Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Дзень, зразумела, непрацоўны. На грудзях у кожнага сустрэчнага трохкалёрныя значкі ды стужачкі, у руках дзяцей і дарослых — чырвона-бела-зялёныя сьцяжкі. Сотні гараджанаў з кветкамі вакол помніку Шандару Пэтэфі, верш якога «Нацыянальная песьня» стаўся гімнам паўстаньня. Пачынаю лічыць уторкнутыя ў газон нацыянальныя сьцяжкі. На трэцяй сотні зьбіваюся. (25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі, я падышоў у Менску да помніку аўтару «Пагоні». На голым п’едэстале дагнівалі тры гвазьдзікі.)

Сьцягі — над кожнымі дзьвярыма, на гаўбцах, у вокнах. Падкрэсьлена будзённы толькі адзін будынак. Мо тут жывуць нашчадкі Габсбургаў, супраць якіх паўставалі мадзяры? Не, гэта генэральнае консульства СССР.

Відаць, ягоныя гаспадары ня могуць дараваць мадзярам ні вызваленьня ад камуністычнага дурману, ні вітрынаў навакольных крамаў, каля якіх таўкуцца савецкія турысты.

Каб не забываліся, што яны — прадстаўнікі самай перадавой краіны, ім абмянялі цэлыя 19 рублёў. За 500 атрыманых форынтаў можна 17 разоў праехаць туды і назад на гарадзкім аўтобусе альбо сто разоў наведаць грамадзкую прыбіральню.

Найбольш адметнае ў прапанаванай турыстам вугорскай кухні тое, што і на абед, і на вячэру замест кавы ці гарбаты гасьцей частуюць вадою з крана. Не падабаецца — замаўляй віна, брэндзі ці яшчэ якога пітва, але дзеля гэтага трэба ісьці на рынак і гандляваць правезенаю празь мяжу кантрабандай.

Рынак віруе. Амаль роднымі здаюцца палякі. Грамадзяне СССР, кіруючыся пачуцьцём пралетарскага інтэрнацыяналізму, купляюць двухкасэтнікі «Інтэрнацыяналь» і літровыя пляшкі 96-працэнтовага сьпірту. Мае спадарожнікі распакоўваюць валізы, і выяўляецца, што ледзь ня кожнага другога трэба садзіць. Душу апаноўваюць лятункі пра час, калі пасадзяць тых, хто, зрабіўшы сацыялістычны выбар, змушае нас цягнуць усё гэта празь мяжу.

Празь нейкую гадзіну ў дзьвюх дамачак з нашае тургрупы ўжо шамацяць у руках тысячныя купюры. Яшчэ праз гадзіну ў іх крадуць сумку з таварам, а заадно й партманэткі з грашыма й пашпартамі.

Мацней прыціскаю да грудзей торбу з правезенымі пляшкамі ды пытаюся ў гідэсы, за колькі можна збыць шампанскае. Спадарыня ня ведае: іхняя сям’я шампанскага сабе не дазваляе. Мясныя стравы яна і яе бацькі ядуць два разы на тыдзень — сярэднестатыстычны вугорскі паказчык.

Але ня будзем сьпяшацца шкадаваць гарапашных мадзяраў. Проста ў іх іншыя стандарты. Мяса двойчы на тыдзень, затое свой трохпавярховы дом і непусты гараж. Дый мяса — гэта ня наш нашпігаваны радыянуклідамі жылаваты кусман, урваны ў чарзе, дзе чалавек чалавеку — друг, таварыш і брат. Мяса мадзярка купляе ў такой краме, куды нашай гаспадыні трэба ісьці з валідолам. А замест дарагога шампанскага можна па даступнай цане набыць пляшку «бычынае крыві» або «такаю», або... «Сёньня ў нас у продажы 150 найменьняў вінаў і лікёраў», — сьціпла паведамляе абвестка на адной з будапэшцкіх крамаў.

Тут не пасажыры стаяць у чарзе па таксі, а таксі ў чарзе па пасажыра. Тут немагчыма ўявіць на дзьвярах кавярні ці рэстарацыі шыльду, што няма месцаў. Каб падтрымліваць стандарты жыцьця, сярэднестатыстычны вугорац працуе па 12 гадзін 10 хвілін пяць дзён на тыдзень, але ведае, што, зарабіўшы патрэбныя грошы, ён за некалькі хвілінаў можа купіць амаль усё, чаго прагне душа або цела.

Вышла мадьярка на берег Дуная,

Бросила в воду цветок.

Утренней Венгрии дар принимая,

Дальше понесся поток...

Насьвістваючы песеньку свайго дзяцінства, я шпацырую па сталічнай набярэжнай і не магу пазбыцца ўражаньня, што апошнім часам у Дунай — і ў Вугоршчыне, і ў Югаславіі, і ў Баўгарыі, і ў Румыніі, і ў «нашай» Малдове — найчасьцей кідаюць ня кветкі, але помнікі «правадырам працоўных».

У сапраўднасьці, прынамсі ў Вугоршчыне, было йначай — ленінаў ды ягоных пасьлядоўнікаў рознае масьці, што набліжалі сьветлую будучыню чалавецтва расстрэламі, арганізаваным голадам і бязьлітаснай эксплюатацыяй народу, цывілізавана дэмантавалі й прыбралі далей ад вачэй.

Непараўнана цяжэй дэмантаваць іхнюю спадчыну ў душах і розумах.

Наш гід Пал кажа, што яны ўжо пачалі, а ў нас усё наперадзе.

Наш стукач Саша спрабуе выступіць у абарону сацыялізму.

Сашу мы вылічылі яшчэ ў першы дзень, калі ён распытваў пра золата, валюту і пра тое, ці праўда, што БНФ атрымлівае з Ізраілю зброю.

Не да густу Сашу і гідаў аповед пра народную рэвалюцыю 1956 году, калі, годна доўжачы баявыя традыцыі жандара Эўропы, Савецкі Саюз кінуў супроць Будапэшту столькі ж танкаў, колькі ў 1940-м вёў на Парыж Гудэрыян. Трохі супакойвае стукача паведамленьне, што новыя вугорскія ўлады вырашылі прызначыць пэнсіі сем’ям ня толькі палеглых паўстанцаў, але і забітых у часе баёў вугорскіх «гэбістаў», якія стралялі ў братоў.

— Вот это правильно! — кажа Саша.

— Да, — пагаджаецца спадар Пал. — Все они жертвы коммунизма.

У нас вольны час, і, калі ня йсьці на рынак, можна ўдосталь пагуляць на самоце па Пэшце.

Прыдунайскія кварталы вельмі нагадваюць Парыж, які мы бачылі ў францускіх фільмах. У надземным пераходзе на вуліцы Ракацы на раскладным крэсьле сядзіць мурын. Ён пад гітару сьпявае па-ангельску нешта мэлянхалічнае й непрыхільна пазірае на белага жабрака, што ўладкаваўся на тым баку пераходу. Ля мурынавых ног абцёрханы брунатны капялюш з прыладжанай чырвона-бела-зялёнай стужачкай. Штораз, калі туды падае колькі форынтаў, ільсьняна-чорны твар асьвятляе маціцовая ўсьмешка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: