Вход/Регистрация
Жыцьцё пад агнём
вернуться

Юрэвіч Лявон

Шрифт:

У верасьні я сустрэўся зь дзядзькам Базылём і спытаўся, ці верыць ён яшчэ ў тое, што немцы дапамогуць нам узнавіць незалежнасьць. Той адказаў, што больш ня ўпэўнены ў гэтым, як раней, і што немцы зрабілі тую самую памылку, што й Напалеон у 1812 годзе. Напалеон, які перайшоў Нёман, заходнюю мяжу Расеі, 22 чэрвеня 1812 года, пагрэбаваў абозамі з правіянтам і кінуўся на ўсход, да Масквы. Мой дзядзька прадказаў, што немцы прайграюць і гэта пазбавіць іх будучыні. Аднойчы на сустрэчы, дзе прысутнічалі немцы, якія ўмелі па-расейску й спачувалі абодвум бакам: і нам, і немцам, — дзядзька падвыпіў і засьпяваў рускую песьню «Калі я прыйшоў у Расею, я трымаў усю Эўропу ў руках». Гэную песьню сьпявалі пасьля паражэньня Напалеона. Дзядзьку загадалі замаўчаць, бо ён моцна рызыкаваў. Немцы не данесьлі на дзядзьку й пасьля нават прызначылі яго камэндантам Дзятлава, дзе ён давёў эканоміку да найвышэйшага ўзроўню. Народ давяраў дзядзьку й верыў яму, а дзядзька даволі адкрыта выказваўся пра памылку немцаў, пра тое, што ня верыць ім больш, і што яны, у рэсьце рэшт, будуць разьбітыя.

Да мяне дайшлі чуткі, што ў Наваградак прыедзе сьвятар Гадлеўскі. Ён быў вядомым патрыётам, блізкім па палітычных поглядах майму дзядзьку. Гадлеўскі жыў у аднаго польскага сьвятара, і я пайшоў наведаць яго тамака. Я прадставіўся як пляменьнік Базыля Рагулі й сказаў, што хацеў бы атрымаць інфармацыю пра стан рэчаў. Гадлеўскі адказаў, што яму патрэбны час, каб разабрацца ў сытуацыі. Ён быў няўпэўнены ў тым, што нам трэба спадзявацца на немцаў і чакаць, пакуль яны навяжуць нам заходнюю культуру замест мангольскай культуры Сталіна. Гадлеўскі дадаў, што назіраў за падзеямі на іншых акупаваных тэрыторыях і яму здаецца, што ў нас яшчэ будуць праблемы з акупацыйнымі сіламі. Гадлеўскі параіў мне не здавацца, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, і распаўсюджваць ідэю нацыянальнай незалежнасьці, рабіць усё, каб людзі ганарыліся сваёй нацыяй.

Недзе ў лістападзе нямецкая армія была спыненая пад Масквой. Гэную навіну мы атрымалі празь нелегальнае польскае радыё ў Лёндане й нелегальную радыёстанцыю ў Польшчы.

Па завядзёнцы ўсіх таталітарных сыстэмаў нямецкае радыё перадавала інфармацыю ненадзейную й, часта, далёкую ад сапраўднага стану рэчаў. Яны казалі толькі, што пасьпяхова рухаюцца на ўсход, што было няпраўдай. Немцы былі спыненыя Саветамі й прымушаныя контратакаваць. Гэна дало нам надзею, што зь немцамі будзе лягчэй дамовіцца й яны дадуць нам больш свабоды й незалежнасьці, створаць буферную дзяржаву зь Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, што дазволіць супрацьстаяць Савецкаму Саюзу. Мы ўсё яшчэ аддавалі перавагу нямецкай акупацыі, а не савецкай. Магчыма, таму, што яшчэ дрэнна ведалі немцаў.

Немцы, пры дапамозе СС, зганялі жыдоўскае насельніцтва зь вёсак і гарадоў у гета, якое знаходзілася на тэрыторыі былога раённага суда на вуліцы Карэліцкай. Яны ўтрымоўваліся за агароджай і мусілі працаваць на немцаў: шыць ваенную форму, чаравікі. Матэрыял для гэтага літаральна кралі ў беларускага насельніцтва. Канечне, тое, што жыды мусілі абшываць нямецкую армію, — дзіцячая забава ў параўнаньні з тым, што рабілася Сталіным. Але абодва гэтыя дыктатары, Сталін і Гітлер, прынесьлі людзям аднолькава шмат гора сваёй жорсткасьцю, бесчалавечнасьцю й разбурэньнямі, накіраванымі супраць чалавека. Немцы хваліліся сваім тысячагадовым Рэйхам, але ён усё больш і больш рабіўся пустым месцам, як мы даведваліся, што немцы не непераможныя й іх можна спыніць. Але ўсё ж мы верылі ў моц немцаў, спадзяваліся, што яны перамогуць Савецкі Саюз і будзе знойдзенае палітычнае рашэньне, якое задаволіць былыя саюзныя рэспублікі. Мы спадзяваліся, што зь цягам часу ў нас зьявіцца магчымасьць утварыць незалежную дзяржаву й атрымаць свабоду.

На той час у нас была пэўная магчымасьць разьвіваць сваю культуру, мову, сьпевы й танцы. Нам было дазволена вучыць нашую моладзь, што мы рабілі ў вельмі патрыятычным духу. Зьявіліся новыя патрыятычныя песьні, квітнелі танцы й сьпевы ня толькі ў Наваградку, але й на іншых тэрыторыях, дзе перавагала беларуская інтэлігенцыя. У Наваградку мы прыкладалі шалёныя намаганьні — мы зь вялізнай энэргіяй займаліся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. На шэраг канцэртаў мы запрасілі немцаў, і тым спадабалася: яны адгукнуліся на душэўнасьць нашай беларускай культуры.

За Саветамі я сядзеў у турме і толькі цудам застаўся жывы. Апроч таго, я вельмі добра валодаў нямецкай мовай, а таму новы наваградзкі бурмістар ахвотна прыняў мяне на працу. Немцы хацелі, каб нейкі беларус заняў пасаду перакладніка ў новасфармаванай нямецкай адміністрацыі. Мяне прадставілі штабсляйтэру Вольфмаеру. Гэты каранасты немец у брунатнай форме з свастыкай на левай руцэ сустрэў мяне досыць прыхільна. Ён энэргічна рыхтаваў прыезд цывільнай адміністрацыі, структураў, якія ў будучыні меліся забясьпечыць кіраваньне тэрыторыяй. Хаця Вольфмаер ставіўся да мяне няблага, я ўсё ж не прызнаваўся, што быў у нямецкім палоне, бо баяўся, што мяне могуць зноў вывезьці ў Нямеччыну або арыштаваць, нягледзячы на тое, што я нацярпеўся ад Саветаў. Я нават пасябраваў з штабсляйтэрам. Гэты асабісты стасунак зрабіў мяне вельмі ўплывовым чалавекам у адміністрацыі Наваградзкай акругі, Наваградзкага «гебіту», як тады гэта называлася. Вольфмаер рыхтаваў рэзыдэнцыю, мэблю: чакаўся прыезд нямецкага камісара. Ён часта браў мяне з сабой у Вільню, едучы па мэблю. Я быў яму карысны як перакладнік, бо я валодаў і нямецкай, і польскай, і расейскай, і беларускай мовамі. Па дарозе — а дарога да Вільні няблізкая, гадзіны тры-чатыры на машыне ці грузавіку — я распавядаў яму пра Беларусь, яе гісторыю, яе народ, я тлумачыў яму, што за польскім часам беларусаў дыскрымінавалі, не давалі адчыняць школы зь беларускай мовай навучаньня, душылі нацыянальны рух. Я распавядаў, як усё беларускае бязьлітасна нішчылі Саветы і як перашкаджае разьвіцьцю беларускага народа адсутнасьць уласнай інтэлігенцыі, эліты, правадыроў. Аднойчы я наўпрост сказаў яму, што польскія перакладнікі і палякі ў адміністрацыі і паліцыі несправядліва абвінавачвалі беларускіх патрыётаў у тым, што яны быццам бы камуністы, пасьля чаго гэтыя людзі зьнікалі, мабыць, гінулі недзе. Ён сур’ёзна выслухаў мяне і паабяцаў разабрацца. Пазьней, іншым разам, ён паабяцаў мне, што калі некага будуць абвінавачваць у супрацоўніцтве з камуністамі, дык будуць пытацца ў мяне. Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў перабіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць іх. Я не рабіў адрозьненьняў між людзьмі: хоць шмат хто зь беларусаў і называў сябе камуністамі за Польшчай, але насамрэч яны былі проста беларускімі патрыётамі, якія спрабавалі знайсьці нейкі шлях для спрыяньня культурнай і палітычнай справе свайго народу. Беларусі трэба было стаць незалежнай дзяржавай, і мы ўсе без разбору, стары й малы, спадзяваліся, што немец пераможа Саветы, і тым самым у нас зьявіцца магчымасьць аднавіць дзяржаўнасьць.

Мой добры сябар Язэп Сажыч вярнуўся з Львову, і я хацеў, каб яго прызначылі начальнікам наваградзкай паліцыі, каб узмацніць у ёй беларускі ўплыў. Ён жа не схацеў займаць гэты пост. Сажыч распавёў мне, што адбылося на Ўкраіне: з прыходам немцаў украінскія нацыяналісты абвесьцілі аб стварэньні незалежнай дзяржавы. Але немцы схапілі іх, і іхныя сьляды згубіліся ў турмах і канцлягерах. Нямеччына была адназначна не гатова дазволіць Украіне стаць незалежнай, і той энтузыязм, зь якім украінцы кінуліся напачатку супрацоўнічаць зь немцамі, стаў згасаць. Язэп сказаў, што ён не давярае немцам, але гатовы стварыць падразьдзел беларускага войска і падрыхтаваць салдатаў, дапамога якіх магла б некалі спатрэбіцца для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Мяне вельмі засмуціла, што немцы, па словах Язэпа, ня маюць намеру даць Беларусі незалежнасьць, а проста хочуць выкарыстоўваць нас як працоўную сілу, каб мы працавалі на іх, пакуль нямецкія жаўнеры ваююць на ўсходзе. Але што было рабіць? Савецкаму Саюзу мы былі непатрэбныя, прыходзілася выкарыстоўваць немцаў. Нам прыходзілася чакаць, наладжваць мясцовае самакіраваньне і разьвіваць беларускае культурнае жыцьцё. Мы мелі магчымасьць адкрыць школы і свабодна вывучаць сваю мову й літаратуру. А барацьбу за незалежнасьць мы былі гатовы пачаць, як толькі надарыцца спрыяльная палітычная сытуацыя.

У Наваградку мы заснавалі «Народны дом», такі беларускі дом, дзе людзі арганізавалі хор, ансамбль танцу, тэатар, чыталі там лекцыі. Я сустрэўся з доктарам Орсам, каб абмеркаваць зь ім праблему адукацыі і адкрыцьця гімназыі. Аднак немцы не дазвалялі адкрываць школы вышэй сёмае клясы, нават чуць пра гэта не хацелі. Тады мы вырашылі дабівацца дазволу на адкрыцьцё настаўніцкіх курсаў, каб падрыхтаваць настаўнікаў для пачатковых школаў. Мы напісалі адпаведны мэмарандум нямецкай адміністрацыі Наваградку і неўзабаве нашу прапанову ўхвалілі. Праграма «Настаўніцкіх курсаў» адпавядала праграме старэйшых клясаў сярэдняй школы, хоць гэта было забаронена. Мы пачалі падрыхтоўку беларускай моладзі па гэтай праграме. Доктар Орса, прызначаны адказным за адзьдзел адукацыі Наваградзкай акругі, хацеў, каб знайшлося паболей здольных настаўнікаў, а знайсьці іх было цяжка. Аднак мы імкнуліся, каб адукацыйныя стандарты былі як мага вышэйшымі. Рэч у тым, што за польскім часам мала хто зь беларусаў мог дазволіць сабе адправіць свае дзеці вучыцца ва ўнівэрсытэт. Праўда, Чэхаславаччына адчыніла свае дзьверы перад беларусамі, і шмат людзей, у тым ліку і доктар Орса, і ягоная жонка Натальля трапілі ў Праскі ўнівэрсытэт. Па сканчэньні ён атрымаў тытул доктара біялёгіі. Натальля вывучала беларускую літаратуру. Вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь, яны знайшлі сабе працу ў школах, але ў той час Польшча дазваляла толькі пачатковую адукацыю для беларусаў. Польскі ўрад імкнуўся спольшчыць школы, а беларускіх настаўнікаў засылаў у Вялікапольшчу, каб яны не «заражалі» наваградзкую моладзь беларускім духам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: