Уладзімір Арлоў
Шрифт:
У хуткім часе Чарніловіч са старастаю нашай групы Ліляй падалі заяву ў загс. У ціхага Юры Асіноўскага, учадзеўшы ўначы ў хаце, памерлі бацькі, і ён перавёўся на завочнае аддзяленне і паехаў жыць дадому. Махнуўшы рукой на старыя будатрадаўскія рахункі, мы з першай стыпендыі сабралі малодшай Юравай сястрычцы ды хворай кароўцы сто рублёў.
У Чылі да ўлады прыйшоў Аўгуста Піначэт. У СССР разгортвалася барацьба з п'янствам і алкагалізмам. Наш гістфакаўскі Клуб аматараў піва, схаваўшыся за абрэвіятураю КАП, дзейнічаў, як і братняя кампартыя Чылі, у глухім падполлі.
Універсітэт трэслі франтальныя рэйды і праверкі.
Пад час аднаго рэйду ў нашым інтэрнаце партыйныя, камсамольскія і прафсаюзныя дзеячы пачулі за замкнёнымі дзвярыма падазроныя шолахі і абклалі пакой, бы харты. Як толькі дзверы ціхенька прачыніліся, гайня правяральшчыкаў уварвалася ў пакой і знайшла там зляканага студэнта, які, колькі было змогі, імітаваў падрыхтоўку да семінарскіх заняткаў па гісторыі КПСС. Са сцянной шафы сакратар партбюро трыумфальна выцягнуў яшчэ больш перапалоханую студэнтачку ў строях Евы. «А мы дружым», - толькі і здолеў прамовіць юны служка Кліо, за што разам з сяброўкаю быў неадкладна выселены з інтэрната. З таго дня варта было якой-небудзь знаёмай парачцы з'явіцца на вачах у гістфакаўскай публікі, як з усіх бакоў гучала яхіднае пытанне: «Што, дружыце?»
Праверка выхаваўчай работы застукала ў інтэрнатаўскім ленінскім пакоі таталізатар. На трох ссунутых сталах для самастойных заняткаў адбываліся прусачыныя скачкі. Нашы вусатыя субкватаранты бегалі па выкладзеных алоўкамі дарожках. Стаўкі даходзілі да двух чырвонцаў. Ажыятаж панаваў такі, што, здавалася, дай ім волю, і свае стаўкі зробяць класікі марксізму-ленінізму, якія сачылі за падзеямі з аляпаватых партрэтаў. Акурат у той самы момант, як фаварыт Біл Шалёная Карова ў глыбокім роздуме супыніўся на сярэдзіне дыстанцыі, у дзверы і ўвалілася праверка, якой было зусім няпроста апанаваць нашую ўвагу, бо ўсе позіркі сышліся ў кропцы, дзе Біл ні з чога ні з якога вырашыў заняцца медытацыяй.
Авалодаўшы становішчам, рэйдавая брыгада абазвала нас будучымі байцамі ідэалагічнага фронту, адразу ж зазначыўшы, што ніхто з нас гэтай высокай годнасці не заслугоўвае. Абураныя тырады пачыналіся прыкладна так: «Здесь, под портретами вождей...»
Карацей, жыццё ішло сваім парадкам.
Напружыўшы творчыя сілы, мы выпусцілі спачатку орган свайго пакоя № 25 насценгазету «Алігатэр» (назваю служыла налепка ад віннай пляшкі з падмаляванаю літарай «р»), а потым - чарговы нумар нашага альманаха «Мілавіца». Пра франдзёрскі насценны орган хтосьці імгненна даклаў начальству, а «Мілавіцу» ўзяў пачытаць камсамольскі сакратар Карагін, і яна знікла на цэлы месяц.
Потым на нас зусім беспадстаўна спішуць і нейчы малюнак-загадку на кавалку ватману, што напярэдадні іспытаў з'явіўся побач з раскладам заняткаў: тры разложыстыя дубы, перад кожным - бутэлька, а ўнізе - перакуленая дагары нагамі адгадка: «Новы год на вайсковай катэдры».
Ад блізкага знаёмства з таварышам маёрам нас аддзялялі адна толькі сесія і вакацыі.
Згадкі пра Сібір, хімікаў, пясчаныя кар'еры і гарачыя вусны амазонак наведвалі нас усё радзей. Праўда, амазонкі прыслалі віншаванне з «годовщиной Великого Октября». Мы не адгукнуліся на паштоўку: нашы адрасанткі павінны былі зразумець, што мы - вярнуліся, вярнуліся дадому.
Але яны не зразумелі.
Неяк пад Новы год на лекцыю навуковага камунізму нечакана прыбег задыханы Міхась Чарніловіч, які грыпаваў і адлежваўся ў інтэрнаце. Апрача кажушка на Міхасю было толькі замытае спартовае трыко з пухірамі на каЛёнях і чаравікі на босую нагу.
Таямніцы навуковага камунізму мы спасцігалі ў аўдыторыі-амфітэатры, якая мела запасны ўваход, што вёў адразу на верхатуру. На схаваных за абгародкаю прыступках хто-небудзь зазвычай жлукціў піва або перакідваўся ў карты. У гэты зацішны куток, куды з верхніх радоў можна было без асаблівых праблемаў трапіць проста ў час лекцыі, нас і сабраў упараны Чарніловіч. «Амазонкі прыпёрліся...» - выдыхнуў ён. Выявілася, што Міхась убачыў сібірачак з нашага вакна на першым паверсе ўжо на самых блізкіх подступах да інтэрната і, паспеўшы насунуць чаравікі ды накінуць кажух, махануў цераз падваконне ў сумёт. Адразу зрабілася ясна, што сярод трох няпрошаных госцяў прыехала Насця, якой улетку Чарніловіч дакляраваў візіт у адзін з менскіх загсаў.
З удзячнай палёгкаю я даведаўся, што маленькай Віцы хапіла розуму не ехаць. Разам з Насцяю прыбыла камісарка «амазонак» пампушыстая Нона, якой належылі неаспрэчныя заслугі ў выхаванні «цяжкога» падлетка Віці. Трэцяя была Элен.
Сітуацыя пакідала няшмат прасторы на манеўры. Чарніловіча, прынесшы яму больш прыстойную апранаху, неадкладна адправілі ў родную вёску.
Генік, Дж. Галяк і я адважна ўзялі амазонак на сябе. Досыць паспяхова разыграўшы сцэну сустрэчы пасля доўгай ростані, мы запрасілі сібірачак у «найлепшую менскую рэстарацыю». Гэтую ролю выконваў самы блізкі ад інтэрната рэстаран старога гатэля «Беларусь», што памятаў марскія аповеды Мішы Бугра.
Афіцыйна Чарніловіч адбыў на «студэнцкую навуковую канферэнцыю» ў Ташкент. На правах найбліжэйшага сябра маладога навукоўца менчук Генік запрасіў Насцю спыніцца ў яго. Элен заставалася пры мне.
Рэстаранавы калаўрот унёс карэктывы. Камісарку Нону, не зважаючы на ленаваты супраціў Дж. Галяка, узяўся безупынна запрашаць на танец і ўрэшце звёз нейкі даўгяла-баскетбаліст. Калі аркестр развітаўся з публікай, а потым вярнуўся і пачаў выконваць песні гасцям з сонечнага Ўзбекістана, якія выцягвалі з-за халяваў загорнутыя ў смуродныя анучы пачкі грошай, асірацелы Дж. Галяк і Насця з Генікам падаліся ў Генікаву Серабранку, а мы з Элен без вялікага імпэту пацягнуліся ў інтэрнат, дзе я праз вакно запусціў яе ў наш пакой.