Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Дзверы пакоя мелі матавае шкло і адчыняліся ўсярэдзіну. Выхад у пад'езд вартаваў, седзячы на пыльнай антрэсолі, памаранчавы плюшавы сабачка. Я выйшаў на лесвічную пляцоўку і націснуў гузік званка. Сабачка заскакаў і зайшоўся вясёлым брэхам. Дзверы зачыняліся на ланцужок і на тры замкі. Я падумаў, што гэта занадта, і наважыў карыстацца двума. У сумешчанай з туалетам ваннай нічога прыкметнага, апрача вялікага павука, не сустрэлася.

Усё, што я пішу зараз, можа здацца занудліва-неістотным, але я адчуваю неабходнасць зафіксаваць гэтыя дробязі, бо неўзабаве літаральна кожная з іх набудзе велізарную значнасць.

Канец вечара быў далёка, і я прыступіў да больш блізкага знаёмства з пакінутымі аматарам Шапэна рэчамі.

У сценнай шафе пры ложку ляжалі дзве коўдры і дзве падушкі. На ніжняй паліцы стаяў прэзентаваны прайгравальнік. Падбор кружэлак выглядаў досыць страката: Вівальдзі, сярэднявечная лютневая музыка, «The Beatles», санаты Чурлёніса, «Песняры» і два маленькія дыскі дзіцячых казак. Запісаў Шапэна насуперак чаканню не аказалася.

У дадатак да мапы і гадзінніка ў кватэры прысутнічала яшчэ адна рэч з прэтэнзіяй на арыгінальнасць. Паміж дзвярыма і кніжнымі паліцамі месціўся акаваны меддзю куфар, зроблены, відавочна, не вясковым майстрам, а гарадскім імітатарам, якому не хапіла густу, і ён прымалаціў на пярэдні бок пяць медных літараў: SEZAM. (Светлыя драпіны на фарбаванай драўлянай падлозе, якія сведчылі, што гэтую частку абсталюнку - і няраз - падцягвалі да дзвярэй, я заўважу значна пазней.)

Куфар быў пад самае вечка наладаваны розным жалеззем і інструментамі, паўзверх якіх ляжала вераўчаная турыстычная лесвіца з кіпцямі-зачэпамі. З выгляду яна наўрад паспела паўдзельнічаць у сур'ёзных падарожжах. Пакруціўшы знаходку ў руках, я змеціў заводскую налепку з даўжынёю - 10 м і механічна адзначыў, што гэтага якраз хапае, каб спусціцца па сцяне з майго трэцяга паверха.

Пакінуўшы ў спакоі куфар, я заняўся кнігамі. Перад сном заманулася пачытаць, і я зняў з паліцы лімонавы том Акутагавы Руноске. Паміж старонак «Жыцця ідыёта» знайшоўся лісток з вучнёўскага сшытка ў кратку. Дзіцячая рука фламастэрам намалявала на ім пяціпавярховік з жаночым тварам у вакне трэцяга паверха. Малюнак не меў у сабе нічога незвычайнага, а вось надпіс мяне збянтэжыў і нават трохі занепакоіў.

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

НЕ МОЖА

Словы, дзе хавалася трывога, а мо і роспач, належалі відавочна не дзіцёнку, хоць і былі напісаныя буйнымі друкаванымі літарамі, што тоўпіліся і, як сляпыя, натыкаліся адна на адну. Так мог пісаць чалавек на моцным падпітку альбо ў скрайняй расхваляванасці.

Тут, безумоўна, таілася нейкая загадка, і яе бударажлівае адчуванне абяцала пераўтварыцца ў сюжэт, а потым у навелу.

Паляжаўшы колькі хвілінаў у цемры, я павярнуўся да сцяны-мапы і ўключыў падсветку. На жоўта-зялёнай прасторы хутка ўдалося знайсці Парыж, а за ім - Лондан і Стакгольм. Дом аддзяляла ад вуліцы такая адлегласць, што шум транспарту сюды не далятаў. Чорныя кропкі з назвамі эўрапейскіх сталіцаў зрушыліся з месца і закружыліся ў карагодзе. Я дрымотна націснуў клавішу на панелі і, засынаючы, паспеў усцешана падумаць, якія ціхія вечары чакаюць мяне наперадзе.

Другі камплект ключоў спатрэбіўся нашмат раней, чым я меркаваў.

Я наняў кватэру ў сакавіку, а на пачатку наступнага месяца яна ўжо чула жаночы голас.

Як і абсалютная большасць такіх знаёмстваў, нашае - ад сустрэчы на стаянцы таксі да пакінутага нумара тэлефона - было наборам банальных слоў і ўчынкаў. Праўда, тэлефон я даў свой - не столькі таму, што Наташа мне адразу спадабалася, як з прычыны беспрасветна здзеклівага маўчання майго белага тэлефоннага апарата.

Я не цешыў сябе спадзяваннямі на прарыў гэтае блакады, але праз два дні тэлефон загаварыў Наташыным голасам.

Яна зрабілася маёй у самы першы візіт сюды і потым прызнавалася, што вельмі праз гэта перажывала. У тыя дні нашы адносіны ўжо дазвалялі мне растлумачыць Наташы, што яна проста даверылася жаночай інтуіцыі, а тая нашэптвала, што новы знаёмы не будзе траціць час на дзеянні, якія адзін ягоны сябар калісьці назваў танцам паўліна. Мая сяброўка згадзілася. Яе русая галоўка з дзвюма падкручанымі ля скроняў даўгімі кудзеркамі ляжала ў мяне на плячы. Чорная штора захінала нас ад дзённага святла і астатняга свету. З прайгравальніка, якому пасля Наташынага з'яўлення я вызначыў месца на століку каля мапы, лілася лютневая музыка, а на падлозе пры ложку стаяла пляшка чырвонага віна.

Наташа сказала, што ні ў чым не раскайваецца, і, не падымаючыся, напоўніла шклянкі. За вакном быў травень, і на сажалцы каля былых лютэранскіх могілак у шарую гадзіну пачыналіся жабіныя канцэрты.

Назваць той час шчаслівым было б няшчыра. Як акрэсліць яго больш дакладна?.. Ён поўніўся жыццёвай энергіяй. Ён быў падарункам лёсу, хоць часам я падазраваю, што таемныя сілы, якія неўзабаве зацягнулі мяне ў свой водаварот, усяго толькі вырашылі даць мне адпачынак перад блізкімі выпрабаваннямі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: