Алесь Аркуш
Шрифт:
На мінулым тыдні ў госьці завіталі Пятро Васючэнка зь сямейнікамі — Пятро прыехаў на гадавіны па бацьку. Яго жонка, археоляг Ніна Здановіч, бадай, лепшы спэцыяліст па беларускай кераміцы і кафлі, неаднойчы дасьледавала Полацак. Паказаў ёй свае знаходкі. Сярод рознага „мэталалому“ чаго яна толькі не ідэнтыфікавала. Але найбольш мяне ўразіла „апазнаньне“ маёй апошняй знаходкі — Ніна ўзяла ў рукі чарговую жалезіну і кажа: „А вось гэта звычайная шпора, прычым старая, як мінімум стагодзьдзе дванаццатае-трынаццатае“. Прызнацца, калі я яе знайшоў, амаль ля самага майго пад’езду, побач са школьным футбольным полем, я падумаў, што гэта нейкі кочат. Але ўсё адно забраў дахаты. Гэтую жалезку да мяне, напэўна, бачылі дзясяткі людзей.
Гэтак жа няпроста ўбачыць Полацак.
2000 г.
Полацак жывы літаратурай
Развой літаратурнага жыцьця на Полаччыне ў 20-х гадах XX стагоддзя беларускія літаратуразнаўцы слушна зьвязваюць з утварэньнем у старажытным горадзе акруговай філіі ўсебеларускага літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”. Крыніцы, якія сьведчаць пра тыя падзеі, аднадушна, без ніякай блытаніны, паведамляюць: філію заснаваў малады паэт Алесь Дудар, якому на той час было ўсяго 20 гадоў...
Варта крыху спыніцца на гэтай постаці. У Полацк Дудар прыехаў ня проста летуценным юнаком, які піша вершы, – ён на той час ужо зьяўляўся адным з заснавальнікаў літаратурнай арганізацыі “Маладняк” (была ўтвораная ў 1923 годзе). Друкавацца Дудар пачаў з 1921 году, гэта значыць, з сямнаццацігадовага ўзросту. На пачатку сваёй літаратурнай дзейнасьці друкаваўся пераважна ў газеце “Савецкая Беларусь”, з якой доўгі час супрацоўнічаў. Большасьць літаратуразнаўчых крыніцаў паведамляе, што “галоўным ініцыятарам стварэньня арганізацыі (…) быў М.Чарот”. Гэты не зусім дакладны факт быў прыдуманы савецкімі літаратуразнаўцамі, а затым патрапіў у постсавецкія літаратуразнаўчыя крыніцы. Міхась Чарот сапраўды быў адным з самых аўтарытэтных лідэраў “Маладняку”, але ініцыятарам стварэньня гэтай літаратурнай суполкі ён ня быў. Вось як апісвае паўставаньне “Маладняку” Дудар у сваіх успамінах-пакаяньні, якія ён пісаў у турме НКВД: “У 1923 годзе нейкі Беларусаў, які хварэў на пісьменьніка, рабіў спробы стварыць пісьменьніцкую арганізацыю. З гэтых спробаў нічога не выходзіла, бо ў яго не было пэўнага крытэрыя ў падборы сяброў гэткае арганізацыі. Сходы, якія склікаліся ім, ні да чаго не прыводзілі, і пасьля аднаго з такіх сходаў мы з Александровічам парашылі плюнуць на іх і ўзяцца за заснаваньне арганізацыі маладых пісьменьнікаў, якія к таму часу больш саветызаваліся. Мы пагаварылі аб гэтым з Вольным, і вынікам гэтага зьявілася заснаваньне групы, а пасьля і аб’яднаньня “Маладняк”.
Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што менавіта Алесь Дудар разам з Андрэем Александровічам быў галоўным ініцыятарам утварэньня літаратурнай арганізацыі “Маладняк”. Праўда, юныя творцы ў той час цьмяна ўяўлялі, што далей рабіць са сваёй суполкай, таму блізу году яна існавала фармальна. Дудар прызнаецца, што ў 1924 годзе “арганізацыя на ладан дыхала”. Якраз у гэты час нявызначанасьці і няпэўнасьці для маладога паэта загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу Віцебскага акругкаму Аляксандр Сянкевіч запрашае Дудара прыехаць у Віцебск дзеля працы ў гарадской газеце. Вось як гэты ад’езд са сталіцы ў правінцыю апісвае сам Дудар: “У Віцебск паехаў я з ахвотаю, і Сянкевіч быў першым, з кім я пачаў гутарку аб заснаваньні Віцебскай філіі “Маладняку”. Такая філія і была мною заснована ў складзе: мяне, Сянкевіча і Мазуркевіча. Пазьней да філіі далучыўся Касьпяровіч, які ў той час там працаваў”.
Падобна на тое, што Дудар разглядаў сваю паездку ў Віцебск як адмысловую камандзіроўку ад “Маладняка”. Уласна нацыянальных пісьменьніцкіх кадраў Дудар у Віцебску не знайшоў. Сянкевіч быў грамадска-палітычным дзеячам, Мазуркевіч – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, Касьпяровіч – супрацоўнікам Віцебскага акруговага аддзелу народнай асьветы. Гэта былі тыя людзі, якія непасрэдна займаліся ў Віцебску праблемай беларусізацыі. Ніхто з іх стала літаратурнай дзейнасьцю не займаўся. Пазьней, калі ў Беларусі пачаўся жахлівы генацыд у дачыненьні да беларускай інтэлігенцыі, усе гэтыя першыя віцебскія маладнякоўцы былі рэпрэсаваныя.
Дудар працаваў у Віцебску непрацяглы час. Праз месяц ён пераехаў у Полацк. Ці тое адбылося з яго ўласнай ініцыятывы, ці яго накіравалі на дапамогу ў справе беларусізацыі старажытнага гораду – нам гэта невядома. У сваіх успамінах-пакаяньні Дудар піша: “Пасьля месячнай працы ў Віцебску я пераехаў у Полацак, дзе быў прыняты ў камсамол. ЦБ “Маладняку” наказала мне заснаваць і там філію, але тут я спаткаўся з фактам поўнай адсутнасьці літэратурных сілаў на Полаччыне. Дзеля гэтага я, нягледзячы на напамінаньні ЦБ, доўгі час нічога не рабіў, аж пакуль не прыехалі Вольны і Пушча і не патлумачылі мне, што пры адсутнасьці літаратурных сілаў можна абмежавацца падборам людзей, якія разьбіраліся б добра ў літаратуры, былі б добрымі яе папулярызатарамі і магчыма ў будучыні вылучылі б з сябе літаратурных крытыкаў і наогул літаратуразнаўцаў. Выходзячы з гэтага прынцыпу, я заснаваў Полацкую філію “Маладняку”, у якую ўваходзіла чалавек 7, з якіх я адзін меў дачыненьне да літаратуры; рэшта былі маладыя настаўнікі, скончыўшыя Менскі педтэхнікум, пара вучняў і ўсё”.
У газеце “Полоцкий пахарь” Дудар працаваў да жніўня 1925 году, пасьля чаго вярнуўся ў Менск. На той час літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк” ужо самае галоўнае, – маладнякоўцы дамагліся дзяржаўнага фінансаваньня. З траўня 1925 году літаратурная арганізацыя “Маладняк” пачала выдаваць кнігі. У гэтым спрыяльным для “Маладняка” годзе ў Дудара выходзіць адразу два зборнікі вершаў “Беларусь бунтарская” і “Сонечнымі сьцежкамі”. Значную частку гэтых кніг склалі вершы, якія паэт напісаў або ў самім Полацку, або паводле ўспамінаў жыцьця ў старажытным горадзе. Сярод іх верш “Скарына”, у якім камсамольскі паэт Дудар услаўляў славутага палачаніна за тое, што ён “аправіў мужычую мову ў неўміручы гнуткі пергамент”.
Зерне, кінутае Дударом у полацкую глебу, шчодра ўскаласілася. Полацкая філія “Маладняку” пачала хутка расьці. Шмат якія маладыя паэты з усёй Беларусі імкнуліся прыехаць і пажыць у старажытнай сталіцы крывічоў. Дудар у сваіх прымусовых мемуарах піша: “У лютым 1926 году, калі Адамовіч (маецца на ўвазе Алесь Адамовіч – партыйны дзеяч 20-х гадоў і актыўны прыхільнік працэсу беларусізацыі. – А.А.) быў назначаны сэкратаром Полацкага акругкаму КП(б)Б, ён пачаў падбіраць туды “сваіх людзей”, г.зн. работнікаў даволі надзейных з пункту погляду “беларускасьці”. Выехаў туды Александровіч, зьбіраўся ехаць і я, але не паехаў, бо ЦБ “Маладняку” пастанавіла пакінуць мяне на працы ў апараце ЦБ літаратурным сакратаром (адказным сакратаром ЦБ застаўся тады Вольны). Замест мяне паехалі Звонак і Дубовік, якія прайшлі там моцную нацыяналістычную школу пад уплывам Александровіча. (…) Там жа ў Полаччыне працаваў Хурсік, які яшчэ ў Менскім тэхнікуме праяўляў нацыяналістычныя настроі. Тую ж школу прайшлі Броўка, Шалаяў, Відук, Шукайла – усе яны працавалі ў Полаччыне (…)”.