Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Карыстаючы з адсутнасці жыхароў, я першым чынам наведаў прыбіральню. Няспраўны, як і ў гады яго і маёй маладосці, злівальны бачок радаваў па-вясноваму жыццядайным цурчаннем вады ў трэснутым унітазе. На дзвярах на ўзроўні вачэй туалетнага сядзельца нечымі працавітымі рукамі быў прыклеены каляровы партрэцік і выразаны з газеты загаловак: «Больше внимания заготовке кормов для скота». Было відаць, што хтосьці з непрыяцеляў спрабаваў здзерці партрэцік, але ягоны мужны папулізатар зрабіў сваю справу сумленна, і зламысніку ўдалося адарваць адно ражок любімай у народзе выявы.

На пустэльнай удзень кухні маладзён з густымі чорнымі вусамі запіваў півам перасмажаныя секунцы. Па гарэлых, як звычайна ў Каці, секунцах я і пазнаў Ярыка.

Распытваць пра лёсы маіх былых суседзяў я не меў ані кроплі ахвоты. Я любіў іх усіх ранейшымі і не хацеў ні ў кім расчароўвацца.

На зваротным шляху я абыякава прамінуў сваю колішнюю вальеру і, агорнуты лёгкім хваляваннем, прыстоіў каля пакоя № 6. З-за вечна зачыненых дзвярэй гучаў прыцішаны голас дыктара першай праграмы беларускага радыё. Я асцярожліва націснуў на ручку. Дзверы не паддаліся. Гэта магло значыць, што некрафільскі сюжэт з двума прыгожымі маладымі трупамі не страціў актуальнасці. Цікава, напрыклад, як успрымаюць радыёаматары з поліэтыленавых мяхоў візіт прэзідэнта ў Кітайскую Народную Рэспубліку альбо сітуацыю вакол кампенсацыі грашовых укладаў?..

Калі вечаровы полацкі аўтобус падыходзіў да сталіцы, мае ўражанні і рэмінісцэнцыі - ад Кубінца да вытанчаных трупаў з пакоя № 6 - утульна, як карты ў пасьянсе, леглі на свае месцы і заставалася адно перанесці іх на паперу.

Я падступна ўявіў, што скажа, пачытаўшы гэты тэкст, галоўны рэдактар моладзевага часопіса і раптам здрыгануўся ад сцюдзёнага подыху трансцэндэнтнасці. Рэдактар не скажа нічога.

Я ўспомніў, што колькі гадоў таму яго, ужо астылага, знайшлі раніцою на вуліцы. Ён, прыгожы элегантны мужчына і, кажуць, неблагі рэдактар, што ў часы «перестройки» падпісаў у друк «Споведзь» Ларысы Геніюш, ляжаў з праламанай галавою сярод пляўкоў і недакуркаў.

Не магу адбіцца ад думкі, што, калі б ён жыў не на трэцім паверсе прэстыжнага дома ў цэнтры, а ў паўпадвальным памяшканні, дык абавязкова прачытаў бы сёння мой мемуар.

Гарэла сьвечка

Калі пачую знакамітае пастэрнакаўскае «Свеча горела на столе, свеча горела...» (а яшчэ — калі парэжуся лязом), мяне нязьменна агортвае той самы ўспамін. У ім за вокнамі таксама з прысьвістам круціць завіруха, і гарыць на стале сьвечка, і на яе дзьме з кута скавыш, але на гэтым падабенства сканчаецца: ня падаюць на падлогу жаночыя чаравічкі, ня капаюць на скінутую сукенку гарачыя кроплі воску, агонь спакусы не ўздымае, як анёл, сваіх крыжападобных крылаў, і двое каханкаў не зьнікаюць у сьнегавой імгле экзыстэнцыйнага часу.

У тым успаміне на мяне не міргаючы глядзяць вочы аднаклясьнікаў, каля сьвечкі ляжыць аркушык паперы, зь якога я зараз павінен прачытаць тэкст прысягі, а клясная кіраўнічка працягвае мне лязо: спачатку яго трэба прадэзінфікаваць у язычку полымя, потым чыркнуць сабе па пальцы й расьпісацца крывёю. Насьмешлівыя позіркі аднаклясьнікаў і спалохныя — аднаклясьніцаў робяцца нясьцерпнымі. «Не!» — крычу я і, дзьмухнуўшы на сьвечку, выбягаю ў школьны калідор.

Так зрываецца маё ўрачыстае ўступленьне ў атрад чырвоных сьледапытаў.

Час дзеяньня — 1968 год. Месца — наваполацкая школа, куды я прыйшоў, пераехаўшы з Полацку, дзе ў такія гульні мы не гулялі.

Вядома, мікробы пацыфізму ў нашыя правінцыйныя палестыны тады яшчэ не заляталі. Колькі сябе тагачаснага памятаю, мы, як і некалькі пакаленьняў нашых папярэднікаў, да самазабыцьця захоплена гулялі ў «вайнушку».

Калі я пайшоў у першую клясу, трохі старэйшыя хлопчыкі судзілі і, паводле прысуду, павесілі пад мостам над Палатой свайго аднагодка, прызначанага «Гітлерам». Кажуць, такія выпадкі, асабліва ў першыя паваенныя гады, здараліся ня толькі ў Полацку.

Ролю эсэсаўца з сваёй ахвоты ў нас звычайна выконваў Коля Кірпічонак. Ён спрытна пырскаў праз шчарбіну асцой і цадзіў «юдэн, камуністэн, камісарэн. Буд'ем немношко стрэляйт» з такой натуральнасьцю, што маленькія сэрцы безнадзейна абрываліся ў сьцюдзёную бездань. (Мой сябра Вова Цымэрман, хоць і быў з усіх нас самы дужы, у такія гульні — відаць, дзякуючы геннай памяці — ніколі не гуляў, затое ў пятай клясе, падпільнаваўшы «эсэсаўца» Колю ў вечаровым завулку, моўчкі і з асалодаю зьбіў таго на горкі яблык.)

Сьпярша з гэтай вайной-вайнушкаю ўсё было проста й ясна. «Нашы» непазьбежна перамагалі «немцаў». «Нашы» былі спрэс героямі, а «іхныя» — мярзотнікамі. Гэта была такая ж аксыёма, як і тое, што малочнае марозіва ў летамцы каля рынку каштавала 9 капеек.

У які час у дзіцячай душы зашкрэблася жамярыца сумневу — узгадаць, бадай, немагчыма.

Мінецца шмат гадоў, пакуль хлопчык, што на допыце пляваў Колю Кірпічонку ў твар і нікога не «выдаваў» (а Коля, выціраючы рукавом плявок, балюча біў «партызана» ў бок нагою ў «эсэсаўскім» кітайскім кедзе), зразумее, што вайна — гэта гераізм і брудная палітычная гульня, адвага й баязьлівасьць, разьлік і безразважнасьць і шмат чаго іншага, прычым разьмеркаванага зусім ня ў строгай адпаведнасьці з тым, чыя вайна — справядлівая, а чыя — не. І яшчэ больш гадоў пройдзе, пакуль той хлопчык сустрэне ў Васіля Гросмана размову начальніка нямецкага канцлягеру зь ягоным вязьнем, адданым бальшавіком, які бачыў Леніна, і ўкормлены фашыст-інтэлектуал, выпусьціўшы элегантны струменьчык духмянага цыгарэтнага дыму, скажа свайму зьнясіленаму голадам візаві прыкладна наступнае: вайна паміж гітлераўскай Нямеччынай і сталінскай Расеяй ёсьць трагічнаю недарэчнасьцю, і суцешыцца ў гэтай сытуацыі можна толькі адным — хто б ні ўзяў верх, нашая справа пераможа. А пасьля той хлопчык сустрэнецца зь людзьмі, якія хацелі ваяваць за Беларусь, не залежную ні ад Масквы, ні ад Бэрліну, і ўрэшце апынуліся ў магілах пад Монтэ-Касіно і ў сталінскай вечнай мерзлаце або на берагох Антарыё й на Манхэтэне. А пасьля ён сустрэне абчаплянага ордэнамі й мэдалямі «вэтэрана Вялікай Айчыннай», пра якога будзе дакладна вядома, што гэты чалавек каваў перамогу, усю вайну расстрэльваючы «врагов народа» пад Новасібірскам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: