Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

Супакоіць яе мог тады толькі Альберт або Глум, і было лепш, каб ён заставаўся дома, таму што Нэла баялася сваёй маці.

I вось два дні з сямі тырчаў Альберт сярод Нэліных гасцей, сцярог сон хлопчыка і быў гатовы на манер вогнетушыцеля ў выпадку неабходнасці ўлагодзіць Нэліну маці.

Яго ніколькі не бянтэжыла, што пасля, пры раз’ездзе гасцей, яму навязвалі ролю шафёра таксі: ён падвозіў гасцей Нэлы да трамвайнага прыпынку, адкуль і ноччу кожную гадзіну адыходзіў трамвай, а калі быў у настроі, ён па адным развозіў іх дадому. Альберт стараўся як мага даўжэй не вяртацца, разлічваючы, што Нэла за гэты час ужо ляжа спаць.

Добра раз’язджаць аднаму па начным горадзе. Вуліцы пустыя, сады ляжаць у густой цемры, і ён глядзіць на чары, якія ствараюць фары ягонай машыны: неспакойныя, рэзкія чорныя цені і жаўтавата-зялёнае святло ліхтароў. Ён любіў гэтае халоднае зялёнае святло, ад якога і ўлетку патыхала ледзяным холадам.

Сады і паркі ў гэтым жаўтава-зялёным святле нават у пару цвіцення здаваліся халоднымі, безжыццёва застылымі. Часта ён пакідаў горад ззаду, вёў машыну праз спячыя вёскі і, выбраўшыся на аўтастраду, імчаў колькі кіламетраў на агромністай хуткасці, пасля на бліжэйшым развілку паварочваў і вяртаўся ў горад. Кожны раз ён адчуваў глыбокае хваляванне, калі ў промні пражэктара з цемры ўзнікала чалавечая постаць; часцей за ўсё гэта аказваліся прастытуткі, яны ўладкоўваліся ў месцах, якія асвятляліся фарамі, калі аўтамабілісты на паваротах уключалі дальняе святло: адзінокія, нежывыя, страката ўбраныя лялькі, яны нават не ўсміхаліся, калі машына праязджала міма іх. На цёмным фоне ночы іхнія залітыя яркім святлом белыя ногі заўсёды нагадвалі Альберту драўляныя постаці на рострах, і здавалася, што стаяць яны на караблях, якія затанулі. Калі зноў і зноў на паваротах ён уключаў фары і яркае святло выхоплівала іх з цемры, ён здзіўляўся, як дакладна яны выбіраюць сабе месца, але яшчэ ніводнага разу ён не бачыў, каб машына спынілася і павезла якую-небудзь з дзяўчат.

На краі моста, на яго апорах прыляпіўся маленькі шынок, які не зачыняўся ўсю ноч. Тут ён выпіваў куфаль піва і кілішак гарэлкі, каб адцягнуць вяртанне дадому. Гаспадыня ўжо ведала яго, таму што ў Нэлы часта бывалі госці і ён заўсёды развозіў іх дадому, абы не заставацца сам-насам з Нэлай. Ён доўга заседжваўся ў гэтым шынку і думаў пра справы, якія міжволі ўсплывалі ў думках з-за Нэліных гасцей. За столікамі звычайна сядзелі некалькі матросаў з рэйнскіх параходаў, яны гулялі ў косці, з рэпрадуктара даляталі ціхія далёкія галасы. Каля печкі з вязаннем сядзела маленькая цёмнавалосая гаспадыня. Яна заўсёды расказвала яму, што і для каго вяжа: светла-зялёны світэр для зяця, руда-чырвоныя пальчаткі для дачкі; але часцей за ўсё яна вязала цудоўныя маленькія штонікі для ўнучыкаў. Узор для гэтых штонікаў яна прыдумвала сама, часта яна раілася з ім, і некалькімі штрыхамі ён удакладняў яе малюнкі. Аднойчы ён нават параіў ей вывязаць на светла-жоўтай спаднічцы для чатырнаццацігадовай унучкі цёмна-зялёныя бутэлькі са стракатымі наклейкамі. Ён накідваў узор каляровымі алоўкамі, якія заўсёды насіў пры сабе, на белай абгортачнай паперы, у якую яна загортвала халодныя катлеты або біточкі для матросаў. Часам, калі ён задумваўся над падзеямі, пра якія напаміналі яму Нэліны госці, ён заседжваўся да трох, а то і да чатырох гадзін раніцы.

Перад вайной ён быў лонданскім карэспандэнтам маленькай нямецкай газеты, але газета выгнала яго, і ён вярнуўся пасля смерці Лін, Нэла дамаглася, зноў у Германію, і Нэлін бацька ўладкаваў яго на сваёй мармеладавай фабрыцы, каб яму не быць назідавоку. Да самага пачатку вайны ён разам з Раймундам вёў там невялікі аддзел статыстыкі збыту, і ўсе сродкі яны выдаткоўвалі не столькі на тое, што прынесла б карысць фабрыцы, колькі на ўсялякія дробязі, якія надавалі ім самім добранадзейны выгляд: па першым запатрабаванні яны маглі даказаць, што займаюцца разумнай і ніяк не звязанай з палітыкай дзейнасцю, што яны ўключыліся ў так званы працоўны працэс. У іхнім кабінеце заўсёды было дастаткова беспарадку, каб выклікаць уяўленне пра самую кіпучую дзейнасць. На чарцёжных дошках кнопкамі былі прымацаваны эскізы, вакол валяліся цюбікі і пэндзлі, на паліцах стаялі адчыненыя бутэлькі з тушшу, і кожны тыдзень з аддзела збыту прыходзіў каштарыс, запоўнены лічбамі, якія яны пераносілі на свае табліцы, — акуратныя слупкі лічбаў, распісаныя па ўсіх землях Германіі, ператвараліся ў мініяцюрныя мармеладавыя вядзерцы на стракатых геаграфічных картах.

Пасля яны навучыліся прыдумваць новыя назвы для новых гатункаў мармеладу і гэтак хутка апрацоўваць лічбавыя даныя, што ў любы момант маглі дакладна сказаць, дзе і ў якой колькасці елі і ядуць той або іншы гатунак мармеладу. Вяршыняй іх цынізму з’явілася складанне памяткі, якую яны назвалі «Вытворчасць і збыт араматычных канфіцюраў фабрыкі Гольштэге» і вьшусцілі ў 1938 годзе да дваццаціпяцігадовага юбілею фірмы. Гэта была надрукаваная на паперы ручной выпрацоўкі ярка ілюстраваная брашура, якую яны бясплатна разаслалі ўсім спажыўцам. Альберт маляваў усё новыя і новыя рэкламныя плакаты, Рай прыдумваў да іх вершаваныя подпісы, а вечары яны праводзілі разам з Нэлай і тымі нешматлікімі сябрамі, якіх яны маглі яшчэ захаваць у 1938 годзе. Адчувалі яны сябе на тую пару не вельмі добра, і ўвечары схаванае раздражненне міжволі прарывалася, асабліва калі да іх прыходзіў Віліброрд. Рай ненавідзеў патэра Віліброрда, а як толькі ён сыходзіў, напіваліся і абмяркоўвалі магчымасць эміграцыі. Раніцайяны з’яўляліся на фабрыку са спазненнем, галовы ў іх трашчалі, і, часта ахопленыя раптоўным шаленствам, яны разрывалі на шматкі ўсе малюнкі і дыяграмы.

Але на наступны дзень яны зноў браліся за работу, прыдумвалі новыя малюнкі, новыя фарбы для прыцягнення пакупнікоў, стваралі графічныя характарыстыкі розных гатункаў мармеладу. Апошнім іх тварэннем, да таго як іх абодвух адправілі на фронт, стаў гістарычны агляд, у якім Рай паставіў сабе за мэту даказаць, што, пачынаючы з каменнага веку, усе народы — рымляне, грэкі, фінікійцы, іудзеі, інкі і германцы — радасна паядалі мармелад. У гэтую працу Рай уклаў усю сваю фантазію, а Альберт — свой талент мастака, і ў іх атрымаўся шэдэўр, які здабыў фабрыцы шмат новых пакупнікоў. Але ў гэтым не было ўжо неабходнасці. Прыйшоў новы спажывец, які пачаў паглынаць мармелад без усялякай рэкламы: прыйшла вайна.

У час вайны паўсюль, дзе толькі спыняліся ваенныя абозы, яны натыкаліся на бляшанкі з-пад павідла вытворчасці іхняй фабрыкі, якія валяліся абапал дарогі. Этыкеткі, надрукаваныя па эскізах Альберта, подпісы, складзеныя Раем. Французскія дзеці гулялі ў футбол гэтымі бляшанкамі, для рускіх жанчын яны былі каштоўным набыткам, і нават калі наклейкі ўжо даўно былі садраныя або змытыя, а бляшанкі сплюшчаныя і заржавелыя, усё роўна яны пазнавалі іх па штампаванай манаграме «Э. Г.» — Эдмунд Гольштэге (гэтак звалі Нэлінага бацьку).

Нават калі спыняліся на начлег у нейкай глушы, яны навобмацак у цемры пазнавалі гэтыя бляшанкі, пальцы самі адшуквалі выпуклыя літары «Э. Г.» і стылізаваную вішню, тварэнне Альберта.

Пераможны шлях нямецкай арміі быў усеяны не толькі снарадамі, не толькі развалінамі і падлаю, але і бляшанкамі з-пад павідла і мармеладу. У Польшчы і Францыі, у Даніі і Нарвегіі, на Балканах кожны мог прачытаць выраз, які склаў Рай: «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне: Гольштэге зробіць гэта замест цябе». Словы «Дурны той, хто сам сабе варыць варэнне» былі адштампаваны вялікімі чырвонымі літарамі, астатнія — крыху меншымі. Гэты выраз быў вынікам працяглай нарады з дырэкцыяй, услед за якой пачалася разгорнутая кампанія супраць усіх, хто сам варыць варэнне. Але кампанію давялося прыпыніць з-за ўмяшання органаў прапаганды, якія са свайго боку лічылі варку варэння адной са спаконвечных дабрачыннасцей сапраўдных нямецкіх гаспадынь. Але этыкеткі і плакаты былі ўжо надрукаваны, а тут пачалася вайна, і гэтае пытанне нікога больш не займала, іх так і наклейвалі і прывалаклі нават у глыб Расіі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: