Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Наяўнасьць у шматстайных беларуска-расейскіх стасунках таямніцы «ўгнаеньняў» безумоўна суцяшае. І пакуль Дзіма Б. тлумачыць, што ўгнаеньні бываюць арганічныя і неарганічныя, ты аддаесься развагам пра тое, да якога з гэтых відаў належыць пахкі прадукт, што дзень пры дні выдаюць «на гор'a» ідэалягічныя транспартэры тваіх родных радыё і тэлебачаньня.

Ваня зь піларамы

Гэта быў зьбіральны назоў. «Ванямі зь піларамы» твой тата менаваў навалач, што спаўзлася ў Полацак з усяго Савецкага Саюзу. Калі ты вучыўся ў першай клясе, улады зноў зачынілі адноўлены за немцамі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр, і «ваняў» сялілі ў былых кельлях.

У манастырскім саборы «вані» нарабілі перабоек і трымалі сьвіней ды трусоў. Сабор сьмярдзеў, рохкаў, пішчэў. Калі гаспадары кідалі згаладалым трусам абярэмак вецьця, тыя ўсчыналі такі жудасны вэрхал, што здаваліся ня мірнымі траваяднымі, а гіенамі ды каётамі. А сьвіньні ўяўляліся вам, навакольнай блазноце, наагул пачварамі, гатовымі ўмомант схрумстаць ня толькі цябе, малога беларускага (дзякуючы тав. Панамарэнку) хлопчыка Вову, але і самога дзядзьку Калістрата, што прыехаў зь Сібіры, дзе нястомна мачыў зьвяроў і людзей.

Ды насамрэч сьвіньні ў «ваняў зь піларамы» вырасталі зусім дробныя. «Сёньня звалілі, а заўтра зьелі», — казаў твой тата. Затое дзеці ў іх гадаваліся спраўныя: учэпістыя й злыя, як ваўчаняты, яны пачыналі з суседзкіх садоў, потым нешта кралі на гарадзкім рынку, траплялі на ўлік у міліцыю і поўным ходам рыхтаваліся трапіць на нейкую абжытую дзядзькам Калістратам «зону»…

Сьветлыя згадкі дзяцінства апаноўваюць цябе ў цёплым і ўтульным купэ цягніка «Калінінград—Гомель», дзе грэе нават індывідуальны пакунак зь бялізнай, на якім напісана: «Беларуская чыгунка». За шклом зьяўляюцца і адплываюць у невараць гарадкі з убогімі хрушчобамі й сьпічакамі гатычных кірхаў або вырастаюць у зьдзірванелых палях сьляпыя панэльныя шматпавярховікі, пад якімі хаваюцца ад амэрыканскіх спадарожнікаў армейскія камандныя пункты.

Ты пяшчотна разьвітваесься зь Верай Б. і Сьветай Б. Ты думаеш: яны — найлепшае з таго, што можа даць цывілізацыі гэтая тэрыторыя, якая не нарадзіла ніводнага, хоць крыху вядомага расейскага пісьменьніка ці мастака, і нават мясцовы бэстсэлер — гістарычны даведнік «Дорогами Ульмеригии. Путешествие по прусским землям» — напісаў маскоўскі гісторык.

Учора ты чуў, што раней ці пазьней сюды абавязкова вернуцца спрадвечныя гаспадары — немцы. (А хто ў такім разе прусы?) Яшчэ цябе пераконвалі, што празь нейкія дзесяць гадоў тут будзе незалежная Балтыйская рэспубліка.

Тваю душу мала абыходзяць праблемы гэтай тэрыторыі, як і ейнае мэтраполіі, асуджанай, як і любая імпэрыя, на канвульсіі й канчатковы развал. Ты хочаш, каб празь нейкія дзесяць гадоў там, дзе ты жывеш, была незалежная Беларусь. Але і прыхільнік вяртаньня немцаў, і балтыйскі незалежнік, і абласны чыноўнік, што бароніць тут агульнарускую прастору, — усе разам мірна сядзелі з табой за адным сталом, чакаючы адказу. І ты пранікся і даў ім адну параду.

Магчыма, яны нават скарыстаюцца зь яе і сапраўды прачытаюць апавяданьне Рэя Брэдбэры «Былі яны смуглыя і залатавокія» — пра тое, як зямныя перасяленцы атабарыліся на берагах марсіянскіх каналаў і што з гэтага атрымалася.

Сакавік, 2002

Ці бываюць чарвівыя мандарыны

Каталёнскі дзёньнік

Каталёнія, хоць у ейных жыхароў гішпанскае грамадзянства, — зусім не Гішпанія. І рэч не ў аўтаноміі зь яе атрыбутамі (усё адно гэта не дзяржаўнасьць, і тут каталёнцы могуць табе адно пазайздросьціць). Рэч у тым, што каталёнцы — не гішпанцы. Яны, усе шэсьць мільёнаў (тут твая чарга для зайздрасьці) пачуваюцца каталёнцамі з калыскі, у якой ужо чуюць сваю мову, да надмагільля, дзе пакідаюць на гэтай мове апошнія зьвесткі пра сябе, падкрэсьліваючы, што ў раі, чыстцы і пекле таксама застануцца каталёнцамі.

Адрозна ад баскаў каталёнцы не ўзрываюць бомбаў. У іх стаўка на іншую, больш магутную зброю.

Напрыклад, каталёнцы ставяць помнікі ня толькі паэтам і палітыкам, але і свайму нацыянальнаму танцу — сардане.

У кнігарні ты адразу апынаесься ў вялізным аддзеле літаратуры на каталёнскай мове, дзе знойдзеш усё — ад Дзюма й Стывэна Кінга да апошніх раманаў Мішэля Ўэльбэка й сэксуальных энцыкляпэдыяў. Толькі потым вока заўважыць значна сьціплейшы куток з кнігамі па-кастыльску.

Праз пару дзён ты пачынаеш адрозьніваць каталёнскую ад кастыльскай на слых. Адначасова адбываецца сустрэчны працэс, і на пляжы ў Лярэце-дэ-Мары немаладая, але налітая, як верасьнёўская антонаўка, каталёнка (усе яны, ад 15 да 75, у выдатнай форме), пачуўшы тваю беларускую мову, па-ангельску тлумачыць табе, што ты — не расеец. Беларус? У такім разе ты мусіш адказаць, навошта беларусы, маючы дзяржаву, займаюцца гэтымі дурнотамі з Расеяй. Гледзячы на цябе, ня скажаш, што вы ўсе — «crazy».

Ты дзякуеш. Прыхільніца тваёй незалежнасьці тэмпэрамэнтна сьціскае смуглыя кулакі і паказвае, як трэба інтэгравацца з усходнім суседам: спачатку, каб ня лезьлі ў ваш гарод, вось так (кулак б’е ў кулак), а затым вось так — кулакі разьлятаюцца так далёка, што станік кармінавага купальніка напінаецца, як цеціва, і твае думкі пра інтэграцыйныя працэсы адступаюць на другі плян.

Раніцай ты бачыш, як насупраць твайго гатэлю два маладзёны ў форме муніцыпальных рабочых цэлую гадзіну зафарбоўваюць сьвежы надпіс на будынку. Тым, хто забыўся, дзе жыве, надпіс паведамляе, што тут — Каталёнія. Сьледам ідзе ўдакладненьне, што Каталёнія павінна быць незалежнай. Мяркуючы па імпэце, зь якім працуюць маладзёны, ня выключана, што якраз яны і шчыравалі ўчора каля поўначы на гэтым самым месцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: