Вход/Регистрация
Сьмерць і салаўі.
вернуться

Сыч Пётра

Шрифт:

І вось мурашкі пачалі працаваць. Начамі, пад абстрэлам, за пару тыдняў зрабілі амаль шашу. Праўда, аднакірункавую, але з пляцоўкамі для мінаньня й настолькі шырокую, што празь яе навет праехалі танкі. Праехалі, але не даехалі…

Пра працу сапэраў і мулаў я яшчэ буду гаварыць. Яны пакрыўджаныя ў гісторыі.

Дарога сапэраў (як мы яе будзем называць) у гэты час была вольная. Мы пайшлі. І вось тут першае знаёмства са сьмерцяй. Праціўнік, як я прыгадаў, быў прыстраляны. Усе коды, каардынаты былі запісаныя й правераныя. Мы йшлі ціхенька, толькі паскуды салаўі сьвісталі нам на злосьць.

Раптам сьвіст, але не салаўіны. Дзікі, пагрозьлівы…

«Кладзіся!» — крыкнуў нейкі афіцэр. Позна.

Бах! бах! бах! — тры гранаты цяжкой артылерыі. Валодзька Мацкевіч — цікавы, як выглядае жыцьцё й сьмерць. Ён, як кажны смаркач, прабуе гаварыць басам, прабуе курыць (хаця рыгае), прабуе піць, а навет раз прызнаўся, што ён хоча сіньёрыну. Валодзька паляцеў наперад, дзе разарваліся гранаты. Празь некалькі хвілін ён вярнуўся й, ужо ня басам, піскнуў «двух забітых, пяць цяжка параненых».

У гэты мамэнт Валодзька, здаецца, ня думаў стацца Напалеонам. Ён, як слабае дзіцё схапіўся за мае порткі і не адрываўся. Нажаль мяне паклікалі наперад. Тады смаркач схапіўся за рукаво дзядзькі Піліпа й ад гэтага рукава ніякая сіла не магла яго адарваць. Абодва аблілі збочча праклятай гары сваёй крывёй…

— Наперад! Наперад! Бо хто з-заду, той зьгіне! — крычаць афіцэры.

Рвем наперад. Але раптам загад:

— Дарогу польскіх сапэраў безадкладна ачысьціць.

Гэта зусім зразумела: гэтая дарога — адзіная артэрыя, празь якую даходзіць да першай лініі амуніцыя, харчы, вада й дырэктывы. Ачышчаем дарогу. Бяжым нацянькі. У гэтай усёй мітусьні дзесьці згубіліся праваднікі. Але поле разьмінаванае. Азымуты зьмераныя й выкрэсьленыя. Бяжым нацянькі. Яшчэ адна порцыя артылерыйскіх гранатаў. Яшчэ нехта застаецца. Але няма часу думаць. Травеньская ноч кароткая. Да золаку трэба даляцець. Даляцелі. У кажнай яме, у кажнай каўдобіне ляжыць батальён, або паўбатальёну. Заляглі ў яры. Але ня ўсе. Тыя, што заляглі ззаду, зьгінулі. Тут правіла: толькі наперад. Хто застаецца — гіне. Артылерыя й мінамёты праціўніка ўстраляныя. Артылерыя страляе на адлегласьць трыццаці кілямэтраў бяз пудла. Сапэры ня могуць далей разьміноўваць поля, бо на полі ляжыць столькі зялеза, што магніты сапэрскіх палак хістаюцца. Страты пакуль-што невялікія: дзевяць забітых, васемнаццаць параненых. Паітальянску гэта кажацца «багатэля».

Сьвітае. З-за гораў вылазіць сонца. Сонца! Жыцьцядайная стыхія! Сонца вітаюць гімнамі. Пра сонца напісалі столькі паэмаў. Але вось у гэтых умовах сонца выпаўзла нашым найгоршым ворагам. У цесным яры няма дзе схавацца. А яно пячэ.

Італія — краіна сонца, віна, каханьня й песьні! І вось ніколі я так не праклінаў сонца, як у гэным паршывым яры. Аб віне й каханьні не магло быць і мовы.

Прыйшла прыемная вестка: мулы, якія нам вязьлі ваду, зьгінулі сьмерцяй харобрых на полі славы. Такім чынам мы не атрымалі навет сьмярдзючай вады з нямытых бітонаў ад бэнзыны. Недалёка ад яру, дзе мы заляглі, ляжыць шмат трупаў нашых папярэднікаў — новазэляндцаў. Жывыя — прыемныя хлопцы, але забітыя — няпрыемна пахнуць, бо бедныя ўжо ляжаць два месяцы. Узьнікла яшчэ адна праблема, праўда саромлівая, але істотная, людзкая: няма клязэтаў. Нехта рэшткамі сілаў здабыўся на гумар: «Якая шкода, што з намі няма былога прэм'ера Славоя Складкоўскага! Ён бы адразу загадаў пабудаваць «нужнікі» «славойкі», пабяліць іх вапнай…»

Ззаду пачуўся гук самалётаў. Гук набліжаецца. У мяне ёкнула сэрца: амэрыканскія самалёты й ня ведама, што яны адкоцяць. Я прыпадкова быў сьветкам, як амэрыканскія самалёты бамбардавалі штаб саюзнай Восьмай ангельскай арміі. Гэта было прыблізна, паводля мапы, дваццаць кілямэтраў ад Монтэ-Касыно. Мястэчка называлася Вэнафро. Я вёў калёну самаходаў з амуніцыяй. Паводля майго разьліку, маёй мапы, здаровай лёгікі й запраўднасьці — перада мной было Вэнафро. Аднак амэрыканскія бойсы падумалі інакш. І вось пачуўся гук самалётаў. Мы едзем сьмела: гэта-ж нашыя. З радасьцяй лічым самалёты. Аптымістыя налічылі іх дзевяноста дзевяць (ляцелі тройкамі). Пазьней выясьнілася, што іх было толькі трыццаць. Бамбавозы, аб'ючаныя бомбамі, цяжкія, як каровы. Таму навокал іх ляталі пастухі — зьнішчальнікі. Мы вітаем іх воплескамі (бурнымі). А гэтых трыццаць бамбавозаў равуць, як каровы і… зьніжаюцца — падходзяць да мэты… І, равучы, як каровы, яны, як каровы выпаражніліся замест на Касыно — на Вэнафро. Багатэля — дваццаць кілямэтраў розьніцы. Замест нямецкага штабу, яны збамбардавалі штаб Восьмай ангельскай арміі генэрала Ліса. Сам-жа генэрал Ліс, ня гледзячы на ягоную тушу й гады, як гальбштарк, падскакваючы, як вавёрка пабег у бомбасховішча. Вынік памылкі — таксама багатэля: васемнаццаць забітых ангельцаў. Італьянцаў і мулаў ніхто ня лічыў.

Таму, лежачы ў яры, я крышку баяўся, ці гэтыя амэрыканскія вясёлыя бойсы ня ссыпяць порцыю бомбаў на нас. Аднак абыйшлося. Касяк самалётаў разьдзяліўся: палавіна павярнула ўлева на манастыр, другая — на Монтэ Кайро. Колькі тонаў зялеза яны ськінулі — ніхто ня лічыў. Але гэтага было шмат. Вясёлыя хлопцы, чаўкаючы гуму й выпаражніўшыся, завярнуліся і паляцелі на «лянч», а мы засталіся ў праклятым яры, пад праклятым сонцам, без вады й з клязэтавай праблемай.

З абодвух бакоў зрэдка страляе артылерыя. Бачна, толькі таму, каб праціўнік не забыўся, што вайна. Людзі ляжаць адраньцьвелыя. Раптам сьвісток. Прыходзіць палкоўнік — сівы, страляны на ўсіх франтох усіх войнаў. Зь ягонай міны бачым, што ён мае нешта важнае сказаць. Палкоўнік чытае ўрачысты зварот Андэрса, які пачынаўся: «Жаўнеры, хай леў жыве ў вашых сэрцах!»…

Пасьля гэтага — другі зварот — дзядзкі Нікадэма. Гэтак мы называлі камандзера нашай дывізіі («Крэсовай»), вусатага генэрала Суліка, які, паводля польскай вэрсыі, гаварыў 'spiewna litewska mowa, хаця палетувіску здаецца знаў толькі «нэ супранту». [5] Пасьля гэтага палкоўнік таксама не хацеў быць, маўляў, «ад мачыхі» — і адчыкрыжыў патрыятычную прамову. Змучаныя, сасмажаныя сонцам жаўнеры слухалі патрыятычных, шаблённых зваротаў даволі абыякава. Затое ўсе заварушыліся, калі палкоўнік сказаў, што СЯНЬНЯ…

5

Не разумею.
– Рэд.

Палкоўнік склікаў афіцэраў. Гаварыў коратка. Сяньня (11-га травеня) а дваццаць трэйцяй гадзіне пачнецца акцыя, якая паводля штабовага коду называецца «гэнкэр». Гэта паангельску — крык дзікіх гусей, якія вяртаюцца з выраю. Ці гэты назоў быў прыпадковы, ці можа нехта ў штабе падумаў пра нас, якія праз тры кантынэнты, праз дзесяткі краінаў ішлі й марылі, што вернемся з выраю ў свае гнёзды — гэтага я не даведаўся.

Сонца зьнізілася за горы. Людзі пачалі дыхаць лягчэй. Але найбольш усіх узварушыла вестка, што гэта СЯНЬНЯ.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: