Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Аднае восені я вырашыў, што аброслага багавіннем небывальшчыны запісу на пергаміне (і прыбіральні ў якасці пастскрыптума) дзеля знаёмства з горадам усё-ткі крыху недастаткова, і выправіўся на паэтычны фэст «Лепельскія алітэрацыі», спадзеючыся калі і не наслухацца гэтых самым загадкавых алітэрацыяў, дык хоць знайсці аскепак таго Лепелю, які Тамаш Зан і Ян Чачот, працуючы там у дырэкцыі Бярэзінскага канала, называлі ў сваіх лістах паўночнай Венецыяй.

Пад адзіным цэлым ліхтаром на дажджлівай вуліцы імя героя «Краткого курса истории ВКП(б)» я з усцехаю прыкмеціў прыгожую здаровай прыроднай гожасцю лепяльчанку, глянуўшы на якую, адразу думалася, што якраз такіх аматарак паэзіі нам на дадзеным этапе нацыянальнага адраджэння асабліва бракуе. Распушыўшы падмяклыя пёры, я з ходу запрасіў красулю на фэст у Дом культуры - пры ўмове, што яна пакажа мне дарогу. «Зачэм цібе клуб, пашлі ка мне, у міня бутылка есьць», - з вабнай маціцоваю ўсмешкай скорагаворкаю прапанавала цудоўная лепяльчанка.

Амаль без вагання я выбраў клуб, дзе высветлілася, што масцітыя сталічныя творцы паэтычнага радка алітэрацыямі абсалютна не зацікавіліся. У выніку пад спеў зводнага лепельскага хору вэтэранаў партыі, вайны і працы пасінелыя ад холаду дзяўчаткі ў нацыянальных строях уручылі мне ў няпаленай зале хлеб-соль на даўжэзным ручніку. (Ручнік адразу паспрабавалі забраць назад, але не на таго нарваліся.) Апрача ўсяго, адносна юная змагарка культурнага фронту Аня атрымала ад начальства катэгарычны загад завесці мяне ў «гаркомаўскі люкс». Па дарозе з ініцыятывы праважатай узнікла рызыковая размова пра крыніцы творчага натхнення. Рызыка рэзка павялічылася, калі выявілася, што Аніна прозвішча Нагулян і яна прыехала да нас з Ерэвана.

Хоць насценны гадзіннік у фае паказваў толькі пачатак дзевятай, дзверы прысадзістага гатэльчыка аказаліся зачыненыя на ключ. У прыцемнай глыбіні памяшкання спінкамі да ўвахода стаялі побач два крэслы, і адтуль звешвалася голая нага. Пачуўшы стукат, нага схавалася. Аня Нагулян зняла чаравік і замалаціла ім у дзверы гэтак тэмпераментна, што аднекуль зверху на нас пасыпалася смецце, а потым звалілася птушынае гняздзечка. Траекторыю руху адміністратаркі ад крэслаў да дзвярэй цяжка было назваць найкарацейшаю, аднак магічныя словы «гаркомаўскі люкс» змусілі яе страпянуцца і намагчыся стаць «на зважай».

Трэба аддаць лепельскім таварышам належнае: «гаркомаўскі люкс» меў цалкам аўтаномны ўваход, прычым жыццё і дзейнасць ягоных насельнікаў былі клапатліва схаваныя ад шараговых вачэй высокім блакітным плотам з замкнёнаю брамкай. Замок у брамцы вырашыў, што я на такія прывілеі не цягну, і занатурыўся. Адміністратарка кінулася па новы ключ, а вяртаючыся, зачапілася ў цемры за маю валізку і бразнулася на мокры асфальт.

Набрынялыя вільгаццю дзверы не паддаваліся, і я наважыўся лезці цераз плот. Адміністратарка размазвала па сваім твары і маёй куртцы кроў, адцягвала мяне ад плота і, румзаючы, сцвярджала, што ўжо заўтра яе выганяць з працы. «Ну што вы мне падсаветуіця?» - жаласна зазіраючы мне ў вочы, пыталася гаротная жанчына. «Нікому не расказвайце сваіх сноў, бо ўладу могуць захапіць фрэйдысты», - сурова адказаў я і своечасова зняў з блакітнага плота адважную дачку армянскага народа, на крутых клубах якой ужо трашчала шчыгульная скураная спадніца.

У люксовых апартаментах я выцягнуў з валізкі пару кніжак і сухое адзенне. «Мне выйти?» - далікатна запытала Аня Нагулян і чамусьці села на канапу. Пытанне пра маіх улюбёных пісьменнікаў успрынялося як хатняя загатоўка. У якасці ілюстрацыі да адказу я разгарнуў узятую з сабою «Вежу з чорнага дрэва» Джона Фаўлза і асуджна працытаваў: «Генры ведаў, што грэх - гэта выклік жыццю, не безразважнасць, а акт мужнасці і ўяўлення». «Какой акт?» - удакладніла Аня Нагулян.

На вячэры з дальняга кутка рэстарана на мяне зайздросна глядзелі вочы паэта з паўднёва-заходніх рубяжоў нашае краіны, вядомага тым, што, паводле ягонага ж прызнання ў аўтабіяграфічным літаратурна-мастацкім творы, у кожным гастрольным горадзе ён, паэт, як некалі Феранц Ліст, пакідае спакушаную жанчыну, хоць, адрозна ад славутага папярэдніка, і не зачыняе яе на ўсялякі выпадак на замок. Я падышоў да калегі і з незразумелай злараднасцю прамовіў чужую фразу: «Ну што, старына? Вакол адны голыя жанчыны, але ўсе ў глухіх сукенках без дэкальтэ».

Усё астатняе ў Лепелі склалася проста цудоўна: у адпаведнасці з праграмаю паэтычнага фэсту адбылася экскурсія ў аграфірму «Белая Русь», якая выпускае папулярны ў працоўных паўночнага рэгіёна Бацькаўшчыны напой «Водар мяты» (вядомы ў малаінтэлігентных колах як «Морда мятая»), а пасля прадугледжанай пратаколам дэгустацыі было прыемна збіраць над лепельскімі каналамі аскалёпкі тутэйшае Венецыі, яшчэ нічога не ведаючы пра намер мясцовых рэкеціраў спагнаць падчас паэтычнае вечарыны з яе заезджых удзельнікаў сімвалічную даніну ў беларускіх рублях альбо іх валютным эквіваленце.

За Лепелем галасы аматараў красвордаў, якія раней, нагадваючы зумканне жамяры, успрымаліся пераважна перыферыйным слыхам, пачалі ўсё часцей прабівацца ў мой утульны вопрадзень успамінаў. «Завершение фасада здания... Может, дом?» - «Дура, второе «е». «Главная книга у мусульман». «Тихо, сейчас вспомню. На «кэ».
– «Коран!» - «Ты уверен?»

Кароткі прыпынак у Бягомлі, у чыіх ваколіцах нарадзіўся мой знаёмы паэт Янка Юхнавец, што зноў і зноў бачыць гэтыя мясціны ў сваіх нью-ёркскіх вершах-снах, дзе ён вядзе гутаркі то з Машэкам, то са Скарынам, то з таямнічым персанажам, якога завуць Лесасекам і які ўтлумачвае камусьці Невядомаму, што Гісторыя - гэта крушня, а потым робіць удакладненне, што гэта - памяшканне, дзе адбываюцца нелагічныя выпадкі. Гісторыю пра тое, як у ліпеньскі дзень так званае незалежнасці вось на гэтай аўтастанцыі тутэйшы хлопец павесіў сцяг непажаданых колераў і праз пяць хвілінаў ужо сядзеў у «варанку», Лесасек, безумоўна, назваў бы банальнаю, і тады я дадаў бы апошнюю дэталь: хлопец быў глуханямы.

Ідучы па праходзе, мой спадарожнік з «прэзідэнцкімі» вусікамі кідае позірк на сядзенне побач са мною і гучна, не без нейкага задавальнення паведамляе: «Глянь, Зин, есть ещё чудаки, белорусские книжки читают». Я не бачу, як рэагуе на такое адкрыццё пампушка, але чую яе голас: «Старший сын Адама и Евы, убивший своего брата, четыре буквы». На колькі хвіляў западае маўчанне, потым Зіна няўпэўнена гаворыць: «Кажется, Кай...» - «Дура, а буквы кто считать будет».
– «Спокойно, - уключаюцца вусікі.
– Я знаю. Авин! Точно! Авин убил Кавеля!»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: