Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

А вось ты, грэшны, выпіць за таварыша Панамарэнку любіш. З прыемнасьцю куляеш за яго келіх вінца ў Менску і зь яшчэ большым задавальненьнем выцэджваеш пляшку ў тваім родным Полацку. Дзякуй вам, тав. Панамарэнка, за шчасьлівае дзяцінства. Бо, каб ня вы, наша мяжа з Расеяй праходзіла б цяпер за Докшыцамі ды Вушачамі, а самі яны разам з Полацкам, Расонамі, Браславам і Глыбокім былі б «искони русскими» гарадамі. І не існавала б у прыродзе цябе, беларускага пісьменьніка Ўладзімера Арлова, а бласкуняўся б па сьвеце народжаны ў Полоцке, РСФСР, Владимир Орлов, камандзір полацкага спэцназу ў Чачэніі, або карумпаваны і шавіністычна настроены дэпутат Дзярждумы, або які-небудзь «новы рускі», які падае тварам у талерку з чорнай ікрой і шчасьліва мармыча, што жыцьцё атрымалася.

Асабіста для цябе ўсе цяжкія грахі тав. Панамарэнкі пераважае на шалях гісторыі той факт, што ў 1944 годзе ён занатурыўся і, скарыстаўшы аўтарытэт галоўнага партызанскага начальніка, ня даў «прырэзаць» Полацкую вобласьць да Расейскай Фэдэрацыі, хоць адпаведную пастанову папярэдне ўхваліў сам тав. Сталін. Часам ты даеш волю фантазіі й бачыш, як Панцеляймон Кандратавіч апускае ў сваім кабінэце глухія шторы, налівае дзеля сьмеласьці сто грамаў, азіраецца на бакі, а потым падыходзіць да партрэта правадыра, непрыстойна круціць рукой вакол прычыннага месца і сьцішана, але па-бальшавіцку рэзка кажа: «Х.. табе, а ня Полацак».

На тое, каб абараніць межы сваёй парцейнай вотчыны на захадзе, духу ў Кандратавіча ўжо не хапіла, і Беласточчыну польскія камуністы ў Масквы выцыганілі. У выніку Беларусь, даробак якой у разгроме фашызму ня меншы, чым у Польшчы ці Францыі (толькі ў дзейнай арміі ваяваў мільён беларусаў) засталася адзінай краінаю-пераможцай, што скончыла Другую сусьветную вайну зь вялізарнымі тэрытарыяльнымі стратамі.

Да гэтых стратаў трэба залічыць і Віленшчыну, аднак тут ужо ніякі Панамарэнка дапамагчы ня мог, бо стаўкі былі нязьмерна вышэйшыя: тады, у 1939-м, ішлося не пра перадзел савецкіх рэспублік, а пра плян інкарпарацыі Летувы, які хтосьці зь ейных палітыкаў трапна разгадаў ляпідарнай формулай: «Вільнюс — мусу, Летува — русу» («Вільня — наша, Летува — расейская»). Што атрымалася ў гістарычнай пэрспэктыве, добра вядома. І таму празь дзьве гадзіны пасьля Менску ў купэ твайго цягніка зьяўляецца літоўскі памежнік. Працягваючы яму пашпарт, ты думаеш пра тое, што ў Вільні чамусьці няма помніка Сталіну. Зрэшты, некалькі сталінаў стаяць у славутым мэмарыяльным парку паблізу Друскенікаў, якія таксама ператварыліся ў Друскінінкай дзякуючы «бацьку народаў».

А мо крамлёўскі горац служыў толькі прыладаю ў руках Гісторыі, што, як і кожная жанчына, зазвычай аддае перавагу мацнейшым?

Геркус Мантас

Геркус Мантас быў нобілем з прускай зямлі Натангіі. Зь дзяцінства ён як закладнік выхоўваўся ў немцаў у Магдэбургу. Там паганец Геркус прыняў хрысьціянства і атрымаў адукацыю. Зьдзьмухваючы зь піўных кухляў пену, выхавальнікі прарочылі прусу бліскучую будучыню. Вось што значыць Хрыстовая вера ды эўрапейская асьвета, казалі яны, замілавана згадваючы вечна схіленага над кнігаю Мантаса.

Аднак насунуўся 1260 год, калі палачане супольна з продкамі літоўцаў, латышоў і эстонцаў размалацілі нямецкіх рыцараў каля возера Дурбэ. Вестка пра перамогу суседзяў запаліла сэрцы прусаў. На чале абаронцаў радзімы ад Тэўтонскага ордэну стаў Мантас.

Пасьля першай удалай бітвы гадаванец цывілізацыі ўласнымі рукамі запаліў велічэзнае ахвярнае вогнішча, у якім гарэлі прывязаныя да коней палонныя рыцары. Магчыма, за адным разам Геркусу трэ было спаліць і сваіх хрысьціянскіх настаўнікаў. Але злавіць іх не пашэнціла, і паганскія багі хутка адвярнуліся ад паўстанцкага правадыра. Двухгадовая аблога Кёнігсбэргу скончылася правалам. Значная частка прускага набілітэту за добрыя ганарары перакінулася на бок ордэну. Мантас трапіў у палон, і кат надзеў яму на шыю пятлю, пэдантычна нашмараваную якасным нямецкім мылам.

Прамінула сем стагодзьдзяў, і ў агромністы, як стадола, піўбар на вуліцы Геркуса Мантаса ў Вільні весела забурыліся пяцёра менскіх студэнтаў. Гэта былі сябры створанага на гістарычным факультэце БДУ Клюбу аматараў піва (КАП), які на той час ужо зазнаў перасьлед унівэрсытэцкіх уладаў («Орлов! В Германии тоже все начиналось с пива!» — разьюшана крычаў дэкан) і працягваў сваю дзейнасьць падпольна або на непадкантрольных рэктару і парткаму абшарах.

Кожны сябра КАПу — каб не было пакутліва балюча за марна пражытыя гады — абавязаны быў спаражніць падчас клюбнага паседжаньня ня меней за дзесяць паўлітровых кухляў або пляшак рытуальнага пітва. Слабакоў чакала выключэньне з Клюбу ды вечная пагарда таварышаў па барацьбе з таталітарызмам.

Літоўскае піва выявілася падступна мацнейшым за тое, што нараджалася на броварах тваёй радзімы, і пасьля сёмага кухлю ты быў надзейна схоплены густым бурштынавым хмелем. Кожны новы каўток увачавідкі павялічваў кансыстэнцыю гэтай дзівоснай субстанцыі, пагражаючы ўрэшце закуць цябе ў ёй, быццам гіганцкую мэтафізычную жамярыцу. Праменьчык сьвядомасьці высьвечваў у цёмным бурштыне асобныя мізансцэны: наведваньне жаночай прыбіральні, бо бракавала змогі дачакацца чаргі ў мужчынскую; брутальную канфрантацыю з бармэнам, якому ты намагаўся растлумачыць, што няма ніякага Наруцісу-Насруцісу, у чый гонар яны назвалі сваю лабусяцкую закуску да піва, а ёсьць нашая адвечная нябесна-блакітная Нарач, дзе маеце права мыць ногі адно вы, спадкаемцы Вялікае Крывіі.

Бунтоўны дух правадыра прусаў несумнеўна знаходзіўся дзесьці блізка, бо ў наступную хвіліну прасьвятленьня ты ўбачыў, як твой сябрук вымагаў ад кампаніі за суседнім сталом публічна пакаяцца й прызнаць, што іхні бл…кі Гардзінас — фантом, а ёсьць наская, бл…ь, Горадня, ці, у горшым выпадку, Гародня.

Разьвітаньне з гасьціннай вуліцаю Геркуса Мантаса бясьсьледна патанула на дне кухляў, сплыло праз брудныя пісуары ў Лету, і ты самаідэнтыфікаваўся толькі ў цягніку, што вёз цябе чамусьці ня ў родны Менск, а ў Гардзінас-Горадню, у навакольлі якой пры канцы ХІІІ стагодзьдзя атайбоўваліся недабітыя крыжакамі прусы-перасяленцы, ня раз згаданыя Лаўрэнцеўскім летапісам як мужныя ваяры ў дружынах Вялікага Княства.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: