Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Ты ўважліва глядзіш на ваду і прыслухоўваесься да арганізму. Ніякія рэактывы цябе ні ў якіх месцах не казычуць. Стэрэакалёнак, адкуль пальецца музыка Вівальдзі, нідзе не відаць…

Вырвацца з плыні магутнай культурнай традыцыі братняга народу табе ўдаецца толькі нечалавечым намаганьнем волі, паклікаўшы на дапамогу цэлую галерэю выбітных продкаў і сучасьнікаў.

«Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!» — усьцешана галёкаеш ты, бегаючы вакол басэйну пад вечаровым, падазрона фіялетавым каталёнскім небам.

Кастрычнік, 2002

Канцэрт для мілянскіх катоў

Фрагмэнты адной вандроўкі

Амстэрдам

Ты плывеш на катэры па амстэрдамскiх каналах i думаеш пра вострага на вока i розум францускага маркiза дэ Кюстына. Ягоную кнiгу «Расея ў 1839 годзе» ў краiне, якой яна прысьвечаная, шмат разоў забаранялi, канфiскоўвалi або друкавалi зь вялiзнымi купюрамi — ажно да нашых дзён, калi нарэшце пабачыў сьвет першы поўны пераклад, што ляжыць у тваiм дарожным наплечнiку. Ты можаш разгарнуць маркiзаву кнiгу i прачытаць: «З борту карабля пецярбурскiя набярэжныя здаюцца велiчнымi i раскошнымi, але, ступiўшы на сушу, вы iмгненна выяўляеце, што гэтыя самыя набярэжныя брукаваныя дрэннымi камянямi, няроўнымi, гiдкiмi, гэткiмi ж непрыемнымi для позiрку, як i небясьпечнымi для мiнакоў i экiпажаў…»

Ты згадваеш, як калiсьцi сядаў у сваiм Полацку на начны суботнi аўтобус, каб у нядзелю пабыць у Пецярбургу-Ленiнградзе, якi мроiўся табе эўрапейскiм горадам. Вiльню, Рыгу i Талiн ты любiў нязьмерна больш, але ўспрымаць iх як «эўрапейцаў» табе замiнала iхняя, няхай сабе й iстотна дазаваная параўнаўча зь Беларусьсю, але ўсё адно вiдавочная залежнасьць ад мэтраполii. А Пiцер здаваўся наiўнаму i невыязному табе вольным i вальнадумным горадам-мiтам, блукаючы па якiм можна было ўяўляць сябе то ў Лёндане, то ў Парыжы, то ў Амстэрдаме.

Але з кожнай новай вандроўкаю ў «горад на Няве» ты пачынаў усё больш сумнявацца. Ты ўжо ня памятаеш, калi з тваёй сьвядомасьцi выплыла слова «дэкарацыi», i калi ты ўпершыню падумаў пра схаваныя за iмi вусьцiшныя двары, задворкi ды памыйкi, дзе нараджаюцца раскольнiкавы… Ты зразумеў (хоць i не адразу адважыўся сфармуляваць сваю выснову), што Пецярбург — толькi пародыя на эўрапейскi горад.

Кюстын ведаў гэта за 150 гадоў да цябе: «…антычныя статуi, чые рысы, стыль i аблiчча так жудасна супярэчаць тутэйшай глебе, колеру неба i клiмату, як i тварам, адзеньню i звычкам тубыльцаў, што статуi гэтыя нагадваюць палонных герояў у стане ворага; будынкi, якiя стаяць не на сваiм месцы; храмы, немаведама навошта перанесеныя зь вяршыняў грэцкiх гораў у ляпляндзкiя балоты, дзе страцiлi ўсю велiч… Пецярбург заснаваны і пабудаваны людзьмi, надзеленымi густам да безгустоўнасьцi. Бязглузьдзiца, на мой погляд, галоўная адметная рыса гэтага велiчэзнага гораду, што нагадвае мне недарэчны павiльён, узьведзены пасярод парку; парк гэты, аднак, займае трэцюю частку сьвету…»

У тваёй памяцi аднаўляецца апошняя паездка — ужо ў Санкт-Пецярбург — i змрочны нумар у акадэмiчным гатэлi, дзе хацелася забiць каго-небудзь буйнейшага за тамтэйшага тлустага прусака на палiчцы ў ванным пакоі…

Ты абрываеш ланцужок небясьпечных успамiнаў i проста любуесься амстэрдамскiмi набярэжнымi — суладнымi галяндцам, клiмату, шэраму небу і паўночна-заходняму ветру.

Ты думаеш, што прыехаў сюды з краiны, да якой кнiга Астольфа дэ Кюстына ня мае непасрэднага дачыненьня.

Ты ўпэўнены, што нiколi ня будзеш жыць у Расеi, бо лепшае, што яна можа стварыць, — толькi эўрапейскi фасад, за якiм усё адно будзе дрымотна варушыцца Азiя.

* * *

Калi, трапiўшы за мяжу, вы прагнеце пабачыць, памацаць ды пакаштаваць усе наяўныя тамтэйшыя славутасьцi — у вас вiдавочныя праблемы з самаiдэнтыфiкацыяй. Зрэшты, гэта твая прыватная i, магчыма, небясспрэчная думка. Але асабiста ты ад нейкага часу паўсюль шукаеш найперш сувязi, сугучнасьцi ды паралелi з краiнаю, у якой нарадзiўся, ускормлены есьмь па Бозе i да якой чамусьцi гэткую вялiкую ласку iмаеш, што не зьбiраесься пакiдаць яе, сваю краіну, iначай, як па этапе.

* * *

Некалi ў Амстэрдаме атабарыўся сьцiплы выпускнiк Слуцкай кальвiнскай гiмназii Iльля Капiевiч, што валодаў дзясяткам эўрапейскiх моваў i лiставаўся з заснавальнiкам i першым прэзыдэнтам Бэрлiнскай Акадэмii навук Готфрыдам Вiльгельмам Ляйбнiцам.

I тут у Амстэрдам iнкогнiта зарулiў расейскi цар Пётар I. Самадзержац быў цьвярозы і хмурны. Па дарозе ледзь ня ў кожным эўрапейскiм горадзе ён бачыў кнiгарнi й бiблiятэкi, а ў ягоных уладаньнях за цэлае XVII стагодзьдзе выйшла ўсяго сем сьвецкiх кнiгаў, у тым лiку такiя захапляльныя, як «Грамота о таможенных пошлинах». Карацей, цару падфартунiла сустрэцца з былым слуцкiм гiмназiстам, якi ўклаў ды выдаў для расейцаў цэлы кнiгазбор падручнiкаў i слоўнiкаў, а потым яшчэ й стварыў iм новы, «грамадзянскi» шрыфт.

Трэба меркаваць, што, выпiваючы з Капiевiчам, цар ня раз узгадваў вучонага манаха Сiмяона Полацкага, што ажыцьцяўляў агульнае кiраўнiцтва над выхаваньнем малога Пецi. Ты таксама не аднойчы ўспамiнаў Сiмяона i неяк зрабiў яго героем сцэнару гiстарычнага кiнаэсэ, якое зьнялi i нават паставiлi ў праграму БТ. Ты лёг на канапу, уключыў тэлевiзар i падрыхтаваўся папесьцiць сваё самалюбства. Аднак замест «твайго» Сiмяона на экране паплылi тытры фiльму пра возера Байкал.

У апошнi момант стужку вырашыў прагледзець адказны тварыш. Узгадаваная за савецкiм часам iнтуiцыя не падвяла яго: фiльм атрымаўся навылёт антыiнтэграцыйны i проста шкоднiцкi. Досыць ужо таго, што сцэнарыст сам залез у кадар i распавёў, што калi Сiмяон адчынiў у Маскве сваю друкарню, зьдзейснілася падзея велізарнай культурнай значнасьці. Колькасьць друкарняў у Расейскай дзяржаве адразу падвоiлася: замест адной стала дзьве, у той час, як у нейкай там захудалай Рэчы Паспалiтай іх было ажно 134.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: