Петрыкаў ліст, яшчэ раз прачытаў яго. Вось табе і маеш! Нарабіў. Лена кінула брата, «ходзіць» з Міхасём. Часам дзяўчаты так робяць ад помсты. Ну, цяпер да яе не падступішся.

Павел зноў прылёг. Усё ж, як адчысціцца, як адмыцца? Папрасіць прабачэння. Прыдумалі манаха ў дупле, а той манах жыве сваім жыццём. Некалькі інсцэніровак ажывілі яго.

Позна, распранайся і спі. Не візіяніруй. А то пачнеш думаць, што калі выйсці на вуліцу, за вуглом дома сустрэнеш Скарыну. Не, Скарына ці быў у Мінску? Ну, тады ў нелінейным часе можна сустрэць Купалу, Багдановіча, Чарвякова. А як якога Панамарэнку? Або і таго горш — Цанаву? Не, прыемней сустракаць тых, хто думаў пра горнюю Беларусь. Сувораў быў на Беларусі, але ці думаў ён пра горнюю Беларусь? Увогуле, пра якую такую Беларусь ён думаў?

Цікава, якое будзе пакаранне? За гэты розыгрыш. Пакаранне фактычна пачалося, хлопец. Распраніся, а то заснеш.

Тым часам жыццё развівалася паводле свайго сцэнара. Перад самай зімой у студэнцкі інтэрнат, у якім жыў Павел Камар, зайшла немаладая жанчына. Зусім бабулька. На яе адразу звярнулі ўвагу, бо пакланілася вахцёрцы са словамі:

— Мір гэтаму дому.

Вахцёрка пільна паглядзела на жоўты, як дыня, твар, з дробнай сетачкай маршчын. Апранута госця была ў старую, але добра захаваную плюшаўку. Мода шасцідзесятых. Хустка павязана на лоб і буркі на нагах паказвалі, што бабулька з вёскі. Але больш за ўсё вахцёрку ўразіў белы святочны фартух з чырвонымі вышыванымі пеўнікамі і кветкамі. Такіх фартухоў ніхто даўно не насіў. Хіба дзяўчаткі з фальклорных гурткоў. Якія-небудзь «харошкі» ці «скамарошкі». Калі бабуля з вёскі, ёй трэба дапамагчы. Вахцёрка выйшла з-за стала не столькі ад здзіўлення, колькі ад замілавання. Гэтая невядомая бабулька напомніла ёй пасляваенныя гады, калі вахцёрцы даводзілася хадзіць па вёсках у мяшочніках.

— Вы да каго, мілая?

— Тут, даражэнькая, вучыцца з нашых мясцін чысты апостальскі чалавек, — рэкнула старая.

— Што? — Тут ужо ў вахцёркі напраўду вочы на лоб палезлі. Яна ўгледзелася ў незнаёмку. Больш за ўсё ёй не хацелася пераканацца, што тая вар’ятка.

— Назавіце прозвішча, імя… Пашукаем нумар пакоя, і ідзіце сабе да яго.

— Прозвішча ягонае Комар, Камара Андрэя ён сын, а завуць Павалам.

— А-а, Павел, — абрадавалася вахцёрка, бо гэтага студэнта яна добра ведала — да яго часта заходзілі сябры-жартаўнікі з тэатральна-мастацкага інстытута. — А вы, прабачце, кім яму будзеце?

— Да-альняя родственніца… — хітравата адказала бабулька, разгортваючы пашпарт з насоўкі. І насоўка, відаць, была спрадукавана яшчэ за Польшчай. Ад яе тхнула нафталінам і арэхамі — так пахне ў старасвецкіх маляваных куфрах.

Калі ў дзверы пастукалі, хлопцы, Паўлавы сябры па пакоі, перазірнуліся — ніхто са сваіх, суседзяў ці знаёмых, каб увайсці ў пакой, не стукаў. Няўжо праверка з дэканата? Збольшага навялі парадак і адчынілі дзверы.

У пакой увайшла ўжо вядомая чытачу бабулька, бліснула вачамі па кутах, відаць, шукаючы абраз, абвяла позіркам хлопцаў і ўпэўнена накіравалася да Паўла. Той сядзеў за нізенькім часопісным столікам, схіліўшыся над падручнікам.

— Блаславі, ойча! — нечакана папрасіла бабулька. Яна склала рукі на грудзях і нахіліла ў знак пакоры перад Паўлам галаву.

— Які я вам ойча! — ускочыў, як уджалены, Павел.

— Ты Андрэеў сын? — падняла старая галаву. Павел кіўнуў.

— Я й адразу пазнала. Блаславі…

Паўлавы хлопцы перазірнуліся. Яны былі здзіўлены не меней, чым Павел. Бабулька тым часам бухнулася на калені.

— Вы што? Хто вы такія? — спуджаны Павел не ведаў, куды падзецца. Ён стаў падымаць бабульку, але тая ўхапілася цалаваць рукі. Павел ледзьве вырваўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: