Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

З кішэні Міша вытрас жменю перамяшаных з махоркаю кедравых арэхаў.

Гэта было апошняе прывітанне з Сібіры.

Краявід з ментолавым пахам

Рукапіс, прысланы ў зялёным канверце

Цяпер, вядома, можна сцвярджаць што заўгодна: суадносіць дату на паштовым штэмпелі з загадкавай смерцю аднаго літаратара, якога ў тыя самыя дні знайшлі павешаным ва ўласнай кватэры; спрачацца, жаночай ці мужчынскай руцэ належыць буйны круглявы почырк, што не пакінуў на прысланым мне пульхным зялёным канверце зваротнага адраса; строіць кпіны з маёй знаёмай, якая дагэтуль перакананая, быццам той канверт сапраўды захоўваў пах добрых ментолавых цыгарэтаў, хоць ускосныя дэталі дазваляюць датаваць рукапіс канцом 80-х ці самым пачаткам 90-х гадоў... Што да вядомага псіхіятра, якому я прапанаваў выступіць у якасці эксперта, дык ён, вяртаючы гэтыя чатыры дзесяткі драбнютка спісаных старонак, абмежаваўся цьмянай фразаю пра суму выпадковых велічыняў, дзе дапускаецца літаральна ўсё. Магчыма, якраз згаданая акалічнасць і схіліла мяне да публікацыі рукапісу без усялякіх купюраў і каментароў.

Апошнім часам я часта звяртаюся да свайго з'яўлення тут, у старой аднапакаёўцы, якая... Мне хацелася напісаць нешта накшталт, «якая адыграла ў маім жыцці такую ролю», аднак роля працягвае іграцца, і я магу памыліцца ў вызначэнні парадкавага нумара дзеі. Урэшце, сама зацяганая метафара тэатра выглядае тут недарэчнай, хоць я і маю падставы назваць гаспадара кватэры акторам. Але цяпер, калі падзеі таго дня, а праўдзівей, той размовы, адрэстаўраваныя да паўтонаў і запісаныя ў памяці нібыта на відэастужку, якую можна спыняць, адкручваць назад альбо пускаць на запаволенай хуткасці, я магу сказаць, што актор ён быў кепскі. Ужо адзін спалоханы ўздрыг, калі на кухні ўключылася лядоўня... Альбо мізансцэна з трэцяй параю ключоў... Хоць гэта яшчэ як паглядзець...

Ён стаяў вось там, каля майго адзінага вакна. Няўжо ён імкнуўся захінуць сляды, пакінутыя на падваконні лапамі вераўчанае лесвіцы? А мо спадзяваўся схаваць іх ад самога сябе, як, дарэчы, і пакінуты мне ў спадчыну прайгравальнік? Наогул, цяпер мне здаецца, што - асэнсавана або інтуітыўна - ён рухаўся па кватэры дакладна вызначаным маршрутам, што дазваляў не сарвацца і давесці гаворку да канца, каб ніколі больш са мною не бачыцца.

Ён быў прыкладна майго веку, меў нервовы твар і раннюю сівізну. Я чамусьці падумаў, што такія людзі схільныя да інфарктаў. Дадаць да гэтага невыразнага партрэта мне, бадай, няма чаго. Ну, можа, яшчэ ягоную худзізну, якую я, памятаецца, спачатку з прыхільнасцю назваў сам сабе шляхетнаю.

Сустрэўшыся з ім на вуліцы, я прайшоў бы міма - не пазнаўшы ці не захацеўшы пазнаць яго.

Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзілася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзілі зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў і цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Відаць, гарадская геаграфія і сталася галоўным аргументам, бо ў тыя дні я меў цвёрды намер бараніць сваю адзіноту і найперш шукаў спакою.

– Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада.

– Мяне гэта не палохае. Вальтэр пісаў, што літаратар павінен жыць паблізу мяжы, каб зручней было ратавацца.

– Вы літаратар?
– не падтрымаў майго тону, але відавочна зацікавіўся ён.

Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае інкогніта, я няпэўна кіўнуў. Згадка пра род маіх заняткаў, безумоўна, была лішняю.

– У такім разе...
– з выцвілай усмешкаю загаварыў ён і не скончыў.

Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалі ў ягонай кішэні, а брыжык з ключамі - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнігамі і пастараўся запомніць колькі непазбежных у такіх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак і талонаў на электрычнасць. Усе інструкцыі былі прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталіся непералічанымі. Яшчэ хвіліну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота.

– Увосень парк проста чароўны. Асабліва клёны...

Жывучы тут, ён павінен быў ведаць, што гэта не зусім парк, а - старыя лютэранскія могілкі, па якіх гадоў дваццаць назад праехаліся бульдозеры. Я не палічыў патрэбным дзяліцца сваімі ведамі і конча ўпэўніўся, што размова здоўжыцца.

– Вы збіраецеся жыць адзін?
– запытаўся ён і папрасіў дазволу закурыць.

Просьба падкрэслівала мой новы статус і таму спадабалася, пытанне - не.

Ён зняў з кніжнай паліцы масіўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбітым рогам і глыбокімі пустымі вачніцамі.

– Гэта для вас істотна?
– вярнуўся я да пытання, з кім збіраюся жыць.

– Ва ўсякім выпадку не ў такой ступені, як для вас, - адказаў ён і, імгненна ўсвядоміўшы абсалютна неадпаведную сітуацыі рэзкасць, перапрасіў.

Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся і, спалатнеўшы, выпусціў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапіла, каб уся мая ўквеленасць знікла, і я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такі прыліў шкадавання, што не прыдумаў нічога лепшага, чым паведаміць пра свой развод і прагу самотнага супакою.

– Як вы сказалі? Не хочацца пражываць чужое жыццё?
– з дзіўнай інтанацыяй паўтарыў ён і строс попел у адну з чортавых вачніцаў. У ягоных тонкіх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка.
– Ну, тады ў вас...

Трымаючыся сваёй завядзёнкі, ён абарваў фразу і нечакана выняў другі камплект ключоў.

– Ведаеце, я пакіну вам і іх. Магчыма, у вас усё-такі хто-небудзь з'явіцца.

Пасля маіх слоў пра пошукі спакою гэтае дапушчэнне выглядала не зусім лагічна, аднак значна больш нелагічны быў яго наступны ўчынак. У нервовых пальцах з'явіўся ўжо трэці брыжык з ключамі. Гаспадар патрымаў іх на далоні і працягнуў мне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: