Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

— Усе войны, якія вяла Германія, звязаны з ростам вытворчасці мармеладных фабрык, — заключыла яна.

Калі скрозь тоўшчу папер яна дабралася да 1913 года і растлумачыла хлопчыку «самае неабходнае», яна пазваніла ў праўленне завода, чырвоны аўтамабільчык зрабіў некалькі рэйсаў, і ўсе сорак гадоў былі ўсталёваны на ранейшым месцы.

А пра страхара тым часам зусім забыліся, цынкавыя ванны так і засталіся на гарышчы, і кожны дождж ператвараўся ў выдатны, хоць крыху і аднастайны канцэрт. Але аконныя рамы таксама патрабавалі рамонту, а ў падвале месяцамі стаяла вада, таму што сапсаваўся насос. Калі Больда распачынала вялікае мыццё бялізны, вада з вузкай цэментаванай трубы залівала кацельню, мыла і бруд пакрывалі цэментавую падлогу слізкай, падобнай на цвіль, скарынкай. Адусюль несла гніллю, а пах бульбы, якая захоўвалася ў рашотчатых скрынях і дружна прарастала, прыцягваў пацукоў.

Альберт пра гэта нават і не ведаў. Пацукоў ён выявіў толькі тады, калі пасля доўгага перапынку зайшоў у падвал. Пасля жорсткай сутычкі з Нэлай ён вырашыў адшукаць у вялікай скрынцы лісты, якія Рай пісаў яму ў Лондан: ён хацеў даказаць, што вярнуўся з Лондана не па просьбе Рая, а па просьбе Нэлы. Альберт звычайна ў падвал не заглядваў і спужаўся, калі ўбачыў, як там брудна: паўсюль стаялі пакрытыя пылам скрыні, па кутках валяліся нейкія анучы, а каля ўвахода ў пральню стаяла паўмяха гнілой мукі, і калі Альберт запаліў святло, з меха саскочыла некалькі пацукоў. З той пары як Альберт пабыў у ваеннай турме пад Адэсай, пацукі выклікалі ў яго страх, яго заванітавала, калі ён бачыў чорныя цені, што пранесліся па падвале. Ён кінуў ім услед некалькі кавалкаў коксу і, перасіліўшы сябе, павольна падышоў да вялікай рудой скрыні, што стаяла пад газавым лічыльнікам.

Рай толькі зрэдку пісаў яму, ён атрымаў ад яго не больш дзесятка лістоў, і Альберт памятаў, што перавязаў іх шпагатам і схаваў у гэтай скрыні. Скрутак з Нэлінымі пісьмамі быў значна большым, а пісьмы Лін ледзь змесціліся ў двух карабках з-пад абутку. Чорны пыл і мышыны памёт пакрылі паперы. У падвале было цёмна, ён баяўся пацукоў. У нямецкай ваеннай турме пад Адэсай яны ноччу шмыгалі па ягоным твары, і, адчуваючы, як мяккае валасатае пузка датыкаецца да яго твару, ён пужаўся ўласнага крыку. Ён выцягнуў са скрыні запэцканыя стосы папер, праклінаючы безгаспадарчасць Нэлы і бабулі.

З маленькай каморкі ў куце падвала, дзе стаялі пустыя скрынкі і бляшанкі з-пад павідла, раптам пачулася нейкая валтузня і грукат бляхі. Ён падышоў туды, адчыніў рашотчатыя дзверы І, не помнячы сябе ад злосці, пачаў кідаць у цёмны кут усё, што ні трапляла яму пад руку: дзяржанне ад мятлы, разбіты гаршчок з-пад кветак, палазы ад старых санак Марціна, і калі змоўк узняты ім грукат, у каморцы таксама заціхла.

У скрыні аказаліся яго ўласныя лісты, якія ён пісаў Нэлі да вайны і ў час вайны, і цяпер, упершыню за дзесяць гадоў перабіраючы іх, Альберт вырашыў некалі абавязкова ўсё перачытаць. Тут, магчыма, захаваліся і вершы Рая, і лісты Авесалома Біліга, і тое, што ён хацеў бы знайсці перш за ўсё — пісьмы Шурбігеля, несумненна з каментарыямі Рая, лісты за 1940 год, калі Шурбігель апяваў перамогу над Францыяй і ў газетных артыкулах заклікаў нямецкую моладзь пакончыць з гальскім дэкадансам. Павінны тут быць і сякія-такія рэчы Рая ў прозе, і шмат ягоных пісем даваеннай пары.

Зараз ён узяў толькі невялічкі стосік лістоў Рая, узяў лісты Нэлы і раптам застыў, убачыўшы на дне скрыні вялікі карабок з-пад мыла з чырвона-рудым надпісам.

«Санлайт — Сонечнае святло». Ён выцягнуў яго, пабіў аб сцяну, каб вытрасці пыл, прыхапіў пачкі з пісьмамі і падняўся наверх. Нэла сядзела ў сваім пакоі і плакала. Яна не зачыніла дзверы, каб бачыць, калі ён вылезе з падвала, але ён прайшоў па калідоры паўз адкрытыя дзверы. Ён саромеўся бессэнсоўнай сваркі, якую яны вось ужо шмат гадоў — перыядычна — узнаўлялі, прыводзячы адны і тыя ж доказы і заканчваючы кожны раз прымірэннем.

Ён занёс карабок «Санлайт» у свой пакой, паклаў на яго абодва стосы лістоў і пайшоў у ванную, каб грунтоўна абчысціцца. Думка пра тое, што ўнізе, у падвале, валтузяцца пацукі, абурала яго, і, ахоплены раптоўнай гідлівасцю, ён вырашыў памяняць бялізну.

Калі ён вяртаўся з ваннай, дзверы ў Нэлін пакой былі па-ранейшаму адчынены.

— Будзеш піць каву? — аклікнула яна.

— Зараз, — адазваўся ён.

Ён выпісаў з тэлефоннай кнігі нумары муляра, страхара, манцёра і труцільшчыка пацукоў, пазваніў усім чатыром і папрасіў іх прыйсці. На ўсё гэта пайшло роўна восем хвілін, пасля чаго ён накіраваўся да Нэлы і сеў у крэсла насупраць яе.

— Ты ведала, што ў нас у падвале пацукі?

Яна паціснула плячамі.

— Так, Больда неяк скардзілася.

— Бульба прарастае, — абурана працягваў ён, — паўсюль валяюцца гнілыя прадукты, каля ўвахода ў пральню стаіць паўмеха цвілой мукі. Уся гэта мярзота гніе ў падвале, а бляшанкі з рэшткамі павідла не памытыя, у іх раскашуюць пацукі. Проста чорт ведае што!

Нэла наморшчыла лоб і прамаўчала.

— З той хвіліны як я трапіў у гэтую праклятую сям’ю, я толькі і раблю, што змагаюся з брудам і безгаспадарчасцю, але, пасля таго як памёр твой бацька, я адзін не магу з вамі суладаць. Хутка ў падвал нельга будзе ўвайсці без пісталета, і ты магла б там унізе накруціць уласны экзістэнцыяналістычны фільм — і амаль без затрат…

— Пі каву, — сказала яна.

Ён падсунуў да сябе кубак, размяшаў малако.

— Я адрамантую дах і столь, вычышчу склеп і адрамантую насос. Няўжо ты думаеш, што хлопчыку карысна бачыць усю гэтую брыдоту і прывыкаць да яе?

— Я і не ведала, што ты такі змагар за парадак, што цябе можа ахапіць такое жаданне дзейнасці,— стомлена адказала яна.

— Ты ўвогуле шмат чаго не ведаеш. Ты не ведает, напрыклад, што Рай на самай справе быў добрым паэтам, нягледзячы на брыдкую валтузню, якую яны цяпер узнімаюць вакол яго імя, — і я мяркую сёе-тое зрабіць, я знайду ў скрыні пісьмы Шурбігеля, перш чым пацукі зжаруць гэтыя неацэнныя дакументы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: