Вход/Регистрация
Ордэн Белай Мышы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Чмыхлівы дызель прывёз нас па «нашай» вузкакалейцы ў Бл. Яр, дзе мы ўбачылі будатрад «Victoria» ў апагеі разброду і маральных хістанняў. Шырыню фронту работ вызначала замова на дзве прыбіральні-шпакоўні для аэрадрома, дзе нам з Генікам як ужо вядомым спецыялістам з ходу даверылі выканаць пачэсную частку працы. Не маючы за што зацяць рукі, байцы СБА выпівалі, гулялі ў карты на вушы, задзіраліся з мясцоваю шпаной і лавілі брадніком у старыцах рыбу. Камандзір атрада, аспірант Валодзя Засохін, нажлукціўшыся грамадскага каньяку, вырашыў пакатацца на грузавіку і знёс палову дашчанай сталоўкі.

Рэпін-дацэнт тым часам выйшаў на волю, а цыганаваты Сашка вярнуўся на зону: акуратна разабраў у прадуктовай крамцы шыферны дах, украў дзве пляшкі гарэлкі і пару селядцоў, выпіў на мураве проста пад крамнаю сцяной, пажаваў салёны рыбін хвост і бесклапотна задрамаў на месцы злачынства, дзе і быў праз гадзіну забраны міліцыянтамі.

Апошняй прыкметнай падзеяю напярэдадні вяртання на радзіму сталася нашая па-дзіцячаму дурная бойка - не падзялілі шчупакоў - з Чэсем Мікульскім. Мы біліся на беразе старыцы, намагаючыся скінуць ворага ў прыбярэжную бузу з густым багавіннем. Я перамог, каб потым да заканчэння альма-матэр мучыцца згрызотамі сумлення, бо Чэсь пасля Новага года памёр ад раку, і казалі, нібыта, едучы ў будатрад, ён ужо ведаў, колькі яму засталося.

Дзесьці наверсе вырашылі, што збіраць з томскай тайгі ўсю колькітысячную будатрадаўскую брацію ў абласным цэнтры небяспечна, і эшалоны фармавалі і адпраўлялі на захад у гарадку Асіна, якому было наканавана перажыць выпрабаванні, параўнальныя хіба толькі з падзеямі грамадзянскай вайны і замежнае інтэрвенцыі.

Па-першае, у крамах былі раскупленыя ўсе наяўныя прадукты, у тым ліку - і найперш - каламутнае, як вада з калюжыны, тамтэйшае піва, дзе, здавалася, ты на ўласныя вочы, без усякіх мікраскопаў бачыў жывых бактэрыяў і мікробаў.

Добра, каб гэтую балоціста-жоўтую каламуць спажывалі адно загартаваныя студэнцкія галовы і страўнікі, але ж ёю пачаставалі яшчэ і двух ніштаватых ужо медзведзянятаў, якіх везлі з сабою хлопцы з рыжскага інстытута грамадзянскай авіяцыі. Ачумеўшы ад піва, мядзведзікі ўначы сарваліся з ланцугоў і ўволю нагойсаліся па чэзлым райцэнтраўскім парку, дзе на лавачках і проста на траве спалі будатрадаўцы. З дзесятак байцоў пасля той вясёлае ночкі грузіліся ў эшалоны з забінтаванымі рукамі і галовамі, а яшчэ з дзесятак доўга заікаліся. Самі касалапыя мелі выдатны шанец уратавацца, вярнуўшыся ў родную тайгу, ды невядомая цёмная сіла пацягнула іх з парку да райкама партыі, дзе дзяжурны пост міліцыі сустрэў бурых дыверсантаў шчыльным загараджальным агнём.

На свой вагон мы ўрачыста пачапілі лозунг-плагіят з белаярскае зоны пра «честный труд - дорогу к дому».

Дарога дадому выпала галодная, бо цягнік падоўгу стаяў сярод дзікай тайгі, а станцыі, дзе згаладнелыя байцы маглі нечага прыкупіць, мінаў на кур'ерскай хуткасці. Для Новасібірска зрабілі выключэнне, і прывакзальны пляц стаўся сведкам відовішча, як дзве кроплі вады падобнага да прыступу Зімовага палаца з рэвалюцыйных фільмаў: байцы ў зеленкаватай будатрадаўскай форме з разгону караскаліся на высокую прывакзальную браму, збівалі з яе замок і, не раўнуючы, як экспрапрыятары, ламаліся з пустымі пляцакамі ў магазіны. Эшалону як найхутчэй далі зялёнае святло, і цэлы ўзвод байцоў з напакаванымі заплечнікамі ўбачыў ад свайго цягніка толькі зялёны хвост.

Пасля Новасібірска сэрца ў чыгуначнага начальства адпусцілася, і мы ўжо спыняліся на невялікіх станцыях, дзе да вагонаў кідаліся зграі гандлярак. Любы прадукт - тры разварыстыя бульбіны з салёным агурком, нядошлая таранка-сухарэбрыца, пачак леташняга пячэння - каштаваў рубель.

Гэткую агорклую аднастайнасць парушыла з'яўленне тавару больш дарагога.

Тавар звалі Кацюшай.

Даўно выжлукціўшы падазрона празрыстае новасібірскае піва, мы журботна шукалі нейкую адпаведнасць свайму настрою ў восеньскіх прыўральскіх краявідах, як у купэ літаральна ўварвалася крамяная кірпатая маладзёнка. У руках у яе быў кошык з вафлямі, на шчоках гарэлі ружы, а голас звінеў, як хор вясновых сініцаў: «Приветик, мальчики мои, бедненькие, голодненькие, трезвенькие... Ну че приуныли? По червончику, и я - ваша. Думайте, мальчики, думайте, другие уже надумали». Яна ўзмахнула пышнай хімічнаю фрызурай, і праз хвілю яе скорагаворка ўжо данеслася да нас з суседняга купэ.

Не трэба падазраваць нас у сквапнасці або ў занадта высокай маральнасці. Тым не менш нашае купэ ад спакуслівай прапановы дружна (калі не браць пад увагу пакутлівыя ваганні Чарніловіча) адмовілася. Мабыць, намі кіравала інтуіцыя.

Пералічыўшы сумленна заробленыя чырвончыкі, Кацюша пакінула эшалон ужо далёка за Ўралам. Байцы з трох вагонаў тройчы пракрычалі ёй «гіп-гіп-ура!» і асамотнена разбрыліся дзяліцца ўспамінамі пра алькоўныя выкрунтасы сібірскае гетэры ды пра свае мужчынскія здабыткі. Подзвігі байцоў трох менскіх будатрадаў выглядалі гэткімі маштабнымі, што на іх здзяйсненне не хапіла б і дзесяці Кацюшаў. Міхася Чарніловіча такія размовы відочна нервавалі, і ён пачынаў на нас непрыхільна касавурыцца.

На занядбаных абшарах расейскага нечарназем'я волаты чыгуначнага сексу быццам па камандзе замаркоціліся, і па вагонах прашасцела хвастом лёгкая паніка...

Цяпер Чарніловіч пеўнем хадзіў па чужых купэ і, зларадна малюючы пакутнікам усялякія жахі, бескарысліва прапаноўваў свае медычныя кансультацыі.

Ва ўсеагульным няшчасці адразу ж захлынулася прага помсты нашаму таварышу Юру Асіноўскаму, што апанавала была вагон паміж уральскіх адгор'яў.

Недзе на мяжы Эўропы з Азіяй ціхмяны баец Юра са спалатнелым тварам выйшаў з купэ і дрогкім голасам папрасіў склікаць атрадны сход, дзе мы даведаліся, што ў Асіноўскага прапалі з валізы ўсе чыста грошы. Бязрадасную навіну аздаблялі звесткі пра хворых бацькоў, не вельмі здаровую малодшую сястрычку і хворую на якуюсьці складаную хваробу кароўку. Да пераліку чужых хваробаў бядак сарамяжліва дадаў кранальную падрабязнасць: ад празмерных перажыванняў у яго сапсаваўся страўнік і разгулялася крывавая мытуха.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: