Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Чэрвень-лiпень, 1995

За што Авiн забiў Кавеля

Сэнтымэнтальнае падарожжа

Нiякi Тарквамада з усiмi сваiмi «гiшпанскiмi чаравiкамi» ды iншым спэцпрычындальлем ня выцягнуў бы зь мяне й дзясятай долi таго, што здатны здабыць чырваналобы «Iкарус», якi раз на месяц вязе мяне з Наваполацку ў Менск. З пэрону яшчэ махае мне сын расейскага афiцэра В. Мудроў, якi вырас там, дзе яго зусiм ня сеялi, i зрабiўся беларускiм пiсьменьнiкам, а ў выстылы салён, што ашчадна захоўвае лёгкi хвалёўны водар паленае гумы, ужо ўрываецца вясёлы рой прыгадак i асацыяцыяў, даўно i надзейна, здавалася, забытых падзеяў i iмёнаў, рэалiзаваных i неажыцьцёўленых сюжэтаў. Да мяне паварочваюцца хмурныя няголеныя твары колiшнiх сяброў, i адразу некалькi параў дасканала адсьлiгаваных жаночых ножак пачашчаюць пульс i прымушаюць бразгаць ключамi ад таямнiцаў. Гэты як быццам зусiм звычайны аўтобус насамрэч — стварэньне надзвычай высокаарганiзаванае i, калi хочаце, нават падступнае: яно выдатна ведае ня толькi тое, якой дарогаю мяне везьцi, але і тое, дзе набраць хуткасьцi, а дзе крыху загамаваць, каб нейкая марудлiвая згадка не засталася самотнiчаць на ўзбочыне.

Адразу за аўтавакзалам праплывае аднапавярховая камянiца рэдакцыi газэты з досыць двухсэнсоўнаю назваю «Хiмiк», у якой я болей за дзесяць гадоў зарабляў на хлеб i вiно i напiсаў першы аповед — пра пеўня, што жыў на адным з наваполацкiх гаўбцоў.

Там, дзе цяпер унiвэрсытэцкiя карпусы, тады разьлягалася зусiм не гарадзкая лугавiна. Спачатку на ёй зацьвiталi дзьмухаўцы, а потым — рамонкi i смолкi, сярод якiх проста пад рэдакцыйнымi вокнамi запякалiся на сонцы даўганогiя iстоты з канспэктамi. Iстоты часта падыходзiлi да майго аблюбаванага матылькамi-крапiўнiкамi разнасьцежанага вакна папрасiць закурыць альбо пазычыць пустую шклянку, дэманструючы зьлёгку прыкрытую купальнiкам ахвоту блiжэй пазнаёмiцца з манатоннымi журналiсцкiмi буднямi за шчыльнымi зялёнымi шторамi, i напрыканцы кожнага траўня я пiсаў галоўнаму рэдактару заяву з просьбаю ўвесьцi на летнi пэрыяд даплату за шкоднасьць. У вынiку падобных вiзытаў мой малодшы калега, што дзяжурыў па нумары, назаўтра разам з падпiсчыкамi зь невялiкiм зьдзiўленьнем убачыў на першай паласе фатаздымак, акуратна надрукаваны дагары нагамi, а мой старэйшы калега пазнаёмiўся з установаю, дагэтуль вядомаю ў горадзе пад бяскрыўднай абрэвiятураю НКВД, што расшыфроўваецца як «Новополоцкий кожвендиспансер». (У тыя часы фасад НКВД аздабляў выцьвiлы лёзунг «Имя и дело Ленина будут жить в веках».)

Вечарамi ў маiм рэдакцыйным кабiнэце зьяўлялiся наведнiкi, цiкавейшыя за легкадумных дзённых мятлушак i стракозаў. Аднойчы ў 1980-м, калi маскоўскiя iдэолягi пакутлiва вырашалi, як адсьвяткаваць 600-годзьдзе Кулiкоўскае бiтвы, каб не пакрыўдзiць братнi татарскi народ, мае дзьверы асьцярожненька адчынiў ахайны дзядуля з пульхным партфэлем i ўстрывожанымi вачыма, што мiжволi прыводзiлi на памяць позiрк пралетарскага паэта Iвана Бяздомнага пасьля апісанага Міхаілам Булгакавым вядомага здарэньня на маскоўскiх Патрыяршых сажалках. Згаданая акалiчнасьць змусiла мяне iнстынктыўна трымацца так, каб памiж мною i вiзытантам абавязкова заставаўся пiсьмовы стол. З гарачага дзядулевага шэпту я даведаўся, што мой госьць удзельнiчаў у Кулiкоўскай сечы, а ў партфэлi — напiсаныя да яе юбiлею ўспамiны.

Да разраду лiтаратараў належаў i полацкi марак рыбалоўнага флёту, якога недзе за ньюфаўндлэндзкiмi банкамi пацягнула за сабой, балюча выцяўшы аб борт, штармавая хваля, што і падказала марскому вандроўнiку iдэю й фабулу будучага раману. Навылёт прапахлы селядцамi манускрыпт пачынаўся бліскучай фразай: «Стране нужна рыба», а завяршаўся падрабязным (з коштамі ў валюце і рублях) сьпiсам падарункаў, набытых аўтарам у розных кутках сьвету для былой нявесты — няўдзячнай здрадніцы.

А вунь за тымi трыма вокнамi зьбiралася нашае лiтаб’яднаньне «Крынiцы», сябры якога за прамiнулыя гады выдалi цэлую бiблiятэку. Аднак гэтым разам асобы, чые iмёны ўжо трапiлi ў падручнiкi i энцыкляпэдыi, пакiдаюць мяне ў спакоi, а зь пяшчотаю згадваецца сьцiплая паэтка, што каля камiну сваiх жаночых успамiнаў павiнна заўсёды думаць пра лiтаратуру зь цiхай удзячнасьцю. Часам я намагаюся ўявiць яе аблiчча й думаю, што яно ня можа быць звычайным, як не была ардынарнаю і яе творчая мэтода, якая назаўсёды застанецца ў аналах калi не ўсяго айчыннага прыгожага пiсьменства, дык, прынамсi, яго полацкае плынi. Рэч у тым, што ў днi нашых досыць частых лiтпаседжаньняў прыблiзна аб адзiнаццатай гадзiне вечара я здымаў трубку i чуў у слухаўцы прыемны мужчынскі голас. Ён рэкамэндаваўся як «муж адной вашай паэтэсы» й ветлiва цiкавiўся, калi мы маем разыходзiцца. Я сумленна адказваў, што каля поўначы, i запэўнiваў клапатлiвага сужэнца, што па-рыцарску праводзiм усiх нашых дам дадому. Так доўжылася гады тры, пакуль таямнiчы голас, адступiўшы ад завядзёнкi, не папрасiў перадаць нашай паэтцы, што сёньня ён зойдзе па яе сам. Я мусiў запытацца, як клічуць прадстаўнiцу гэтай iдылiчнай сям’i i пачуў абсалютна не знаёмае нiкому iмя, пасьля чаго спакойна патлумачыў, што ягоная ўладарка толькi што пайшла.

Перад павароткаю на мост празь Дзьвiну, пад якiм высока над цёмнаю вадою, што хавала карагоды тапельцаў i самоў памерамi з пушчанскiх вепрукоў, мы здавалi дзiцячыя экзамэны на сьмеласьць, я апошнi раз кiдаю вока на былую лугавiну, i ўсьлед мне лопае крыламi знаёмы пугач, што жыў у жарале старое ялiны на ўзьлеску.

На мяжы дня й шарай гадзiны пугач выбiраўся з свайго зацiшнага жытла на сук, каб, самавiта пакруцiўшы вушатай галавой, жудлiва павухкаць, зрабiць рытуальны аблёт лугавiны i ўзяць курс на лясное возера, дзе тады яшчэ вадзiлiся цеплакроўныя ўндзiны, гатовыя аддацца сьмеламу начному плыўцу на залiтым месяцовым сьвятлом плыткаводзьдзi. Вялiкiя шэрыя крылы майго пугача рэзалi паветра над лугавiнаю настолькi бясшумна, што ад iх кругамi разыходзiлася густая, настоеная на паху прывялае травы, шматслойная цiшыня. Яна нiколi не палохала мяне, а абуджала ў вечаровай сутонлiвай душы жаданьне ў адной з будучых рэiнкарнацыяў трапiць на сьвет у iпастасi лупатае птушкi, каб удзень песьцiцца ў мяккiм дупле, а ўвечары паважна выходзiць на сук, духмяны ад разагрэтай сонцам жывiцы, i, палохаючы вусьцiшным вуханьнем ундзiнаў i iхніх каханкаў, ляцець на смачныя начныя ловы. У той дзень, калi экскаватар узяўся капаць на лугавiне катлаван, пугач вылез з схоўкi сярод белага дня i, згубiўшы ад сьвятла арыентацыю, улукаткi паляцеў ня ў лес, а ў бок гораду i ўжо не вярнуўся ў нашыя вечары...

Апрача мяне, «Iкарус» вязе сёньня двух прыстойна апранутых хлопцаў гадоў на дваццаць з гакам, а ў камплекце зь iмi падарожнiчае жыцьцярадасная рыжая маладзёнка, для якой слова «дыета», мяркуючы па габарытах, мае такi самы абстрактны сэнс, як, да прыкладу, «сынхрафазатрон».

Не пасьпеўшы ўладкавацца, кампанiя бярэцца разгадваць газэтны крыжаслоў. «Последователь философского направления, противоположного материализму», — чытае рыжая таўстуня. «Думай, Федя», — кажа хлопец з падобнымi да прэзыдэнцкiх вусiкамi. Чыста паголены Федзя думае i выдае адказ: «Пессимист». Маладзёнка лiчыць лiтары i ўсьцешана абвяшчае: «Подходит!»

Увесь учарашнi дзень падаў пухкi сьнег, але дарожны паказальнiк у прыгараднай вёсцы па-гаспадарску вычышчаны, i сустрэча зь iм узнаўляе ў памяцi чутую ў Лёндане гiсторыю пра памежны валiйскi мост, дзе ўжо колькi стагодзьдзяў штоночы аднаўляецца нязводны надпiс: «Ангельцы, прэч з Уэльсу!» Не, на паказальнiку нiхто ня вывеў: «Расейцы, прэч зь Беларусi!» Пацьвярджаючы славутую беларускую талерантнасьць, навакольная блазнота, як i ў гады майго маленства, нягледзячы на складаныя мэтэаўмовы, не забылася да першае літары назвы старанна падмаляваць зьлева яшчэ адну птушачку, ператварыўшы трывiяльнае Копцева ў рамантычнае прыдзьвiнскае Жопцева.

Гадоў дваццаць таму так званае «Беларускае тэлебачаньне» любiла круцiць задушэўны фiльмец з генiяльным пасажам пра тое, што ў юным горадзе вялiкай хiмii Наваполацку жыцьцё гэткае сьветлае й шчасьлiвае, што нават няма могiлак, бо людзi папросту не памiраюць: пакуль яшчэ маладыя, а там, маўляў, пераможа камунiзм, i, ня выключана, савецкiя вучоныя раскрыюць таямнiцу вечнага жыцьця. Ня ведаю, чым паiлi i ў якiх лазьнях парылi стваральнiкаў жыцьцесьцьвярджальнае стужкi, але добра памятаю, што на гэтай зялёнай высьпе справа ад дарогi, дзякуючы вялiкай хiмii, ужо тады ляжалi пад бярэзiнамi двое маiх аднаклясьнiкаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: