Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Закурыўшы, Элен сваім звычайным бескалёрным тонам прамовіла: «Подонок ваш Михась. Только такой дуре, как Настька, и можно лапши про Ташкент навешать». Зрабіўшы зацяжку, яна працягвала выкрывальніцкую палітыку: «Викуша твоя, между прочим, вовсю с сыном декана трахается. Привета не передавала. Карьерой девочка занялясь». Праз некалькі зацяжак я атрымаў новую поўху: «Я тут, кстати, послушала, послушала, и никто на твоем белорусском языке нигде не говорит». У яе голасе прарэзалася відавочная злараднасць.
Чарніловіч аказаўся падонкам. Віка трахалася з дэканавым сынам і рабіла кар'еру, а ў Менску ніхто не гаварыў па-беларуску. Ну што мне заставалася рабіць? Паслаць гэтага пракурора ў клятчастай максі-спадніцы ў марозную ноч да яе скандынаўскіх продкаў? Відаць, такі варыянт сапраўды быў бы найлепшы. Але замест гэтага я паспрабаваў ажывіць у памяці цёплы прыцемак над кар'ерам і шамаценне бурундукоў у падлеску...
Неўзабаве пасля ад'езду амазонак маладзечанская электрычка зноў прывезла ў Менск хранічнага ўцекача ад жонкі Мішу Бугра. У нас як на тое надарылася выязное паседжанне Клуба аматараў піва на Генікавым летніку. Марна прачакаўшы да вечара ў халодным інтэрнатаўскім фае, Міша выпіў пляшку гарэлкі і ўсё-ткі сеў у маскоўскі цягнік.
Ён дапяў да Ўладзівастока, наняўся на гандлёвы вадаплаў, што хадзіў у Японію, кінуў піць і сабраў за год кучу грошай.
Ужо купіўшы квіт на самалёт і спакаваўшы дзве валізы падарункаў, Міша выйшаў на шпацыр па пераднавагоднім горадзе і нарваўся на біча.
Біч вылез з каналізацыйнага атвору і папрасіў дваццаць капеек на кіно. Бугор зацікавіўся і даў бічу дваццаць рублёў. Той прапанаваў пасядзець. Знаёмства задоўжылася да вясны.
Увесну Міша зарабіў на кабатажнай развалюсе грошы на дарогу і перад летняю сесіяй, даўно аплаканы жонкаю і сваякамі і на ўсякі выпадак памянуты намі, з'явіўся ў нас у пакоі, як вястун з таго свету. Ён піў піва з воблай і апавядаў вусцішныя гісторыі пра жыццё ў падземных уладзівастоцкіх камунікацыях, дзе бічы спяць на трубах цэнтральнага ацяплення і ў лютыя маразы дзесяткамі гінуць ад велізарнай розніцы тэмператураў знізу і зверху цела, а дворнікі выцягваюць іх потым праз люкі бусакамі.
З кішэні Міша вытрас жменю перамяшаных з махоркаю кедравых арэхаў.
Гэта было апошняе прывітанне з Сібіры.
Краявід з ментолавым пахам
Рукапіс, прысланы ў зялёным канверце
Цяпер, вядома, можна сцвярджаць што заўгодна: суадносіць дату на паштовым штэмпелі з загадкавай смерцю аднаго літаратара, якога ў тыя самыя дні знайшлі павешаным ва ўласнай кватэры; спрачацца, жаночай ці мужчынскай руцэ належыць буйны круглявы почырк, што не пакінуў на прысланым мне пульхным зялёным канверце зваротнага адраса; строіць кпіны з маёй знаёмай, якая дагэтуль перакананая, быццам той канверт сапраўды захоўваў пах добрых ментолавых цыгарэтаў, хоць ускосныя дэталі дазваляюць датаваць рукапіс канцом 80-х ці самым пачаткам 90-х гадоў... Што да вядомага псіхіятра, якому я прапанаваў выступіць у якасці эксперта, дык ён, вяртаючы гэтыя чатыры дзесяткі драбнютка спісаных старонак, абмежаваўся цьмянай фразаю пра суму выпадковых велічыняў, дзе дапускаецца літаральна ўсё. Магчыма, якраз згаданая акалічнасць і схіліла мяне да публікацыі рукапісу без усялякіх купюраў і каментароў.
Апошнім часам я часта звяртаюся да свайго з'яўлення тут, у старой аднапакаёўцы, якая... Мне хацелася напісаць нешта накшталт, «якая адыграла ў маім жыцці такую ролю», аднак роля працягвае іграцца, і я магу памыліцца ў вызначэнні парадкавага нумара дзеі. Урэшце, сама зацяганая метафара тэатра выглядае тут недарэчнай, хоць я і маю падставы назваць гаспадара кватэры акторам. Але цяпер, калі падзеі таго дня, а праўдзівей, той размовы, адрэстаўраваныя да паўтонаў і запісаныя ў памяці нібыта на відэастужку, якую можна спыняць, адкручваць назад альбо пускаць на запаволенай хуткасці, я магу сказаць, што актор ён быў кепскі. Ужо адзін спалоханы ўздрыг, калі на кухні ўключылася лядоўня... Альбо мізансцэна з трэцяй параю ключоў... Хоць гэта яшчэ як паглядзець...
Ён стаяў вось там, каля майго адзінага вакна. Няўжо ён імкнуўся захінуць сляды, пакінутыя на падваконні лапамі вераўчанае лесвіцы? А мо спадзяваўся схаваць іх ад самога сябе, як, дарэчы, і пакінуты мне ў спадчыну прайгравальнік? Наогул, цяпер мне здаецца, што - асэнсавана або інтуітыўна - ён рухаўся па кватэры дакладна вызначаным маршрутам, што дазваляў не сарвацца і давесці гаворку да канца, каб ніколі больш са мною не бачыцца.
Ён быў прыкладна майго веку, меў нервовы твар і раннюю сівізну. Я чамусьці падумаў, што такія людзі схільныя да інфарктаў. Дадаць да гэтага невыразнага партрэта мне, бадай, няма чаго. Ну, можа, яшчэ ягоную худзізну, якую я, памятаецца, спачатку з прыхільнасцю назваў сам сабе шляхетнаю.
Сустрэўшыся з ім на вуліцы, я прайшоў бы міма - не пазнаўшы ці не захацеўшы пазнаць яго.
Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзілася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзілі зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў і цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Відаць, гарадская геаграфія і сталася галоўным аргументам, бо ў тыя дні я меў цвёрды намер бараніць сваю адзіноту і найперш шукаў спакою.
– Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада.
– Мяне гэта не палохае. Вальтэр пісаў, што літаратар павінен жыць паблізу мяжы, каб зручней было ратавацца.
– Вы літаратар?
– не падтрымаў майго тону, але відавочна зацікавіўся ён.
Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае інкогніта, я няпэўна кіўнуў. Згадка пра род маіх заняткаў, безумоўна, была лішняю.
– У такім разе...
– з выцвілай усмешкаю загаварыў ён і не скончыў.
Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалі ў ягонай кішэні, а брыжык з ключамі - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнігамі і пастараўся запомніць колькі непазбежных у такіх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак і талонаў на электрычнасць. Усе інструкцыі былі прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталіся непералічанымі. Яшчэ хвіліну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота.