Шрифт:
— Калі так, я першы. Хай! І выклікаю паследаваць прымеру Багацьку Сцепаніду.
Гэта ўжо было нешта новае. Тыя разы Лявон таксама запісваўся першы, але следаваць прыкладу не выклікаў, за ім запісваліся Сцепаніда, Антось Недасека, дэмабілізаваны чырвонаармеец, беззямельны Васіль Ганчарык, і на тым наступаў перапынак. Болей ніхто не запісваўся, сядзелі моўчкі, курылі. Зноў выступалі ўпаўнаважаныя, мацерна лаяўся Лявон за несазнацельнасць, і зноў марна.
Цяпер Сцепаніда ўстала з лавы пад сцяной і сказала, што згодная ўступіць у калгас.
— А каго выклікаеш паследаваць прымеру? — напружана ўставіў у яе адно вока Лявон.
Сцепаніда трохі сумелася. Пакуль стаяла, аднак, ля лавы над угнутымі спінамі мужыкоў і азірала іх ускудлачаныя, сівыя, лысаватыя патыліцы, ссутуленыя гадамі, працай і гэтым неспадзяваным клопатам плечы ў кажушках, паддзёўках, цалейшых і палапленых армячках, сцяміла: выклікаць трэба такога, каб ён напэўна запісаўся і таксама выклікаў некага здатнага для прыкладу наступным. Спярша яна хацела назваць Карнілу, што цяпер сядзеў за тры чалавекі ад яе, той якраз і зірнуў на яе неяк бокам з касматага каўняра кажуха, але ў тым яго позірку яна на адчула падтрымкі — хутчэй спалох, нядобразычлівасць, і яна сумелася.
— Ну, выклікаю Ладзіміра Багацьку, — сказала яна пагадзя, нават не абдумаўшы, добра будзе тое ці не.
Ладзімір быў чалавек памяркоўны, не самы бяднейшы ў вёсцы, але і не багаты, зямлі меў, можа, на якую дзесяціну болей за Петрака ці Лявона, з яго малодшай дачкой Анютай Сцепаніда гэтую зіму хадзіла ў лікбез і сядзела за адным сталом у школе. Анюта ёй падабалася, хоць і была ўдвая маладзейшая, але чулася нібы малодшая сястрычка — такая была прыхільная і сяброўская.
Высокі хударлявы ў паддзёўцы Ладзімір натужна ўстаў з услона, дрыготкай рукой пакратаў вусы. З вялікай, аднак, неахвотай, бы хворы, выцадзіў з сябе нешта, што таварышы з прэзідыума зразумелі як згоду ўступіць. Пасля ён з такой жа ледзьве адоленай натугай думаў, каго выклікаць на прыклад, і назваў Антося Недасеку. Малады яшчэ, жвавы і спрытны Антось тут жа пагадзіўся і выклікаў суседа цераз вуліцу Івана Гужова, якога ўсе ў вёсцы звалі проста Гужом.
«Неяк пайшло», — падумала Сцепаніда і ажно парадавалася, што Лявон гэтак удала прыдумаў рушыць калгасную справу. Гэта ж так проста: адзін за адным, ланцужком, па прыкладу актывіста, суседа, сваяка. Усё ж так весялей і надзейней, не тое што вытыркацца аднаму з пакутнаю думкай: а раптам іншыя не захочуць, не падтрымаюць, а ты застанешся дзіваком ці няўдачнікам, бо наўрад каб ты аказаўся разумнейшы, калі робіш насуперак іншым? Усё ж справа гэта хоць і выгадная, як паглядзець здаля, хоць і дзяржаўная, разумнымі людзьмі прыдуманая, але новая, не бачаная дагэтуль, нікім не спытаная, хто ведае, як яшчэ ўсё абернецца. Можа, дзе і абярнулася добра, але ж там, мусіць, і зямля лепшая, не такая, як тут: то пясок, то гліна, а то і балота. Ды і людзі, напэўна, больш здатныя, не тое што тут. Каго ні вазьмі, дык калі не гультай, дык нямоглы, а то сквапны праз меру, то сварлівы, не гаспадарлівы ці тупаваты завельмі. Яны і для аднаасобства не дужа здатныя, а як будзе ў калгасе? За сябе Сцепаніда не надта баялася, яна — як усе, а калі ішла добраахвотна і першай, дык болей таму, што была бяднячка, уведала нявыкрутку на дзвюх дзесяцінах, дзе толькі надарвешся на той гліне пад ровам. Хопіць таго, што яна надрывалася ў парабках пана Яхімоўскага, шэсць год рабіла, не шкадуючы сябе. А што зарабіла? Добра яшчэ — далі ягоную хату ды дзве дзесяціны. Як бы жыла інакш? З Петраком, такім жа, як і яна, парабкам, ды двума нажытымі дзяцьмі?
Цяпер Сцепаніда акрыяла душой: урэшце зрушылася, пайшло, будзе калгас, што ўжо чапляцца за тую бядняцкую нэндзу, ці не пара саступіць са спрадвечнага і даверыцца новаму. Тым больш калі разумныя людзі раяць. Яна паважала разумных людзей, асабліва тых, каторыя з горада, адукаваныя, думала: ужо яны на благое агітаваць не будуць. Добра, што і Пятрок не надта пярэчыў, хоць на сходы хадзіць перастаў, пасылаў яе і бурчэў кожнага ранку, як збіраўся на ток ці да скаціны. Але што ведаў Пятрок, які павучыўся некалі дзве зімы ў школе, толькі і ўмеў распісацца, ды і то аж спацее, бывала, пакуль выведзе на паперы сваё няхітрае прозвішча.
Мабыць, аднак, яна раней часу парадавалася, хоць і здаўна ведала, як гэта блага — загадзя радавацца. Стары Гуж выклік Недасекі не прыняў, запісацца ў калгас адмовіўся. Так ладна наладжаны ланцужок раптоўна парваўся.
Пасля зноў выступаў Касмачоў, грукаў кулаком па стале Лявон, заклікаў да сазнацельнасці, сход загаманіў без ладу і без сэнсу, бы прарвалася штось нядобрае. Ладзімір усчаў сварку з Карнілам, ледзь не пабіліся. А стары, аброслы сіваю шчэццю Гуж сядзеў, бы перад смерцю, прамы і маўклівы, туга сашчапіўшы вусны, і глядзеў кудысці ў кут, дзе некалі віселі абразы, а цяпер прыбіты цвікамі цьмяна свяціўся папяровы партрэт Карла Маркса. Так болей нічога і не ўдалося да золаку. На золаку па адным разышліся.
Яшчэ з вуліцы ў Выселках Сцепаніда згледзела на сельсавецкім падворку буланага коніка пад стракатай папонай, запрэжанага ў ладны зялёны вазок, і здагадалася, што гэта прыехаў Новік. З пачатку зімы той ездзіў у гэтым спрытным вазку, бо яшчэ ўлетку перабраўся ў горад і стаў працаваць у акружкаме. Дужа крута пайшоў угору гэты Недасекаў хлопец, які, стаўшы начальнікам, перш змяніў прозвішча на Новіка, мусіць, ранейшае яму замінала. Ён спрытны быў і ў дзяцінстве, няблага вучыўся ў школе, а пасля — на настаўніка ў Віцебску, але настаўнікам рабіць не схацеў, падаўся ў кіраўнікі. «Гэты не Касмачоў, — падумала Сцепаніда, паварочваючы да сельсавета, — гэты ўсіх тут бачыць наскрозь. І не глядзі, што тутэйшы, а з людзьмі трымаецца строга, па-начальніцку і наогул прынцыповы, дзелавы, кажуць, дужа парцейны. Зрэшты, — думала яна, — можа, цяпер такім быць і трэба, бо з нашымі людзьмі інакш нельга. Калі яны што і прызнаюць, дык гэта ўладу і строгасць».
Сельсавецкая хата стаяла пры самай вуліцы ў сярэдзіне вёскі — доўгая, нізкаватая будыніна пад дранкай з рудавата-аблезлай палатніной лозунга ў падстрэшшы, на якой белымі літарамі значылася: «Цясней змычку горада з вёскай!» Сяней пры хаце не было, адчыніўшы дзверы, прыхожы адразу трапляў у вялікі пуставаты пакой, дзе некалі жыў высланы псаломшчык Конан з вялікай сям'ёй, а цяпер кватаравала хворая Каландзёнчыха з сынам, на выгляд не то дзецюком, не то падлеткам Патапам. Ля парога Сцепаніда трохі атэпала чуні і расчыніла дзверы, адкуль яе абдало цяплом напаленай грубкі, а нізам з-пад ног сунулася воблака сцюжы. Яна таропка зачыніла дзверы і спынілася, стараючыся ўгледзець, хто ў сельсавеце. Там-сям сядзела некалькі мужчын, у падстоллі плавалі-круціліся шызыя космы дыму. Гучная размова мужчын разам спынілася.