Сыч Пётра
Шрифт:
Забабоны кажуць, што, калі гэта чалавеку здарыцца, у гэты дзень яго сустрэне шчасьце. Я ў гэта ня веру, бо калі-б так было, дык кажны дзень раніцой некаторыя людзі беглі-б шукаць гэтага шчасьця, хаця гэта й ня духмяна, не эстэтычна.
Аднак жарт памог. Жаўнеры набралі бадзёрасьці. Калі «стары» (а так кажнага камандзера завуць навет старэйшыя ад яго) гэтак жартуе пад градам волава — значыцца ня так блага.
Аднак і ня добра.
Батальёны заляглі ў розных ярах і ямах. Людзі галодныя й без вады, якую толькі можна данесьці ўначы і то ў сьмярдзючых бітонах. Цяжэй раненых эвакуавалі, лёгка параненыя ня хочуць выходзіць.
Мантуецца новы наступ. Паехала экіпа вербаваць ахвотнікаў з базаў. Змантавалі запасны батальён з кухароў, пісароў ды іншых адміністратараў. Знайшлі і камандзера батальёну — бугальтара-прафэсыянала капітана Шамоцкага. Гэтыя «швэйкі» мелі ратаваць палажэньне. На шчасьце да гэтага не дайшло.
Ляжым у логаве і, як параненыя зьвяры, дыхаем.
Няцяжка сабе ўявіць, як мы пачуваліся: разьбітыя, пакалечаныя, скрываўленыя, — лежачы ў калдобе, якая шумна называлася «ярам», і залізваючы раны. Давесьці ежу й ваду — трагічная праблема, бо немцы ўначы сыстэматычна артылерыяй і мінамётамі малоцяць адзіную артэрыю — дарогу сапэраў і ўсе магчымыя праходы, кудой могуць прайсьці мулы. Ляцелі ў протхлю джыпы й бедныя мулы, якія ня мелі ніякай ахвоты браць удзел у гэтай бязглуздай вайне. Праўда, ніхто ня пытаўся іхняй згоды. Пасьля бітвы ў раёне Монтэ-Касыно паставілі некалькі помнікаў розным героям. Ніхто не падумаў аб мулах і кіпрыйскіх мулаводах. А яны шмат спрычыніліся да выйграньня монтэкасынскага штурму.
Ляжым. На першы погляд палажэньне безнадзейнае. Батальён фактычна выбіты. Засталося некалькі афіцэраў і пара дзесяткаў жаўнераў. Зь нешта дваццаці падхаронжых — абсальвэнтаў афіцэрскай школы — ніводнага. Пазьней пачалі адусюды зьбірацца, што зь бяды можна было згарусьціць дзьве маленькія роты. А тут згары прыходзіць загад: «кансалідавацца й рыхтавацца да наступнага штурму». Палкоўнік, сам паранены, чухае сівую патыліцу: з чым пайсьці ў наступ і як падняць здэпрымаваных жаўнераў? Ён некалькі разоў у дзень скліквае нарады афіцэраў, сам ходзіць сярод жаўнераў і гутарыць зь імі. За ўсякую цану падняць баездольнасьць батальёну. Але як гэта зрабіць? Жаўнеры сядзяць, або ляжаць, прыляпіўшыся да скалаў, і апатычна слухаюць нашыя прамовы. Трэба зразумець псыхалёгію разьбітых жаўнераў. Жаўнер заўсёды ў наступ ідзе бадзёра, не зважаючы на магчымасьць сьмерці, але адступае з дэпрэсіяй.
У дзень пражыць сонца, ноччу пацягвае халадком і салаўінай экстраваганцыяй, што яшчэ павялічае дэпрэсію. Аб коўдрах няма сэнсу й марыць. Хаця-б давезьлі біф і ваду — навет у сьмярдзючых бітонах. Чалавек моліцца за сваю сям'ю, прыяцеляў — мы маліліся за мулоў і мулаводаў, каб яны дайшлі здаровыя да нас.
Навет сямнаццацігадовы Валодзька Мацкевіч страціў ахвоту быць Напалеонам. На праклятай гары застаўся назаўсёды ягоны равесьнік і прыяцель Юрка Ясінскі. Пытаюся ў яго:
— Што-б ты цяпер хацеў, Валодзька?
Ён зь дзяціннай шчырасьцяй адказвае:
— Шклянку цёплага малака і каб не стралялі.
А страляюць злосна. Артылерыя ня можа да нас дастрэліцца. Затое нэбэльвэрфэры й звычайныя мінамёты дакучаюць. Найгоршыя нэбэльвэрфэры. Гэта — паскудзтва савецкай канструкцыі (чаго-б благога ня прыдумалі бальшавікі?), удасканаленае нямецкай тэхнікай. Яны былі першы раз ужытыя падчас апошняй вайны пад Сэвастопалем і парасейску называліся Марьей Івановной. Нэбэльвэрфэр — шэсьць разам спрэжаных мінамётаў, якія страляюць адначасна. Яны робяць менш шкоды, чымся панікі. Ад часу, як яны вылятаюць з руляк, чалавек іх чуе. Гэтае паскудзтва ляціць, вые, сьвішча, рагоча, як тысячы д'яблаў, што сарваліся з ланцугоў. Ствараецца ўражаньне, што ўся гэтая дзікая какафонія рынецца нам на галовы. Недаляцелі. Нарабілі трэску й смуроду. Цяпер чакай на новую порцыю. Другая пераляцела. Але што будзе з трэцяй?
Палажэньне няёмкае. Усё-ж на праклятай «Здані» перад намі ляжаць два нашыя батальёны: 14-ты, які ўтрымоўвае там пазыцыі пару тыдняў, і 16-ты, які ўзыйшоў апошні. Камандвае ім прыгаданы маёр Станьчык, які падтрымоўвае жаўнераў сваімі няцэнзурнымі жартамі й бяспрыкладнай адвагай. Яны памаленьку й сыстэматычна ліквідуюць бункеры.
Гэтак было 13-га травеня й трывала да 17-га. У міжчасе атрымоўваем вясёлую вестку, што мы ня можам пайсьці наперад, бо Восьмая армія загразла на рэчцы Гары і ня можа яе сфарсаваць пад жахлівым агнём праціўніка. Адначасна другая вясёлая вестка, што генэрал Ліс, камандзер гэтай арміі, у склад якой уваходзілі й мы, выкарыстоўваючы прыгожую пагоду, паехаў лавіць рыбу. Ён — рыбалоў ня меншай клясы, чымся наш прафэсар Жук. Гэтую вестку жаўнеры прынялі злосна, і каб іхныя пажаданьні зьдзейсьніліся, дык генэрал Ліс ня толькі не навудзіў-бы рыбы, але акула яго-б канчальна аформіла. Праўда, акулаў там ня бывае.
Кажуць, што «на беднага Макара ўсе шышкі валяцца». Атрымоўваю загад быць правадніком і камандзерам калёны мулаводаў, якая з Сан Мікэле давозіць амуніцыю й прадукты на лінію. Заданьне адказнае й важнае, але як яго выканаць? Акцыя можа адбывацца толькі ўначы, але трэба пазнаць сьцежкі, празь якія можа прайсьці аб'ючаны мул. Дарога сапэраў выключаецца, бо яе ноччу так калахмацяць, што толькі джып можа, маючы шчасьце, прарвацца. Іншыя сьцежкі, ведамыя немцам, таксама пад густым абстрэлам. Трэба шукаць новых. Маю дзень на распазнаньне дарогі, бо ўжо вечарам мушу вясьці мулаводаў, а мулаводы — мулаў. Паўзу паміж скалаў і кустоў і назіраю трасу ззаду. Ага — 150 мэтраў ад пазыцыяў скала, пад якой менш-больш бясьпечна можна разладоўвацца. Далей амуніцыю й правіянт трэба насіць саматугам. Але як дайсьці да гэтай скалы? Паўзу далей. Бачу паміж скалаў вымыты вадой з гары даволі круты й глыбокі роў. Важна што глыбокі, бо стромкасьць для мула невялікая перашкода. Мул лезе на гару, як кот. У канцы яру лагчына, дзе, ў выпадку абстрэлу, можна схавацца. Такім чынам, я за ўвесь дзень дапоўз да даліны ракі Рапідо і там залёг. Але па дарозе выкрасьліў, вымярыў адлегласьці й каардынаты шляху, па якім вырашыў выконваць сваё заданьне.