Шрифт:
Памарудзіўшы трохі, Пятрок выйшаў з хаты і на дрывотні выцягнуў з-за штабялька дзве бутэлькі гарэлкі. Трэцюю рашыў не аддаваць, паберагчы трохі. Ідучы ў хату, трошкі пабойваўся, што Недасека заўпарціцца, скажа: мала, тады прыйдзецца апраўдвацца, што мала нагнаў, бо кепскае начынне ці мала заквасіў. Але, на яго здзіўленне, Недасека не сказаў ні слова, запіхаў бутэлькі ў кішэні суконнага галіфэ, што нізка спаўзло на калені.
— З бульбы ці жытняя? — толькі і пацікавіўся паліцай.
— Жытняя. Стараўся, а як жа! Цяпер жа, ведаеш, трэба ўсім дагадзіць, уласці асобенна, — ветліва сказаў Пятрок.
— Уласці заўжды дагаджаць трэба. Хоць савецкай, хоць нямецкай, а як жа, — глыбакадумна заключыў Недасека і ўзяўся за клямку. — Ну, то да пабачэння!
Ён пайшоў, быццам нават задаволены тым, што ўзяў, Пятрок падазрона пасачыў у акно, як паліцай выходзіў з варотцаў, і тады стомлена сеў на лаву. Сцепаніда палезла ў печ па чыгунок з рэшткай капусты.
— Дзвюма бутэлькамі думаеш заліць яму вочы? — з'едліва запытала яна, спадылба пазіраючы на супакоенага Петрака.
— А што, мала?
— Сам ведаеш. Як бы зноў не прыпёрся.
— А не дам. Што ў мяне, спіртзавод?
— Аднак ужо ведаюць, што гоніш. Што змеявік на скрыпку выменяў. Агентура, кажа.
— Во як! Каб яна спрахла, агентура тая!
— Толькі во бомбу не могуць знайсці. Бомба там ля моста ляжала, дык спёр нехта.
— Бомбу! Ну каму яна трэба… Хіба Карніла? Пэўна, Карніла, — сказаў Пятрок, падумаўшы. — Таму ўсё трэба. Што дзе ляжыць, усё дамоў цягне.
Седзячы на тым самым месцы, дзе нядаўна еў Недасека, Пятрок сёрбаў капусту. Адчуваў ён сябе дашчэнту змораным, дужа сіпела ў грудзях — мусіць, ад дыму, але ўпершыню за шмат дзён з'явілася задаволенасць у душы, што зрабіў справу і тым трохі адкупіўся дзеля спакою, надоўга толькі ці не — невядома. Але на сёння, дык, мабыць, пэўна адкупіўся, ужо сёння Гуж пакіне яго ў спакоі. Даядаючы засквараную капусту з глінянай міскі, ён думаў, што спярша закурыць, а пасля трохі адпачне ў цяпле свае хаты, а там памяркуе, што рабіць далей. Але, як заўжды, Сцепаніда болей за яго ведала, што трэба рабіць найперш, а што пасля.
— Капец так і не абладзілі. Мне сёння не далі гэтыя. Ды і хлеба нямашака, малоць трэба.
— Бульба пачакае. Не марозіць яшчэ.
— Ну а хлеб? Есці ж няма чаго.
— Заўтра, — сказаў Пятрок. Пасля яды, у хатнім цяпле яго зусім размарыла ад стомы, і ён не меў сілы брацца цяпер за якую справу. Хоць бы і за самую пільную.
— А калі заўтра выганяць абаіх? На мост ці на бульбу? Ці яшчэ куды, — насядала Сцепаніда.
— Не выганяць.
— Як гэта — не выганяць! Што, ён табе даў аслабаджэнне? Нап'ецца ды зноў прыедзе, будзе чапляцца.
Можа, і прыедзе і будзе чапляцца і пагражаць, але Пятрок так ужо выматаўся за гэтыя дні, што цяпер не меў жаднае сілы што-небудзь рабіць. Паеўшы, ён згарнуў цыгарку, прыпаліў яе ад вугольчыка з загнеткі і пайшоў у запечак.
— Я зараз…
Не скідаючы апорак, ён прылёг у запечку і, не дакурыўшы цыгаркі, заснуў. Здалося, толькі самкнуў павекі, як на падворку дужа забрахаў забыты ім Рудзька, штось затупацела ў доле — Пятрок прахапіўся са сну і з цяжкай галавой кінуўся да акна. На тым месцы, дзе нядаўна стаяла кухня, нехта прывязваў да тыну спраўнага рудога коніка, і, як павярнуўся, каб ісці да ганка, Пятрок пазнаў Каландзёнка — у шынялі, з вінтоўкай за плячмі.
— Каб вы паздыхалі ўсе! — роспачна вылаяўся Пятрок, ужо адчуваючы, якая патрэба прывяла гэтага паліцая ў Яхімоўшчыну.
Рудзька ўсё брахаў — спярша на каня, які апасліва паводзіў вушамі, але не саступаў з месца, а пасля напусціўся на Каландзёнка. І той раптам спыніўся, хапаючыся рукой за вінтоўку. Пятрок, як быў без кажушка, выскачыў у сенцы і закрычаў на сабачку:
— Рудзька, прэч! Прэч ты, шчанюк! Я табе дам! Не трэба яго страляць, ён не ўкусіць! — загаманіў ён да паліцая, які ўжо піхаў патрон у патроннік. Рудзька, мабыць, зразумеў нарэшце, што яму пагражае, і забег за вугал на дрывотню. Ён яшчэ пабрэхваў адтуль, але ўжо без вялікае злосці, і Каландзёнак закінуў вінтоўку на вузкае, абвіслае ў шынялі плячо.
— Па гарэлку прыехаў, — проста абвясціў паліцай, не мяняючы поснага выразу на белым панурым твары.
— Дык я ж аддаў! Недасека ж узяў дзве бутэлькі, — захваляваўся Пятрок. — Што ж у мяне, фабрыка?
— Гуж сказаў: яшчэ дзве бутэлькі. Інакш заўтра будзе рэпрэсія.
— Што будзе? — не зразумеў Пятрок.
— Рэпрэсія. Ну гэта — будзем цябе вешаць. Ці, можа, страляць? — усумніўся Каландзёнак. — Не, вешаць, здаецца. Ага, успомніў — вешаць. Рэпрэсія, значыць.
— Ото дзівосы! — развёў рукамі Пятрок. — Дык дзе ж я вазьму? Я ж аддаў. Недасека…
— Тады бяры шапку.
— Зачым?
— Пойдзеш у мястэчка. Гуж сказаў: не дасць гарэлкі — самога за каршэнь і сюды. На рэспрэсію.
— Гэтак?..
Ну што яшчэ можна было зрабіць перад гэтымі злыднямі? Пятрок памаўчаў, падумаў і амаль з відавочнай выразнасцю зразумеў, што і гарэлка — не выйсце. Не, не ўратуе яго самагон — як бы не пагубіў хутчэй, чым што іншае.
Ён моўчкі ступіў на воглую зямлю падворка, не тоячыся, прайшоў на дрывотню і выцягнуў з-за альховага штабялька трэцюю сваю бутэльку.