Шрифт:
«Божа, Божа, — думаў Пятрок, пазіраючы на мігатлівую мітусню агняных языкоў у вогнішчы, — што робіцца на свеце! Якая страшная вайна, як няўдала пачалася, што будзе далей? Страшны час!» Хоць і да вайны хапала рознага ў вёсцы… Пятрок слаба разбіраўся ва ўсёй той складанай механіцы барацьбы ў маштабах краіны, але што датычыцца сваёй вёскі, дык тут ён ведаў болей за якіх упаўнаважаных. Упаўнаважаным, бывала, падабалася, як выступаў на сходах Антось Недасека, думалі, мабыць: які свядомы! А Пятрок ведаў, што гэта ён выступае так згодна таму, што днямі падаў заяву аб дапамозе як мнагадзетнаму і малазямельнаму. Во і стараецца! А калі Барыс Багацька прагаласаваў за калгас, дык зусім не таму, што быў яму рады, а каб дапячы Гужову, з якім даўно быў у сварцы і які, бы чорт крыжа, баяўся калгаса. Ды і ягоная Сцепаніда, хоць і агітавала за калгас па ўсёй вёсцы, калі разабрацца, болей старалася за сябе, ну, і за яго, вядома, бо ўжо стала відаць, што з дзвюх дзесяцін пражыць неяк, а здароўе пакладзеш, гэта пэўна. Але во як яно абярнулася: Барыс уцёк у Ленінград да родзічаў, Гужа раскулачылі і выслалі, а цяпер за тое трэба аддувацца, і першаму — Пятру Багацьку, жонка якога некалі трапіла ў той камбед і на сходзе пасядзела ў прэзідыуме. Каб цяпер тыя яе пасядзелкі не вылезлі бокам.
Пятрок далей пад казан падсунуў дзве галавешкі і падклаў збоч бярозавае паленца, падумаў, што, мабыць, ужо хутка закапае. Медная літровая конаўка даўно ўжо чакала пад кончыкам змеевіка, але там было яшчэ суха, яшчэ ніводная кропля не выцекла з трубкі. Пятрок зноў зірнуў угору: у ельніку на ўзроўку мітусліва-трывожна круцілася сарока, нешта настойліва сакатала, і Пятрок падумаў: ці не крадзецца хто да яго з рова? А можа, сарока сакоча на яго самога? Усё ж для пэўнасці, каб заспакоіць сябе, ён устаў і ўгледзеўся праз хмызняк — быццам паблізу нічога не было відаць. Але сарока не аціхала, падлятала то бліжэй, то абыходзіла гушчар стараной і ўсё настойлівей трашчала няўрымслівую сваю трывогу. Тады ён, прыгнуўшыся, прадраўся праз ельнік і ўбачыў ля ручая Рудзьку, сабачку пастушка Янкі. Мабыць, асірацеўшы без гаспадара, сабака круціўся па полі і забрыў на вогнішча, можа, згаладнеў і цяпер, убачыўшы Петрака, жвава заматляў хвастом, не зводзячы радасна-ажывелага позірку з чалавека.
— Ну што? Чаго сядзіш? Ідзі сюды, — сцішана паклікаў ён Рудзьку, і сабачка сапраўды ахвотна прашмыгнуў пад елачкамі да вогнішча. Аднак блізка не падыходзіў, сеў зводдаль і, папераменна пазіраючы то на гаспадара, то на вогнішча, чагосьці чакаў.
— Што, есці хочаш? Дык няма нічога. Выпіць будзе, а паесці няма, — як да чалавека, з роўнаю добрасцю гаварыў да яго Пятрок.
Шкада, у кішэнях у яго не было нічога, што можна было б з'есці. Аднак, прыбіўшыся да чалавека, Рудзька, здаецца, гатовы быў тым задаволіцца, мусіць, ён набыўся ўжо ў адзіноце і цяпер ля вогнішча пры чалавеку адчуў сябе ў спакоі, лёг і паклаў галаву на лапы, стомлена пазіраючы на агонь.
Але во, здаецца, набліжаўся той самы прыемны момант, калі першыя кроплі з трубачкі, урачыста бумкнуўшы ў дне, упалі ў медную конаўку. Пятрок зараз жа выграб з-пад казана недагарэлыя галавешкі, цяпер будзе даволі вуголля ды слабага агню, полымя ўжо не трэба. Тым часам кроплі з трубкі пасыпаліся часцей, нават быццам зацурчала тоненькім, як нітачка, струменьчыкам, сярод дымнага смуроду ў раўку прыемна запахла спіртным. Тут трэба было асабліва ашчадна абыходзіцца з агнём, трымаць жар у адной меры: каб не астыў казан, але і каб не перагрэўся, не падгарэла гушча, — што і казаць, умельства трэба было не меней, чым пры ігры на скрыпцы. Пятрок аж захваляваўся і то прысоўваў галавешкі бліжэй да казана, то адсоўваў іх далей; ад дыму ў яго слязіліся вочы, і ён выціраў іх скарэлымі пальцамі і ўсё зазіраў у конаўку: а ці многа? Урэшце там набралася да палавіны, ён узяў конаўку і ашчадна пераліў чысцюткую, як сляза, гарэлку ў старую, ад ліманаду, бутэльку. То быў пяршак, самая моцная на градус порцыя з усёй выганкі. Яму стала шкада аддаваць яе ў ненажэрнае горла Гужа, можа б, сам калі выпіў пры якой нагодзе ці ашчадзіў для добрага чалавека. Так трохі разважыўшы, Пятрок закаркаваў скамечанай паперынай бутэльку і адышоўся да шыпшынавага куста на ўскрайку прагаліны. Там ён выграб у зямлі добрую ямку і, уладкаваўшы туды бутэльку, старанна загарнуў яе прэлым лісцем. Хай ляжыць на час лепшы.
Рудзька не адрываў позірку ад яго корпання ля самагоннага начыння і ўмольна-цікаўнымі вачмі суправаджаў кожны яго рух з конаўкаю: цярпліва чакаў, мабыць, што гаспадар урэшце чымсь пачастуе яго. Але пачаставаць яго ў Петрака не было чым, ён і сам выгаладаўся, пакуль перагнаў казан брагі — выйшла яшчэ тры бутэлькі, далей ужо сачылася рудая юшка, на сподзе, мабыць, засталася адна гушча. Трэба было канчаць, і Пятрок выграб з-пад казана ўвесь жар, затаптаў яго апоркамі ў доле, казан адвалок з прагаліны ўсё ў той жа шыпшынавы куст, дзе старанна закапаў лісцем і зверху кінуў яшчэ некалькі хваёвых лапак. Змеявік, як самую каштоўную дэталь, трэба было ўзяць з сабой, таксама як і дзяжу. Тры бутэлькі з яшчэ цеплаватым самагонам парассоўваў па кішэнях і за пазухай. Урэшце напаследак прыкурыў ад вугольчыка і памалу пайшоў да сцежкі.
Пакуль ішоў ровам каля ручая, Рудзька бег ззаду, але затым на паваротцы да хутара трохі адстаў, і Пятрок, павярнуўшыся, ціха паклікаў яго. Рудзька наўскач дагнаў старога і болей ужо не адставаў. Здаецца, ён быў сціплы і выхаваны сабачка, які паважаў людзей і ніколі не соваўся куды без запрашэння.
Яшчэ падыходзячы гародам да істопкі, Пятрок учуў невыразны голас, быццам бы з хаты, але затым голас той сціх, і Пятрок падумаў, што, мабыць, гэта здалося, — хто цяпер, апроч Сцепаніды, мог быць на сядзібе? Тым не менш маленькая трывога ўжо запала ў ягоную душу, і ён на дрывотні спыніўся, кінуў на трэскі дзежку і, азірнуўшыся сюды-туды, сунуў за дровы змеявік і тры бутэлькі з гарэлкай. Так лепей, бо ці мала хто мог забрысці ў хату, не немцы, дык паліцаі, што таксама не лепей. Пасля, надаўшы твару абыякава-стомлены выгляд, увайшоў у сені.
Ну, так яно і было, ён не памыліўся — з хаты чулася размова: адзін голас быў Сцепанідзін, а другі… Не ўцяміўшы адразу, чый быў той голас, Пятрок нясмела расчыніў дзверы ў хату.
— Во, а мы чакаем. Думалі ўжо — не дачакаемся сёння.
«Вы ды каб не дачакаліся — воўк за гарой здохне», — падумаў Пятрок, пазнаўшы паліцая Недасеку, што падняўся насустрач з лавы. Ён падаў Петраку шырокую далонь, якую той ціхенька паціснуў, думаючы ўсё: «Каб ты здох, унюхаў-такі. Але што ж, мабыць, здагадлівыя… Не паспееш нешта падумаць, як яны ўжо ведаюць».
— Але калі на работу, дык не пайду, — сказаў Пятрок. — Учора падбіўся, няма рады.
— Ай, не хадзі, — ахвотна пагадзіўся паліцай. — Сёння можна і не ісці, немцы паехалі. Ну як, ці нагнаў? — раптам запытаў ён і сціх, поўны ўвагі.
Пятрок зразумеў, што ён мае на ўвазе, і ўжо хацеў быў аднекацца, нешта схлусіць, але перш зірнуў на Сцепаніду, якая моўчкі стаяла пры печы. Злавіўшы ягоны позірк, яна сказала:
— Во дажыдаецца. Быў жа Гуж, ужо ўсё ведае.
Каторы ўжо раз Пятрок моўчкі пры сабе вылаяўся, ну але што ж! Без Гужа тут, ведама, не абыдзецца, але, можа, і лепей, што няма самога старшага паліцая, не трэба нічога тлумачыць ці апраўдвацца. І ўсё ж самагон ён хацеў аддаць ва ўласныя рукі Гужа, каб было зразумела, каму і ад каго, ды, можа, яшчэ і абгаварыць, за што. Папрасіць, каб не дакучаў з працай, не прысылаў немцаў кватараваць, перастаў чапляцца да жонкі. Ці мала ў яго было спраў да Гужа! Але ж во трэба цяпер ні за што, ні пра што аддаваць самагон Недасеку, які, можа, сам усё і вып'е.