Уладзімір Арлоў
Шрифт:
За прапрапрадзедам Цыпрыянам пачынаецца сьцяна непрасьветнае цемры, у якой бясьсьледна губляюцца карані майго радаводу; пра крону ж, спадзяюся, паклапоцяцца мае сыны і ўнукі, калі, вядома, не ўмяшаецца кашчавая рука Чарнобылю.
Апошняе, пра што, улучыўшы нагоду, хачу тут сказаць, — адкуль у мяне расейскае прозьвішча.
Найперш пакаюся, што быў час, калі я зусім паважна меўся перамяніць яго на іншае ды нават пачаў падпісваць тым, іншым, свае літаратурныя практыкаваньні. На шчасьце, Бог утрымаў мяне ад больш рашучых захадаў, і я не зьняважыў памяці вядомых і невядомых мне продкаў, якія мелі гэтае прозьвішча і большасьць якіх, хочацца верыць, належала ўсё ж да людзей сумленных і годных.
Што да самога прозьвішча, дык трэба пачаць з таго, што, калі Расея захапіла нашы «исконно русские» землі, Кацярына II, а потым ейны сын Павел I «пожаловали» тут свайму дваранству 208,5 тысячы душ «мужеска полу». Такім чынам, блізу мільёна беларусаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў, нібы менавіта ў гэтым была адвечная мара нашага народу, які, паводле афіцыйных герадотаў, ніколі ня меў большага клопату, як чакаць з усходу вызваліцеляў. Нават пасьля таго, як Іван Жахлівы вызваліў Полацак ад палачанаў, а ваявода Трубяцкой — Амсьціслаў ад амсьціслаўцаў. Нават пасьля таго, як у сярэдзіне XVII стагодзьдзя ў вайне з Маскоўскай дзяржавай за няпоўныя пятнаццаць гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася ў два разы. Нават пасьля таго, як у тым самым стагодзьдзі былі перапоўненыя палоннымі беларусамі астраханскія нявольніцкія рынкі, дзе «вызваліцелі» прадавалі нашых продкаў у рабства па тры рублі за галаву.
Былы Сеньненскі павет, адкуль родам мой бацька, уваходзіў у Магілеўскую губэрню, у якой дзясяткі вёсак і тысячы прыгонных атрымаў адзін з фаварытаў расейскае імпэратрыцы граф Арлоў. Вядома, часам мяне апаноўвае спакуса вывесьці радавод менавіта ад яго. Канчаткова не закрэсьліваючы і гэтую вэрсію, мушу зазначыць, што, пэўна, усё было больш банальна, бо ў роднай бацькавай вёсцы Арловы жывуць амаль у кожнай хаце. Маю спадзяваньне, што сыны парупяцца, каб людзей з гэтым прозьвішчам ня менела.
Мае бацькі большую частку жыцьця, прынамсі, пасьля таго, як пакінулі вёску, на мове сваіх бацькоў не гаварылі. Мае сыны-месьцічы, калі былі малыя, пачыналі часам гаварыць на розных з бацькамі мовах якраз пасьля летаваньня ў вёсцы, дзе іх вучылі «па-гарадзкому».
Тут я чамусьці — не сказаць, каб вельмі дарэчы — прыгадваю знаёмага кінарэжысэра, што аднойчы, гады тры таму, нападпітку наракаў на цяжкое жыцьцё:
— Разумееш, Валодзя, колькі жанчын у мяне было, і хоць бы адна ў ложку слова па-беларуску сказала.
Я суцешыў гаротніка тым, што ўбіраюцца ў сілу працэсы нацыянальнага адраджэньня. I не памыліўся. Сустрэўшы мяне днямі (хацелася напісаць: на вуліцы, але буду шчыры — у бары менскага Дому літаратара, дзе ўвесь час сядзіць паэт А. Сыс), маэстра з пачуцьцём, так бы мовіць, нацыянальнага задавальненьня, усьцешана паведаміў, што ў ягоныя абдымкі (відаць, паводле тэорыі імавернасьці) пачалі ўжо трапляць і нацыянальна сьвядомыя прадстаўніцы прыўкраснай, як пісаў Караткевіч, паловы нашага народу.
На двары ўсчынаецца крык, і я падыходжу да вакна. Вакол жоўтае цыстэрны зь півам (па-мясцоваму — сьвінаматка) віруе натоўп (па-мясцоваму — пленум). Мой сусед, ужо яўна й даўно разьмяняўшы пазычаны чырвонец, адпіхвае ад цыстэрны старога зь бітончыкам.
— Подумаешь, удостоверение! У нас у каждого по десять удостоверений! У меня вон дед — герой борьбы за советскую власть. Врагов народа от справедливого гнева товарища Сталина в ГУЛАГе охранял! А другой дедуля у Булак-Балаховича за наше светлое будущее боролся. Националист проклятый! А ты ко мне со своим удостоверением лезешь. Я тебе русским языком сказал: сховай удостоверение!
Вяртаюся да стала, каб дапісаць апошнія словы.
Мяркуйце самі, як абышліся б са мною продкі-крывічы.
А з вамі, шаноўныя?
Думаю, шанцы ў нас прыблізна аднолькавыя.
А таму — ці не паспрабаваць скласьці радавод і вам?
Чэрвень, 1990
За бугром, за рэчкай
Вугорскі дыярыюш
Рэчка гэтая — Тыса. Пра яе распавёў нам некалі савецкі пісьменьнік А. Аўдзеенка. Зь дзяцінства засталося ўражаньне: плюнеш над Тысаю — абавязкова трапіш ці ў бандэраўца, ці ў шпіёна, ці ў чэкіста або ў якога іншага чалавека асобага складу. Гэта на нашым баку, а што на іхнім — і ўявіць было боязна.
Апанаваны ўспамінамі, стаю над Тысаю й рыхтуюся да мытнага агляду.
Там, за рэчкаю, — Вэнгрыя, Вугоршчына.
Першае, што заўважаеш, трапіўшы ў Вугоршчыну, — мадзяры гавораць, пяюць песьні, вучаць дзяцей і моляцца ў храмах на сваёй мове. Ужо за адно гэта яны вартыя больш людзкага жыцьця, чым беларусы.
У Дэбрэцэне, першым вугорскім горадзе на шляху нашай менскай турыстычнай групы, мы прачынаемся 15 сакавіка, на ўгодкі вызваленчага паўстаньня 1848 году, задушанага войскамі царскай Расеі — жандара Эўропы.