Вход/Регистрация
Знак бяды
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Хазяін?

— Ну хазяін. Ведама…

— Бандзіты заходзят? Гавары быстра!

— Якія бандзіты? — не зразумеў Пятрок. — Ад нас во нядаўна немцы выехалі, счытай, нядзелю стаялі…

Двое з захожых прыселі на лаву, трымаючы між калень вінтоўкі, двое засталіся на сярэдзіне хаты.

— Сала ёсць? — запытаўся насаты, і не паспеў Пятрок адказаць, як другі, што стаяў наперадзе, крутануўся да яго бокам, падставіўшы позірку левую, з белай павязкай, руку. «Ага, паліцаі, значыць», — здагадаўся Пятрок, які спярша нават не ведаў, як сябе з імі паводзіць, што гаварыць.

— Ды што ты да яго з салам! — нейкім прыемна адкрытым, са шчырасцю, голасам папракнуў паліцай насатага і запытаўся з усмешкай: — Гарэлка ёсць?

— Адкуль жа? Няма гарэлкі, — сказаў Пятрок раптам асіплым голасам. Насцярожаныя госці па-змоўніцку пераглянуліся.

— Эта ты брось зажымацца! Такой номер у нас не прайдзёт! — быў гатовы абурыцца насаты. — Стаў бутылку, а патом пасмотрым.

— Дык чэсна няма! Што я хлусіць буду, — стараючыся як мага болей шчыра і таму, мусіць, фальшыва апраўдваўся Пятрок. Захожыя, відаць, ужо злавілі гэтую яго ненатуральнасць у голасе і яшчэ болей здзівіліся.

— Ты бачыў? — пасля нядоўгай замінкі сказаў паліцай да насатага. — Адмаўляецца!

— Што, жыць надаела? А эта ты нюхал?

Перш чым Пятрок што зразумеў, насаты тыцнуў яму пад нос сцюдзёную, прасмярдзелую порахам рулю выхапленага з-пад палы нагана.

— Самагону! Жыва!

— Дык але ж я не маю, — слаба стаяў на сваім Пятрок, хоць ужо ведаў, што ягоныя словы ім, што гарох да сцяны, — ім патрэбна была гарэлка.

— Якая вам гарэлка ад нас? — раптам загарачылася Сцепаніда, што дагэтуль моўчкі тулілася ў цяні каля грубкі. — Дзе ён вам яе возьме?

— Гужу дык недзе ўзяў, — лагодна сказаў паліцай з павязкай. — А нам шкадуе. Нядобра так. Не па-чэснаму.

— Якому Гужу? Хто гэта вам сказаў?

— Каландзёнак сказаў, — удакладніў паліцай, і Пятрок здагадаўся: мусіць, то былі прыезджыя паліцаі з Крынкаў. Канешне, мост, мусіць, гатовы, цяпер будуць ездзіць і крынкаўскія, і вязнікоўскія, і яшчэ шмат якія з далёкіх і блізкіх вёсак і ўсе заварочваюць на Яхімоўшыну — ведама ж, пад рукой, пры дарозе. І Пятрок аж жахнуўся з свае задумы: што ён нарабіў з тым самагонам? Хіба можна было напаіць гэтых сабак з усяе акругі? Ці ў яго хопіць на тое жыта, начыння, ягоных дзвюх спрацаваных рук?

— Каландзёнак тут месяц не паяўляўся! — смела схлусіла далей Сцепаніда, і паліцаі пераглянуліся ў недаўменні.

— Як гэта — не паяўляўся?

— А так. Не было яго тут. Можа, дзе ў другім месцы ўзяў.

— Няпраўду гаворыш, — заўсміхаўся паліцай з павязкай. — Каландзёнак не хлусіць.

— Ану абыскаць! — раптам закрычаў насаты. — Всё абыскаць! Бярыце лучыну і всюду: в сенях, в аборы!

— Дык спаліце ж хутар, хіба так можна з агнём, ці вы здурнелі! — залямантавала Сцепаніда.

Але двое, што сядзелі на лавах, жыва ўскочылі і, пахапаўшы з загнеткі лучыны, пачалі падпальваць іх у грубцы. У дымным мільготкім смуродзе на момант асвяціліся іх счырванелыя азызлыя твары, відаць, абодва былі на добрым падпітку, і чакаць ад іх якой асцярогі не выпадала. З лучынкамі яны падаліся ў сені, чуваць было — палезлі ў істопку, з дзвярэй павалакло сцюжай, і Петраковы плечы ў адной камізэльцы перасмыкнуліся ад дрыжакі. Двое, што засталіся ў хаце, вальней расступіліся перад гаспадаром.

— Ану ідзі сюда! — зацята загадаў насаты. Пятрок моўчкі ступіў на сярэдзіну хаты і стаў, гатовы да горшага. — Водку даеш?

— Дык няма, — сказаў ён проста ўжо амаль абыякавым голасам, разумеючы, што даказваць, бажыцца тут без карысці. Яны былі ў такім стане хцівай драпежнасці, што ягоныя словы наўрад ці маглі многа значыць. Ім патрэбна была гарэлка.

— А еслі найдзём?

— Знойдзеце, дык ваша, — сказаў Пятрок, адчуўшы, аднак, што, мусіць, сказаў няўдала: яшчэ падумаюць, што ён недзе хавае. Але там, дзе хавае, яны не знойдуць, хоць бы перавярнулі ўсю сядзібу і яшчэ ўвесь роў у дадатак.

— Знойдзем — палучыш пулю. За ашуканства, — паабяцаў паліцай.

— А не найдзём — тожа прыстралім, как сабаку, — удакладніў насаты. — Так што харашэнька падумай.

— Што ж, воля ваша, — паныла сказаў Пятрок і зразумеў, што выйсця для яго не будзе. — Толькі няма гарэлкі.

Наступіла невялічкая затрымка, паліцаі, відаць, чакалі, што прынясуць тыя, што пайшлі шарыць у істопцы. Сцепаніда мяняла лучыну на загнетцы, каб было трохі відаць у хаце, у якой віўся пластамі дым і дужа патыхала гарэлым. Пятрок вельмі баяўся, каб не падпалілі што ў істопцы ці дзе на падворку, бо якой жа ашчаднасці можна чакаць ад п'яных. З усіх чатырох адзін толькі паліцай з павязкай здаўся яму трохі менш п'яным ці менш звераватым, чым той насаты з наганам, і Пятрок сказаў да яго:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: