Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Кажуць, што яшчэ ў самыя змрочныя гады мая ціхмяная бабуля неяк выявіла непахісную цьвёрдасьць. Прысланы з раёну начальнік, што кватараваў у ейнай хаце, загадаў зьняць з покуці абразы.
— Яны ў вас есьці ня просяць, — адрэзала баба Аўгіньня з намёкам.
Добра памятаю, што яна прасіла Бога, каб узяў яе да сябе на пачатку лета, тады, калі адцьвітаюць дзьмухаўцы і, калі верыць бабулі, зямля мяккая й лёгкая, як дзьмухаўцовы пух. Бабуліна сэрца спынілася, калі яна сядзела на ганку, крышачы карове буракі. Я пабег на поле па цётак. Мяне абурыла, што яны колькі разоў перапытвалі: «Бабушка заснула?», хоць я недвухсэнсоўна сказаў, што яна памерла.
Гэта здарылася першага чэрвеня.
Яшчэ колькі словаў пра бабуліну сувязь з загадкавымі сіламі хачу дадаць у наступных абзацах — своеасаблівым постскрыптуме, які зьявіўся ў аповедзе пасьля першай публікацыі.
Праз тыдзень, як мой радавод надрукавала газэта «Літаратура і мастацтва» (тыя дні былі, як і чакалася, адзначаныя крыўдамі, папрокамі й прэтэнзіямі, што ў больш ці ў менш тактоўнай форме выказвалі мне сваякі й несваякі — напрыклад, паэт-ляўрэат М.), мы зь сястрою павезьлі маці ў яе Капысіцу.
Пакінуўшы маму з нашай цёткай Вольгаю на печы ў іхняй роднай хаце, мы пад несьціханым дажджом, як заўсёды, занесьлі бабулі Аўгіньні на магілу жменю цукерак. Якраз на пагосьце, нібыта зарадаваўшыся нашым адведзінам, дождж лінуў, не раўнуючы як з цэбра, і пакуль мы дабеглі да лазьні другой нашай цёткі — Насты, на нас не засталося аніводнай сухой ніткі.
Калісьці ў гэтай лазьні я з стрыечнымі сястрычкамі, начытаўшыся ў бабкі Грыпіны «Чорнай магіі», спрабаваў даведацца, што будзе заўтра. За хвіліну да поўначы мы, у адпаведнасьці з парадамі чарнакніжнікаў, запалілі перад пастаўленым на лазнае вакенца люстэркам сьвечку, кінулі ў агонь тры белыя шарсьцінкі з кацінага хваста і роўна апоўначы, утаропіўшыся ў цьмянае люстэрка і ляскаючы зубамі ад страху, вымавілі патрэбны заклён. Усьлед за апошнім словам у лазьню ўварвалася пройма, сьвечка зь люстэркам паляцелі на дол, а мы кінуліся кулём у разнасьцежаныя дзьверы. Адбегшыся на добры кілямэтар і зьвёўшы дых, мы з жахам убачылі, што чамусьці ўцяклі з лазьні прамютка на могілкі, адкуль пабеглі назад да лазьні, баючыся, каб яна не загарэлася ад сьвечкі. Дарэчы, тае начы ў вёсцы, учадзеўшы, памерлі двое старых.
Тую прыгоду я ўзгадаў ужо ўвечары, узяўшыся гартаць свае нататкі за таўстаногім свойскім сталом з букецікам здрыжнічак на саматканым абрусе. Тады мяне займала ідэя напісаць аповесьць пра Напалеона, які ў выгнаньні, на востраве Сьвятой Алены, аказваецца, думаў, што мог бы выйграць расейскую кампанію, каб аднавіў незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага. Але замест распрацоўкі сюжэту мяне ў тыя хвіліны апанавалі прыг'aды пра цётчыну лазьню, а потым заманулася перачытаць захоплены з сабою радавод тут, у дзедавай хаце. Яна, хата, была найсуровейшым судзьдзёй мае пісаніны, бо ведала ўсё гэта (і значна болей) і безь мяне.
Мама зь цёткаю і сястра даўно паснулі. Я сядзеў над разгорнутымі на стальніцы старонкамі «ЛіМу». Справа і зьверху глядзела на мяне з ручнікоў Багародзіца, насупраць было незавешанае начное жнівеньскае вакно зь вясёлкавымі ад старасьці шыбамі.
Я чытаў, чуючы на сабе ня толькі позірк з абраза, але і яшчэ колькі позіркаў немаведама адкуль — напэўна, гэта глядзела на мяне сама хата, — чытаў і, калі дайшоў да словаў «таемную бабуліну сілу я адчуваю й цяпер, праз трыццаць гадоў...», якраз у гэтае імгненьне, зь цёмнага вакна вылецела, засыпаўшы друзачкамі падвоканьне, цэлая шыбіна.
У хаце пачаўся пярэпалах. Але ні ўначы, ні раніцою мы не знайшлі пад вокнамі канцавой цётчынай хаты аніякіх сьлядоў, аніякага камянюкі ці яшчэ чаго-небудзь такога.
Вядома, шкло з старой скрыўленай рамы магло выпасьці само сабою. Вядома, зусім выпадкова ў наступныя дні ў сяброў і ў людзей амаль незнаёмых, да якіх я чамусьці заходзіў, мне пачалі трапляцца ў рукі (самі сабою, безь ніякіх адмысловых пошукаў) рэдкія кнігі, гравюры й старыя газэтныя выцінкі пра жыцьцё Напалеона на востраве Сьвятой Алены і пра колькі месяцаў, прабытых ім у 1812 годзе ў Беларусі. Вядома, зусім выпадкова маглі прычыніцца й іншыя падзеі, якіх я не адважваюся тут згадаць толькі з тае прычыны, што ў адваротным выпадку мне могуць параіць неадкладна зьвярнуцца да адпаведнага доктара. Далібог, будзе лепей, калі на гэтым я скончу свой постскрыптум і вярнуся да радаводу.
Пра свайго мужа, а майго дзеда Максіма, бабуля Аўгіньня мне ніколі не казала. Зрэшты, тады я быў малы дый не было яшчэ даведкі зь дзесяцітысячным (?) накладам, і бабуля, пэўна, лічыла такія размовы небясьпечнымі. Пра дзеда я найболей ведаю ад мамы.
У вайну, якую да 1917 году часта называлі Вялікай Айчыннаю, а потым перахрысьцілі ў першую імпэрыялістычную, дзед Максім, як чалавек пісьменны (ён выпісваў перад вайною нейкую газэту, і мне, вядома, хочацца, каб гэта была «Наша Ніва»), даслужыўся да унтэр-афіцэра. Падчас страшных баёў на Нарачы, калі ў 1916 годзе расейскія войскі, дапамагаючы францускім хаўрусьнікам, пачалі зусім непадрыхтаваны наступ, дзед трапіў у палон. У Нямеччыне ён працаваў у баўэра і мог пераседзець рэшту вайны на сытных харчох, але разважыў іначай: у адну цёмную ноч паклаў у кайстру два боханы сьвежага хлеба і праз два месяцы дапяў роднае капысіцкае хаты.
У вёсцы лічылася, што дзед ведае «плянэты», і звычайна ніхто не адважваўся раней за яго пачынаць сеяць або жаць. Той жа, хто, не даючы веры дзедавым здольнасьцям, кіраваўся сваімі «плянэтамі», мог потым наракаць адно на самога сябе. Калі капысічанаў загналі ў калгас, яны, мусіць, усё ж маючы надзею, што можна будзе неяк жыць і там, выбралі дзеда Максіма за брыгадзіра.
Праз тры гады наш далёкі сваяк, што служыў у раённым Шклове ў НКВД, папярэдзіў дзеда й ягонага брата Ціхана, калгаснага бухгальтара, што на іх ды яшчэ на дзесяць вяскоўцаў прыйшоў данос. Хапун, казаў сваяк, чакаўся вялікі, і калі зьехаць куды-небудзь на данбаскія шахты ці проста зашыцца месяцы на тры ў лес, усё абыдзецца, бо возьмуць іншых.