Аляхновіч Францішак
Шрифт:
— Ах, якi ў вас, панiчка, харошы бушлацiк! Як добра ляжыць на вас! Якiм парадкам ён гэтак добра падагнаны?
— Перароблены.
— Самi перараблялi? сваймi рукамi?
— Не. Маю краўчыху. Мая суседка, сьпiць на суседнiх нарах.
— А! Трэба будзе зь ёю пазнаёмiцца. Цi шмат бярэ?
— Не, ня дорага. Я дакляравала ёй чвэртку кiлё цукру, як будзе пасылка ад мужа.
— О, гэта запраўды ня дорага. Даражэнькая! Пазнаём мяне зь ёю.
Дзьве падмазаныя жанчыны ў шэрых вастрожных вопратках вядуць гутарку, як быццам дзьве сьвецкiя дамы, якiя раяцца, якой краўчысе даць шыць веснавы касьцюм…
Праходзiць мiма нехта ў даўгой шынэлi.
— Гэта што за гутаркi! Чаму не на рабоце? Хто звольнiў?
«Дамы», нiчога не адказваючы, бягуць да працы: адна — бульбу перабiраць у лягернай кухнi, другая — у прачкарню.
Рэлiгiйныя справы
Да 1928 г. на Салоўках былi два памешчаньнi, дзе раз на тыдзень дазвалялi адпраўляць набажэнствы: у вадным праваслаўным сьвяшчэньнiкам, у другiм — каталiцкiм ксяндзом. Гэты быццам-бы касьцёльчык каталiцкi прадстаўляў невялiкую будынiну ў лесе, у вадлежнасьцi аднаго кiлёмэтра ад цэнтралi лягеру — Крамля, i ня мог зьмясьцiць усiх, хто жадаў памалiцца.
Старыя-ж салавецкiя цэрквы былi пераробленыя на вязьнiцы. Замiж дакляраваных школаў [16] — салавецкiя вастрожныя кашары, у якiх жыцьцё вучыла нас вялiкае праўды, што бальшавiкi ўмеюць абяшчэсьцiць усё сьвятое, Нават самае слова «таварыш», якое заклiкае да брацтва i навязвае сардэчнасьць памiж людзьмi аднае iдэi, аднае працы, аднае долi, — i яно будзiць сяньня ў кажнага, хто не заражаны камунiзмам, прыкрае пачуцьцё агiды. Так гэтае прыгожае слова апаганена, збэшчана вуснамi бальшавiкоў.
16
…«Церкви переделаем на школы»… — Ленин.
У 1928 г. набажэнствы былi забароненыя. Мала таго. Усiх каталiцкiх ксяндзоў i праваслаўных сьвяшчэньнiкаў перавялi ў 14-ю карную роту: i гэтага мала. У iх зрабiлi рэвiзiю i адабралi малiтоўнiкi, сьвятыя абразкi, крыжы. Раней папоў i ксяндзоў прызначалi на лягчэйшыя работы: за старажоў, кiраўнiкоў вастрожнае гаспадаркi, — наагул, на такiя становiшчы, дзе патрэбны людзi сумленныя, якiм сьмела можна даверыць лягерную маемасьць.
Цяпер, сканцэнтраваўшы iх у карнай роце, выслалi на абток Анзэр, дзе пасадзiлi ў фiлii «Галгофа». Назоў добра адпавядаў iхнай долi. Анзэрская «Галгофа» была для iх запраўднай Галгофай. Тутака прымушалi iх працаваць непасiльна, адначасна зьмяншаючы паёк. Тут зьдзеквалiся над iмi i наругалiся на ўсе лады.
Толькi ў 1932 г. камандыроўка «Галгофа» была зьлiквiдавана, i ксяндзоў з папамi парасьцярушвалi па iншых аддзелах лягеру.
На Салоўках сярод палiтычных вязьняў (контррэвалюцыянэраў) быў надта вялiкi працэнт людзей рэлiгiйных.
Крымiнальны элемэнт — зладзеi, душагубы, бандыты, прастытуткi — блiзу ўсе былi бязбожнiкi. Iхная гутарка ўсьцяж перасыпаецца асаблiвай маскоўскай лаянкай, у якой зневажаецца памяць маткi. Кажучы, быццам гэтая лаянка сягае часоў татарскае няволi i была ўжываная наезьнiкамi. Тады яна мела, прынамсi, нейкi сэнс, бо калi й не адпавядала запраўднасьцi, дык мела на мэце зьняважыць нявольнiка. Цяпер гэтая агiдная лаянка мае гэткi агульны й асаблiвы характар, што часта два прыяцелi, доўга ня бачыўшыся, лаюцца пры спатканьнi ад радасьцi. Бо ўся справа ў тоне. Калi лаюцца з пагрозай, тонам зачэпным — дык гэта знявага. Калi-ж тон прыязны ды яшчэ зь мiлай усьмешкай, лаянка гэтая можа быць выяўленьнем радасьцi, i зьдзiўленьня, i захапленьня.
Рэвалюцыя перарабiла гэтую лаянку на агiдную абразу Бога. Нават форма яе вельмi хутка прышчапiлася й блiзу ня зыходзе з вуснаў савецкага зброду [17] . У гэткiм асяродзьдзi, сярод бязбожнiцкiх выкрыкаў, шапочуць свае малiтвы тыя, хто верыць у Бога.
Узгадаваньне
Савецкiя вастрогi шмат аддаюць увагi на «ўзгадаваньне» вязьня. Бо мэтай трыманьня ў вастрозе мае быць ня кара, але паправа.
Галоўную ўвагу аддаюць на «ўзгадаваньне» сацыяльна блiзкiх — гэта значыць — злодзеяў, душагубаў, бандытаў i да г. п. крымiнальных злачынцаў. Бо яны быццам зьяўляюцца ахвярамi старога капiталiстычнага ладу, а новы сацыялiстычны лад стаўляе сабе за заданьне лiквiдацыю сумнае спадчыны мiнулых часоў.
17
Гэта было напiсана пасьля майго павароту з катаргi. Цяпер, у 1941 г., пабачыўшы бальшавiкоў у Вiльнi, я заўважыў з гэтага боку прогрэс. «Матерщину» даводзiлася чуць надта рэдка. Ф. А.
Дзеля «ўзгадаваньня» служаць: 1) лекцыi «палiтграматы» — нiбы свайго роду савецкага катахiзму; 2) узгадавальныя ўплывы; 3) сьценгазэты; 4) «красные уголки» (чырвоныя куткi) i 5) кiно, клюбы, розныя лекцыi, тэатральныя паказы i да г. п.
Палiтграмата ўводзiць у дэгэнэраваныя мазгаўнi крымiнальных вязьняў паняцьце аб клясавасьцi, здабычах рэвалюцыi, дасягненьнях «пяцiгодкi», канстытуцыi савецкага гаспадарства.
За ўзгадавальнiкаў («воспитатели») прызначаюцца тыя самыя вязьнi, толькi ўжо даволi дасьведчаныя мудрасьцi «палiтграматы», клясавая прыналежнасьць якiх дае паруку, што яны будуць акуратна выконваць свае абавязкi. Гэтыя «ўзгадавальнiкi» глядзяць перш за ўсё, каб iхныя гадунцы былi палiтычна лёяльнымi i адначасна выконваюць ролю шпiкаў у дачыненьнi да сваiх таварышоў.
Сценгазэта займаецца даносамi на пiсьме (ананiмна). Яе пiшуць рукой i налеплiваюць пэрыядычна на сьценах. Пiшуць тутака аб вастрожным жыцьцi, «клеймяць» нядбалых у працы i парушальнiкаў вастрожных правiлаў, заахвочваюць да «ўдарнiцтва», падаюць прозьвiшчы тых, хто наагул нечым праштрапiўся.
Гэтая форма «данасiцельства» дае шырокае поле да асабiстых разрахункаў памiж вязьнямi.
«Красные уголки» — гэта як быццам каплiчкi бальшавiцкiя. Для iх вызначаюць найлепшыя памешчаньнi ў вастрозе. У куце пастаўлены гiпсавы бюст Ленiна на прыбоаным у чырвань фоне. На сьцяне партрэт «отца трудящихся» Сталiна. Далей лёзунгi. Пасярэдзiне стаiць стол, засланы чырвоным рызманом, а на iм параскiданыя савецкiя часапiсы, якiя выпiсваюцца прымусова на кошт вязьняў.