Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Дні, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былі цікавейшыя, чым ночы пад накамарнікамі, якія слаба ратавалі ад машкары, павутоў і іншае заедзі, што прагла ўзяць у нас аналіз крыві. Удзень мы заводзілі знаёмствы з істотамі больш адметнымі. На будаўніцтве цагельні разам з намі рабілі зэкі з зоны і вольныя пасяленцы, або папросту хімікі. Зэкі былі падканвойныя, і даступіцца да іх мы не маглі, затое з хімікамі без цырымоній перакурвалі, а то і выцэджвалі пляшку «777-га», што ў белаярскім абыходку з любасцю зваўся «трыма сямёрачкамі».
У выніку супольных перакураў, па-першае, выявілася, што аэрадромны жывапісец з казлінаю бародкай у мінулым быў дацэнтам (тут яго звалі Рэпіным) Ленінградскай акадэміі мастацтваў і дацягваў на вольным пасяленні тэрмін за небескарыслівую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананні дыпломных прац. Апроч ленінаў і брэжневых (Леаніда Ільіча ён дужа не любіў і называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскіх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна «прышпільваў» на пагоны лішнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнік; нягледзячы на несамавітую знешнасць, меў поспех у далёкіх ад мастацтва белаярскіх жанчын і збіраў, а можа, і сам выдумляў анекдоты пра «ментоў». Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Міліцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепіць. «Дзядзю міліцыянера», - адказвае з пясочніцы юны скульптар. «А з чаго?» - «З пясочку, з вадзічкі і з гаўняшкі». Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочніцы. На пагрозлівае пытанне хлопчык адказвае, што лепіць дзядзю пажарніка. Палагаднелы міліцыянт удакладняе - з чаго? «З вадзічкі і з пясочку».
– «А гаўняшка?» Тут юны скульптар хітравата прымружвае вочы: «Э не, тады дзядзя міліцыянер атрымаецца».
З Рэпіным хадзіў, быццам злыганы, гэткі самы дробненькі, як і ягоны патрон, хімік Вася з вострымі блуклівымі вачыма і з мянушкаю Іншапланецянін. У вольным жыцці ён круціў абаранку «МАЗа» і паціху гандляваў руберойдам, цэментам ды іншымі дзяржаўнымі грузамі. Іншапланецянін, што аддана цягаў за Рэпіным фарбы й пэндзлі, пакідаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранікаўся да цябе даверам. Калі так здаралася, ён прапаноўваў адысціся ўбок і, пачынаючы хвалявацца й бліскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпаліся на яго пасля сустрэчы на трасе з іншапланецянінам.
Пасланец чужой цывілізацыі паўстаў перад спагадлівым Васем у абліччы адубелай істоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабіне пасажыр хутаўся ў дзіўнаваты серабрысты балахон і трымаўся таксама дзіўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожніка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзірку, адкуль штосьці свяцілася. Далей аповед рабіўся блытаным і няўцямным. У ім фігуравалі нейкія велічэзныя срэбныя цыліндры, канцэнтрычныя кругі чыстай зямлі сярод сумётаў, украдзены цэмент і чамусьці - падобны да старога стамлёнага габрэя сівы дзядуля з вялікімі, шэрымі, як у начной мятлушкі, крыламі, што, палохаючы мантажнікаў, лётаў у тайзе ўсцяж ліній электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семіцкімі рысамі я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусім нармальнага полацкага хлопца-вахтавіка, якога штомесяц на два тыдні закідвалі самалётам кудысьці пад Нафтаюганск.)
Перакуры звялі нас і з двума ціхімі хлапцамі-блізнятамі, якіх ніхто ўсё адно не мог адрозніць і таму мянушку яны мелі ў множным ліку - Зваршчыкі. На «хіміі» зварачных апаратаў у іх у руках ніколі не бачылі, але на волі браты сапраўды працавалі зваршчыкамі і недзе пад Цюменню пасадзілі ў трубаправод і акуратна заварылі начальніка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлівага закрыцця нарадаў, мог паўзці да самай эўрапейскай часткі СССР, а ўперад нагамі - усяго нейкіх кіламетраў дваццаць. Начальнік здолеў абраць правільны маршрут і, нібы прарок Іёна з чэрава левіяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцілі газ. Дзякуючы гэтаму блізняты атрымалі на судзе няшмат. Зрэшты, калі б начальнік папоўз у Эўропу, мо не атрымалі б нічога, бо сведкаў у тундры не было.
Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстані докерамі. Поплеч з намі варочалі скрынкі з «777-м» і з няспелымі яблыкамі трое бічоў - два грывастыя нямытыя і няголеныя хлопцы і дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы і не прыцьмелыя вочы колеру мешкавіны - можна было б назваць «русской красавицей». Дзяўчына, праўда, скрынкі не цягала, а асядлаўшы адну з іх, бясконца курыла, запіваючы цыгарэтны дым дагестанскімі «трыма сямёркамі». За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькі раз - дзеля таго, каб, схапіўшы мяне за рукаво штармоўкі, прамовіць: «Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку». Уражаны тым, што бічоўка чытала Ніцшэ, я ледзьве не выпусціў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справіцца з цяжарам, каралеўскім рухам пераправіўшы са скрынкі да сваіх ног яшчэ адну пляшку, і зноў патанула ў філасафічным маўчанні.
Увечары, калі на беразе Кеці мы замочвалі з бічамі докерскі заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегі вучыліся ў маскоўскім авіяцыйным інстытуце, два гады таму прыехалі сюды ў будатрад і, надыхаўшыся сібірскаю вольніцай, назад у сталіцу не вярнуліся. «А пошла она в аэродинамическую задницу!» - з прафесійнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авіяканструктарка.
Напрыканцы балюшкі бічы пачалі бесцырымонна-слінява цалавацца - усе ўтраіх - і ўрэшце, прыхапіўшы па пляшцы «777-га», дружна залезлі пад перакулены баркас.
Раніцой мы сталіся сведкамі іхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалі па беразе, робячы фізічныя практыкаванні, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку і падзяліла на тры кавалкі хлебную гарбушку. «Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы...
– невядома да каго з нас летуценна прамовіла яна і, соладка пацягнуўшыся, какетліва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас».
У Бл. Яры я паспеў пазнаёміцца і з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобін, дзе прамінула ягонае дзетдомаўскае дзяцінства.