Уладзімір Арлоў
Шрифт:
За Лагойскам снегу ўжо няма. Дзе-небудзь пад тым Гомелем, куды хацеў трапіць расейскі танкіст, відаць, яшчэ збіраюць радыеактыўныя грыбы. Усё-ткі мы немалая ў эўрапейскіх сумерах краіна і дакляраваная п'яным лейтэнантам «генеральная утюжка» бульбашоў можа атрымацца не такой ужо хуткай і гладкаю, як мроіцца камусьці са стратэгаў.
Гэтая выснова грэе мяне нядоўга. «Новое европейское государство, восемь букв, - чытае Зіна і сама ж прапануе адказ: - Беларусь». Злёгку пачырванець ад сораму за свой снабізм мне не ўдаецца. «Ну ты даешь, - кажа бязвусы.
– Какое это, к черту, государство?» Давай, «прэзідэнт», тваё слова, пад'юджваю я вусатага, аднак той прыкончыў «Жириновского» і ціхамірна кімарыць.
На ролю дэкарацыяў да гэтае мізансцэны «Ікарус» прапануе цэлы горад з сотняў асабнякоў, што выраслі тут за гады нашае суверэннае незалежнасці, люструючы эстэтычныя арыентацыі шырокага спектра менталітэтаў - ад мінгрэльскага да александрыйскага. У раннім сутонні гэты цёмны горад-спадарожнік з непадведзенымі камунікацыямі ператвараецца ў разгорнутую метафару «нового европейского государства».
Леваруч мільгаюць бараўлянскія шпіталі, дзе чвэрць стагоддзя таму мой бацька выслухаў смяротны прысуд, пасля якога ўпершыню з вясковага дзяцінства зноў загаварыў, прынамсі са мной, па-беларуску. Аналогія ўжо гатовая адарвацца ад сваёй пратаплазмы і пачаць самастойнае жыццё, аднак дарогу ёй і аўтобусу перагароджвае на ўездзе ў Менск шлагбаўм з аўтаматчыкамі. Праўда, ніякіх трывожных асацыяцыяў з «ноччу доўгіх нажоў» не ўзнікае. Душа, наадварот, песціцца ў цёплых хвалях спакою за сваіх спадарожнікаў: у той час, калі бяскрылыя разгортваюць крылы, аматарам красвордаў нічога не пагражае.
Мой «Ікарус» яшчэ не здолеў прывыкнуць да людзей з аўтаматамі на знаёмай мірнай дарозе, таму на першым скрыжаванні ледзьве паспявае спыніцца перад каламутна-чырвоным вокам святлафора. Так і не даўшы рады «вспомогательной исторической дисциплине, изучающей гербы» (10 літараў), затое нечакана бліскуча адолеўшы «человека с одновременными признаками мужского и женского пола» (11 літараў), Зіна з двума сваімі целаахоўнікамі грацыёзна выгружаецца ў раёне вуліцы імя «партийно-правительственного деятеля БССР» (6 літараў, першае «к»), што, як сведчаць шматлікія відавочцы, да самога адыходу ў лепшы свет так і не навучыўся правільна вымаўляць назву «машины для езды, колеса которой приводятся в движение ногами с помощью педалей» (9 літараў), упарта мянуючы яе «лісапедам».
Бывай, мой «Ікарус». Пакуль я не цалуюся з табою, як адна вядомая асоба цалавалася з канём на турынскіх вуліцах. Таму далей мяне павязе не машына з шыракаплечымі санітарамі, а звычайны зачуханы тралейбус. Павязе да самага гастранома, каля якога днямі ў маім жыцці - на шчасце кульгаваму голубу і на гора галоднаму алкашу - знайшлося месца подзвігу.
На прыпынку я старанна адганяю думку пра суму нулёў, якая ў выніку дае зусім не нуль, а пагрозліва буйную лічбу. Я веру газетам, вядомым публіцыстам і жывым народным пісьменнікам: вось вырасце новае пакаленне з новымі ідэаламі, сцягамі еtс... Адзін з гэтага пакалення ўжо вырас настолькі, што просіць у мяне закурыць. Хто сказаў, што новая генерацыя нашых маладых грамадзянаў пры ўсіх сваіх высокіх ідэалах не будзе мець права выпіць? Пагатоў калі рэалізацыя такога права спрыяе непарушнай сувязі бацькоў і дзяцей, доказам чаго ёсць такі мілы зварот да мяне - проста «барада». Апрача таго, я ўжо ведаю, што мой новы знаёмы - архітэктар. Магчыма, хлапец хутка заменіць Валеру Слюнчанку і адновіць карпусы Полацкай езуіцкай акадэміі альбо віцебскую царкву Звеставання.
Будучы дойлід без лішняй сарамяжлівасьці гатовы падзяліцца творчымі планамі. «Вот мы с тобой, борода, на каком проспекте стоим?... То-то и оно, что Рокоссовского. А где, я тебя спрашиваю, памятник? Где?
– пераможна пытаецца Валераў спадкаемец.
– Я думаю, большой ставить не будем. Метров двадцаць пять хватит. Ну что, борода, скажешь?»
Новае пакаленне чакае, і я адказваю пытаннем з крыжаванкі: «Ты ведаеш, як звалі старэйшага сына Адама і Евы, які забіў свайго брата?..»
Сібірская аповесць
Нічога не памерла ўва мне, толькі ілюзіі.
Генры Мілер
У гэтай гісторыі пойдзе гаворка пра падзеі, якія насуперак усяму сапраўды адбыліся, а таксама пра падзеі, якія павінны былі адбыцца, але ў апошні момант сарваліся; якія чакаліся, аднак так і не здарыліся; якія адбыліся не так, не тады і не з тымі; якія здарыліся, але былі прызнаныя несапраўднымі; якія ніколі не адбываліся і не маглі адбыцца, аднак зрабіліся агульнавядомымі і нават трапілі ў энцыклапедыі.
Рэмінісцэнцыя з забытага аўтара
Загадкавае слова «Сібір» жыццёвыя вятры ўпершыню закінулі ў маю свадомасць, калі я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкіх суседзяў прыехаў з гэтага самага «Сібіру» нейкі крэўны.
Сібірскі сваяк выцягнуў з вагона багаж і ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляіну папярэджанне: «Сцеражыся цягніка!» Зацкавана азірнуўшыся, ён выплюнуў з рота «беламорыну» і, схапіўшы валізы, вомегам кінуўся далей ад вакзала і ад сціжмы беларускіх зладзюгаў-цягнікоў, гатовых вокамгненна прыставіць ягонаму майну ногі.
Гэтую показку на нашай вуліцы не распавядаў хіба што глуханямы дзед, які жыў са сваімі двума тузінамі катоў каля пампоўні. Слухачы дралі смехам бакі, і я рагатаў разам з усімі, хоць напачатку - адно за кампанію, бо, што такое «цягнік», ведаў не лепей за сібірскага чалдона.
Згадка пра маю першую сустрэчу з Сібірру твар у твар пахне не кедравай жывіцаю і не гарачымі пельменямі, а - свежай чалавечаю юшкай.
Каляндар паказваў чэрвень, пік гэтак званага застою. Пахаваўшы бацьку, я даганяў свой студэнцкі будаўнічы атрад (скарочана - СБА) «Victoria», што ўжо карміў беларускай крывёю сібірскую камарэчу на стромістых берагах ракі Кець.