Бечык Варлен
Шрифт:
4.4.
Зноў з добрых намераў пачынаецца дзень: буду, маўляў, і пісаць, і працаваць, і думаць няспынна. Проста паляпшэла: быў добры сонечны дзень, уздымаўся парад снегу, пахла снежнай вільгаццю, як быццам бы запеў жаваранак. Сонца — усюды, і хацелася некуды ісці... А вечарам лёгка чыталася, і былі ўжо новыя надзеі, мацнейшыя за цемяату паўсядзённага вэрхалу...
Майстэрства не толькі набываецца, але і растрачваецца.
16.4.
Многа дажджоў — штодзень, не давалі перад Раданіцай прыбраць магілы. Астрашыцкі Гарадок. Было там сумна, не ўдавалася з ім счапіцца душою. Здавалася, што ідзе штучнае, умоўнае жыццё. У пустой кнігарні дзве дзеўчынёхі. Састарэлыя хаты ў цэнтры. Возера як збруднелае. Усё непадступна чужое, а на ўсё глядзеў так, быццам кожная горка і лясок нешта скажуць ці само скажацца. Састарэлы, абшарпапы клуб — а для мяне ён быў новы-новы.
«Северная пчела» № 154 за 1832 г.: «Какой-то мистик напечатал в баварском календаре за 1832 год, что 20 марта в 3 часа пополудни начнется осень».
Алеша Карамазаў: «Всегда помните эту минуту, когда были такими чистыми, добрыми, любящими».
5.5.
2 мая — аварыя ў Крыжоўцы. Пасажырскі поезд наляцеў на электрычку. Трывогі, званкі на вакзал (А ваша должность?). Раструшчаныя вагоны. Машыны з уключанымі фарамі. Усе ў прыгнечаным настроі — так было кепска...
3.6.
Пытанне сабе: Ты выйграеш ці прайграеш у гэтай агульнай плыні разліку і выпінання? Адказ у другой плоскасці: — Ты мала працуеш...
У інтэрв’ю «Вернасць аднойчы і назаўсёды» (ЛіМ», 13.5.77) I. Шамякін гаворыць пра свае адносіны да рэцэнзіі А. Рагулі і В. Каваленкі на яго аповесць «Гандлярка і паэт»: «На правах старэйшага таварыша хочацца параіць маладому крытыку Рагулю не браць напракат чужыя тэорыйкі і не падганяць іх пад жывую ткань мастацкага твора. Не лішне папярэдзіць каго-нікаго і ад іншай крайнасці — ад выцягнення на свет божы даўно асуджанай партыяй і ўсёй практыкай савецкай літаратуры вульгарна-сацыялагічнай метадалогіі разбору мастацкага слова».
Надта сур’ёзна, надта важка і грозна. Лепш было б пажартаваць, ухіліцца.
Збор твораў Твардоўскага. Выдатная свежасць. Складанае ўражанне — хваляванне з дамешкам нейкай ці не лугі, што не дадзена гэтакая безадносная здольнасць быць істотным у слове, у выяўленні свету, бачанні і перадачы жыцця.
18.7.
Так многа было дажджоў, і цяпла, і холаду, і трывог. Трэба было пісаць, але ішло іншае, і даводзілася то ісці, то бегчы.
Вера Сямёнаўна Палтаран прыносіла мне чытаць на дачы «Вячэрні цягнік» Панчанкі. Асабліва ёй спадабаўся верш «Пенсіянеры».
Размова з А. Куляшовым пра «Хамуціус» (рабіў матэрыял для АДН). Спытаў яго: «Ці даводзілася вам пісаць з адчуваннем, што трэба нешта пераадолець ранейшае?» — «Не». Цікава...
А сёння паведамленне: 15 ліпеня пасля цяжкай працяглай хваробы на 86 годзе жыцця памёр К. А. Федзін.
А яшчэ было ўзрушэнне — раптоўная смерць Еўдакіі Лось. Усё чуецца ў вушах яе непаўторны голас
Лепшыя рысы сучасніка, чалавека: духоўнаець, ахвярнасць, высакароднасць.
27.8.
Змена ў аб’ёме асобы, нават у адчуванні сутнасці. У час узлёту духу, светлага празарэння — расцеш, чуеш сябе значным і цікавым, многае можаш — усё, што захочаш (і хаценне згоднае з тваімі магчымасцямі). Бяздзейнасць прыніжае, сілы слабнуць, кожны павеў жыццёвага ветру здаецца небяспечным скразняком. Страшнае — чыёсьці падазрэнне. Тут адразу сам сабе здаешся фальшивым, дробным, бездухоўным. Такі ж — як нешта даводзіцца прасіць. Таму кожны, хто гоніцца за выгодай, прыстасоўваецца, угоднічае, хітруе — кім бы ён ні стаў, да якой прэстыжнай вышыні ні дапяў — драбнее.
Зрэшты, колькі разоў і сам я адчуваўся ніякавата перад людзьмі, якія жывуць упарта, трудна і незгінальна — яны мелі права на дакор, а ў мяне не было апраўдання.
1.9.
Тыдзень ружова-цёплага сонца, якое хвалюе і трывожыць усім, што прыгожа, усім, што нязроблена — як нрацазаць, калі за акном такая рэдкая радасць, такі спакойны і добры рух цяпла і святла, столькі надзеі, столькі магчымага. Хочацца быць адразу ўсюды — тут, у горадзе, дзе зараз студэнцка-школьная пара адсвечвае маладосцю, у лесе, на полі, скрозь, скрозь. Бо ўсюды непаўторнае, хуткаплыннае хараство, якога заўтра-пазаўтра ўжо не будзе.
Яшчэ адно рэдкае шчасце наведвала некалькі разоў у апошні час: прачнуцца нястомленым, свежым, з ахвотай зрабіць зарадку, хацець кніг і дзеяння, верыць у сябе і спадзявацца, што нешта і здолееш.
Адчуванне мэты як абавязку. Але ж і як штурхае: прамяняць такі выдатны дзень на дзяжурную рэцэнзію, якая не будзе адсвечваць гэтым сонцам, святлом, радасцю.
Трэба пісаць важнае, неабходнае, шчырае, выеокае, трывалае, светлае, чыстае...
Яшчэ адзнака свежасці: многа дзяўчат, жанчын здаюцца прыгожымі, глянеш — і штосьці дзеецца ў табе веснавое, светла-самотнае...
За лета чатыры смерці, кожная з якіх трымае: Уладзімір Карпаў, Маўзон, Язэп Зазека, Ёўдакія Лось. Равеснікі — не па даце нараджэння, а па часу смерці.
Істотнасць малога ў нашым жыцці, штодзённая праверка характару, душы — дробязямі.
I важная здольнасць — стаць вышэй дробнага: уласнай крыўды, дробнай зайздрасці, нечай надножкі. Быц цам гэтага няма — яно не для рахункаў, аддачы.
А. Вознесенский. «Песня акына»:
Не славы и не короны,
не шаткой короны земной —