Шрифт:
— Во і Багацька, — сказаў з-за стала Лявон і змоўк.
Яна павіталася і села на краёчак лавы каля дзвярэй, ведала — пытацца няма чаго, зараз і без таго ўсё праясніцца. Яна толькі стрымана зірнула на заклапочаны, нават прыгнечаны твар старшыні, што сядзеў над нейкай паперынай, перавяла позірк на ладную, падцятую постаць Новіка, падпяразаную шырокай ваеннай дзягай па зялёнага колеру фрэнчы, яго зграбныя, з бліскучымі халявамі боты, у якіх ён энергічна крочыў ад акна да грубкі цераз пакой і, відаць, гаварыў нешта важнае перад яе прыходам. Чорны шарсткаваты чуб яго раз за разам спадаў на лоб, і Новік, энергічна трухнуўшы галавой, закідваў яго назад. У парозе поркаўся каля грубкі Патапка, соваў у топку тоўстыя смаляныя палены, ад якіх аж гуло ў некалі пабеленай, але добра ўжо абшкрэбанай сялянскімі плячыма грубцы. Побач з услона за ім дужа пільна сачыў малодшы Недасека, які цяпер гаспадарыў сям'ёй у бацькавай хаце і, як і Сцепаніда, быў членам камітэта беднаты. Аблезлы залаплены кажушок на ім быў шырока расшпілены ад цеплыні. У хаце ўвогуле было цёпла.
Трохі памаўчаўшы, Новік ступіў па падлозе тры крокі і павярнуўся да стала.
— Я ўжо сказаў: галоўная небяспека на даным этапе — гэта правы ўхіл. Нельга дазволіць, каб тэмпы калектывізацыі замарудзіліся. Тым больш сарваліся. А ў вас іменна так: зрыў! Галавацяпства! Восем сходаў, і не можаце арганізаваць калгас. Мяккацеласць і папусціцельства класаваму ворагу. Таварыш старшыня, колькі вы раскулачылі? — Новік раптам жвава павярнуўся на абцасах і апынуўся перад Лявонам. Той недаўменна падняў свой аднавокі твар з сінім шрамам на левай шчацэ.
— А каго раскулачваць? Галота.
— Ах, галота? Дык чаму ж тады твая галота байкаціруе калгаснае будаўніцтва?
— А таго што баіцца. Не ведае. Як будзе ў калгасе, не ведае. Не шутачкі…
— Як будзе — партыя сказала. У рашэннях з'езда Саветаў напісана. Ці вы не растлумачвалі?
— Мы растлумачвалі. Сазнацельная часць сялян — за. Але сазнацельных мала.
— Сазнацельных мала! — пагрозліва паўтарыў Новік. — Перш-наперш самім трэба стаць сазнацельнымі. А во вы самі — вы ж заражаны душком укланізму. Я вот гляджу, часнасобственніцкія тэндэнцыі для вас важней, чым рашэнні партыі.
Новік раз'ятрыўся, гэта відно было па ягоных нервовых рухах, хадзе, на якой ён часта спыняўся і кідаў Лявону крыўдныя словы абвінавачання. Але і Лявона, відаць, дапякло: пакалечаны твар яго ўсё болей бурэў, адзінае вока з-пад касмылявага белага брыва налівалася нутраным гневам, і ён не стрываў:
— Ты мяне ўкланізмам не дакарай! Я не менш за цябе хварэю за калгасы. Я кроў праліваў за новае жыццё. Але як во рабіць? Добра табе ездзіць, трэбаваць! А во сядзь на маё месца, убядзі! Каб згадзіліся па сваёй ахвоце. Каб без нагана, як у некаторых.
Мусіць, Новік зразумеў, што так будзе не размова, а сварка, ды яшчэ на людзях. Ён памаўчаў трохі і сеў збоч стала.
— Ладна. Я вас навучу, — сказаў ён спакойней. — Дзе камбед?
— Во Багацька Сцепаніда, зараз прыйдзе Ганчарык. Сямёна не будзе, павёз збожжа на станцыю, — пацішэлым тонам, але яшчэ ваўкавата адказаў Лявон.
— Ну, што будзе паўнамоцна. Сельсавет, камбед, прадстаўнік акружкама — будзе паўнамоцна. Трэба рашаць. Ударыць па сабатажніках. А то развялі галавацяпства!.. Адкрывай сумеснае пасяджэнне.
— Гэта… Сумеснае пасяджэнне шчытаецца адкрытым, — прабурчаў Лявон і змоўк.
— Пытанне адно: адпор сабатажнікам калгаснага руху, — падказаў Новік. — Прадлагаю раскулачыць Гужова Івана. Як кулацкага падпявалу і сабатажніка.
Костачкамі пальцаў Новік прыстукнуў па абшкрэбанай сталешніцы, зірнуў на Сцепаніду, затым — працяглым позіркам на Лявона. Лявон узваліўся грудзьмі на стол і заціх.
— А па якой стацці? — запытаў ён, памаўчаўшы. — У яго зямлі чатыры дзесяціны. Самы серадняк.
— Знаю, — сказаў Новік. — Яго ж надзел поруч з нашым. Зямлі не багата, сагласен. Але — сабатажнік. Сам жа ты казаў, што ён сарваў сход. Зрыўшчык, значыцца. Калі ўпрэцца, нічым не зрушыш. Ужо я яго ведаю.
Сцепаніда маўчала — да такога павароту справы яна была не гатова. Гуж для яе быў як і ўсе: не багацейшы за іншых, хіба больш цягавіты ў працы, да таго ж меў двух сыноў, работнікаў у самай сіле, а тры мужыкі ў гаспадарцы гэта табе не тры бабы. Варочаюць, ого!
— Дык ён жа другіх не падбухторваў. Ён сам не пайшоў, пры чым жа тут зрыўшчык! Ці сабатажнік? — напружана разважаў за сталом Лявон, перакладваючы з месца на месца паперку.
— Як вы не разумееце?! — урэзаў кулаком па сталешніцы Новік. — Яго вы не зрушыце — за ім не зрушацца іншыя. На яго ў сяле азіраюцца: аўтарытэт! Во мы і ўдарым па гэтым аўтарытэце! Тады запяюць інакш. Пабаяцца.
— А ці правільна гэта? — набраўшыся духу, сказала Сцепаніда. — Раскулачваць, каторыя кулакі. А Гуж серадняк. Не, я не сагласная.
— Ну і кіраўніцтва! Ну і актыў! — пакутна застагнаў Новік. — Галавацяпы вы! Ён жа горш, чым кулак. Ён — сабатажнік! Зрывае калектывізацыю ў Выселках. А Выселкі зрываюць тэмп у раёне. Раён-зрыўшчык, вы разумееце, што гэта такое? Мусіць, за гэта цяпер па галоўцы не гладзяць. І нас, і вас!