Вход/Регистрация
Сьмерць і салаўі.
вернуться

Сыч Пётра

Шрифт:
* * *

17-ці гадовы Валодзька Мацкевіч прагна глядзіць на арэну, дзе атрымае першы агнёвы хрост і крывавую ванну. У ягоных вачох трэма й эмоцыя: падлеткі ахвотна мрояць, што стануцца героямі. Валодзька цягне за рукаво саракагадовага Мацулевіча:

— Дзядзька Піліп, як думаеш, здабудзем?..

— Мусім забраць, хоць ня думаю, што гэта дасца лёгка. В та пора поведзявшы, шмат застанецца на гэтых клятых горах, — адказвае ашмянскім дыялектам дзядзька, страляны на ўсіх франтох.

— Ціпун тобі на язык! Шчо б ты скозывся, — лаецца нехта каламыйскай балачкай.

— В та пора поведзявшы, а цецерук полецявшы і… — перадражнівае ашмянчука пазнаняк. — Пророк, — Холера!..

Сонца на хвіліну выглянула й асьвятліла гару.

— Гляньце, кроў сплывае з гары…

Акрэсьленьне трапнае, хоць той, хто гэта сказаў, не саграшыў ніводным вершам: запраўды бачныя вялікія чырвоныя плямы, быццам-бы гара сьцякала крывёй. Макі…

Колькі-ж тут макаў! Навет із шчыліны голай скалы вырываюцца вялікія, чырвоныя краскі. Хочуць жыць, цьвісьці, пладзіць насеньне, цешыцца вясной, сонцам, начной расой і каскадамі салаўінай аркестры.

А колькі-ж тут салаўёў!..

Але ўжо даліна Рапідо напоўнілася змрокам. Сыгнал да маршу. Неадно сэрца забілася мацней: пачынаецца зона сьмерці. Мёртвая днём даліна пачынае жыць. Паляцелі джыпы, матацыклі, пайшлі людзі й мулы. Адзіная й аднакірунковая дарога, калі яе можна назваць дарогай, недзе заткнулася. Да нас прыйшоў загад чакаць. І вось тады, пакуль трапілі ў валавяны град, мы апынуліся на незабыўным салаўіным канцэрце. Які музыкальны крытык змог-бы гэта апісаць! Гэта трэба чуць і перажыць… Цёплая вясеньняя ноч, водыр красак і маладога лісьця, салаўіныя пералівы — ўсё гэта, здавалася-б, хацела нас пераконваць, што жыцьцё прыгожае, чароўнае, што ня трэба йсьці ўміраць, што гэтая недалёкая артылерыйская кананада — абраза Бога й прыроды.

Пад салаўіны вясьняны марш мы, урэшце, пайшлі…

Дарагія чытачы, а перадусім маладыя — папліскі, залескія, будзічы, залужныя ды іншыя, прымеце параду ад старога, стралянага вэтэрана. Калі нехта з вас, пры Божай дапамозе, даедзе ў вольную Беларусь і будзе прэзыдэнтам, міністрам, камэндантам паліцыі ці — чаго ня дай Божа — дыктатарам, адным з вашых першых дзяржаўных актаў мусіць быць наступны:

«Ад сяняшняга дня забараняю пяяць, сьвістаць і чырыкаць усім салаўём. А калі ім, шэльмам, так хочацца, дык, бяручы пад увагу дэмакратычнасьць, дазваляецца ім гэта рабіць у сьнежані, студзені й лютым.

Матыў: Слухаючы, салаўіныя падсьвістваньні й цмоканьні, грамадзянін расклейваецца, й чуецца як малпа, якую прымусілі есьці горкую цыбулю, або моцны хрэн. Грамадзянкі расклейваюцца куды больш. А найгорш, калі пад салаўіны туш трапіць пара, г. зн. грамадзянка й грамадзянін. Тады можна спадзявацца, што ў студзені ў калысцы запяе салавейчык. Так, за выняткам сьнежаня, студзеня й лютага, калі людзі залазяць на печ, салаўём пяяць забараняецца».

Подпіс (арабская каракуля)

Кажны доктар і іншы магістрык ці вялікі чалавек піша так, што просты сьмяротны ніяк ня можа расчытаць. Хілён Хілёнідэс, калі ўзбагаціўся, стаў перад праблемай: ці купіць нявольніка ці нявольніцу. Калі-б я дарваўся да нейкай касы, я купіў-бы графалёга, каб мне чытаў, што піша Папліска, Залескі й іншыя…

* * *

Прабачце за дыгрэсію. Вяртаймася да тэмы…

Каля поўначы ў пералівы салаўёў уварваўся сьвісток палкоўніка. Сьвісток быў гвалтоўны, што навет салаўі змоўклі на хвіліну. Для нас гэта азначала, што мы мусім уставаць і йсьці на пазыцыі. Усе з гэтым пагадзіліся за выняткам салаўёў. Праз пару хвілінаў салаўі засьвісталі, але ўжо злосна. Што за паршыўцы перашкаджаюць ім цешыцца вясной, сьпевам і каханьнем?..

Паітальянску чужынцы называюцца «страньеры». Няшмат хто з нас знаў гэтае слова, але ў злосных сьвістах салаўёў вычувалася міжнароднае «руэ, аўслендэр!» [4]

4

«Ціха, чужак!».
– Рэд.

Зямля — магніт. Як цяжка ўстаць навет насуперак салаўём на сьвісток палкоўніка!.. Але сьвісток паўтарыўся. Усе, крэкчучы, усталі. Роля была нескамплікаваная: дайсьці, або, лепш, дабегчы, да выходных пазыцыяў, адкуль пачнецца штурм.

Пайшлі. Ішлі сыстэмай супрацьлятунскага парадку: адзін ад другога на дзесяць мэтраў. Вырваліся на дарогу, аб якой трэба нешта сказаць. Гэта калісь была сьцежка для мулоў.

Яшчэ дыгрэсія: мы шмат гаворым аб людзях, а замала аб мулах. Пастараюся пазьней запоўніць гэтую пустэчу.

Нашыя папярэднікі зрабілі спробы зрабіць з гэтай сьцежкі дарогу. Але, калі возьмем на ўвагу, што ўся гэтая плошча дзень і ноч была пад абсэрвацыяй і пад абстрэлам — амэрыканцы й ангельцы крышку пашырылі гэтую сьцежку й назвалі яе Кавэдыш Роўд і гэтак пакінулі. У кажным выпадку празь яе мог прапхнуцца джып і матацыкль. Але вось прыйшлі беларускія, украінскія й польскія дзядзкі-сапэры. Паківалі галовамі, падумалі й вырашылі, што Кавэндыш Роўд — нікудышняя.

Сапэры — гэта мурашкі вайны. Іх недацэньваюць. Ляўры зьбіраюць кавалерысты, артылерыя, пехата, а — перадусім — генэралы. А куды-б усе гэтыя «героі» дайшлі без сапэраў?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: