Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

— Ах, — прамармытаў ён, — ты звядзеш мяне з глузду.

Ён заплюшчыў вочы, каб не бачыць галавакружнага вярчэння: шалёнага мільгацення трох дыскаў, якія ніколі не сумясцяцца; забойчая несумяшчальнасць, у якой няма ні імгнення спакою.

Кава, якую ніхто не вып’е, бутэрброды, якія ніхто не з’есць, — рэквізіт крывавай драмы, куды яго ўцягнулі як адзінага і неабходнага статыста, — але яго ўсё ж суцяшала, што Больда падагрэе сабе гэтую каву, што Глум загорне гэтыя бутэрброды і возьме іх з сабой на працу.

— Можаш ісці,— стомлена вымавіла Нэла, накрываючы кафейнік зялёнай крышкай.

Ён адмоўна хітнуў галавой.

— Чаму б нам не паспрабаваць неяк спрасціць жыццё? — сказаў ён.

— Што ж нам, ажаніцца, ці што? — адказала яна. — Мяркуеш, гэта нешта спросціць?

— Чаму б і не?

— Ідзі лепш спаць. Я не хачу цябе мучыць.

Ён выйшаў, не гаворачы ні слова. Ціха прайшоў праз пярэднюю ў ванны пакой. Там запаліў газ, пусціў ваду і паклаў шланг гнуткага душа так, каб вада бясшумна напаўняла ванну.

Ён доўга стаяў нерухома і тупа глядзеў на ваду, што паднімалася лёгкімі блакітнаватымі струменьчыкамі з дна ванны, і напружана лавіў гукі, якія даносіліся звонку; ён чуў, як Нэла прайшла да сябе, затым як яна заплакала. Яна пакінула адчыненымі дзверы ў свой пакой, хай ён пачуе яе плач. У доме было ціха, прахалодна. Ужо світала. Заняты сваімі думкамі, ён кінуў у ванну недакурак і, ледзь не падаючы ад стомы, назіраў, як размакае недакурак, як асядае на дно цёмна-шэры пыл — гэта зацвярдзелы попел, а светла-жоўтыя крупкі табакі спачатку ідуць густой палосай, затым расплываюцца па паверхні вады, і вакол кожнай крупкі жаўтавае воблачка; цыгарэта пацямнела, і на ёй выразна праступіў надпіс: «Тамагаўк». Калі ён курыў цыгарэты, то для зручнасці выбіраў бабулін гатунак, каб заўсёды быць гатовым да яе набегаў. Жаўтавае воблачка разраслося ўжо да памераў грыба, але вада, што біла з душа на дне ванны, выпіхвала наверх разлезлае, бляклае воблачка, не давала яму апусціцца, а ўнізе, на чыстым сінім дне ванны, круціліся чорныя зацвярдзелыя часцінкі попелу і невядомая сіла павольна цягнула іх да стоку.

Нэла не пераставала плакаць, дзверы заставаліся расчыненымі, ён выключыў раптам газ, закруціў кран, выцягнуў за нікеліраваны ланцужок корак з ванны і прасачыў, як жаўтавае табачнае воблачка знікла ў водавароце.

Ён патушыў святло і накіраваўся да Нэлы. Яна курыла і плакала. Ён спыніўся ў дзвярах і суровым голасам, які здзівіў яго самога, крыкнуў:

— Чаго ты, уласна, хочаш?

— Зайдзі, прысядзь, — адказала яна. Усмешка ў яе не адразу атрымалася, і гэта кранула яго; не часта такое з ёю здаралася. Ён сеў, узяў цыгарэту з пачка, які яна падала яму, а яна зноў усміхнулася, і цяпер ужо шырока; здавалася, што нехта націснуў патаемную спружынку; як фатограф карыстаецца лямпай-успышкай, так і яна карысталася сваёй усмешкай, — яна славілася ёю, але цяпер гэтая ўсмешка стамляла яго, як стамляў і выгляд яе пяшчотных белых рук, праслаўленых не менш, чым яе ўсмешка: яна не пагрэбавала і самай таннай хітрасцю: паклала нагу на нагу і крыху адкінулася назад, каб лепш бачнымі былі яе прыгожыя грудзі.

У ваннай забулькалі рэшткі вады: кароткі ўсхліп, і ўжо не чутно болей супакойваючага шуму.

— Замуж, — ціха прамовіла яна, — я не хачу больш. На гэта я больш не пайду. Калі хочаш, я зараз жа зраблюся тваёй палюбоўніцай, ты гэта ведаеш, і буду табе больш вернай, чым жонка, але замуж я больш ніколі не пайду. З той пары, як я па-сапраўднаму зразумела, што Рая больш няма, я часта думала, што лепш было б мне ўвогуле не выходзіць замуж: дзеля чаго ўвесь гэты маскарад, гэтае крыўлянне, гэтая жахлівая сур’ёзнасць у шлюбе — і боязь удаўства Грамадзянская рэгістрацыя, вянчанне ў царкве, азатым з’яўляецца нейкая нікчэмнасць і пасылае твайго мужа на верную смерць. Тры мільёны, чатыры мільёны ўрачыстых саюзаў разбураны вайной: удовы, удовы — у мяне няма аніякага жадання быць удавой, і нічыёй жонкай я таксама не хачу быць, і дзяцей я не хачу больш мець — вось мае ўмовы.

— А мае ты ведаеш, — сказаў ён.

— Зразумела, — спакойна сказала яна. — Табе трэба ажаніцца і ўсынавіць хлопчыка, і потым ты, відаць, захочаш уласных дзяцей.

— Дабранач, — сказаў ён і хацеў было ўстаць.

— Не, не пакідай мяне, — сказала яна роўным голасам, — зараз, калі робіцца крыху весялей, ты хочаш збегчы. Дзеля чаго трэба так карэктна, так педантычна, так строга прытрымлівацца агульнапрынятай маралі: я гэтага проста не разумею.

— Дзеля хлопчыка. Усе твае мары нічога не вартыя ў параўнанні з ім. I потым табе ўжо амаль сорак.

— Пры Раі ўсё было б добра, і я была б вернай яму, і ў нас нарадзіліся б яшчэ дзеці, але смерць яго мяне зламала, як ты любіш выказвацца, і мне больш не хочацца быць нічыёй жонкай. Ты ж і так Марціну заместа бацькі. Табе гэтага мала?

— Баюся, — сказаў ён, — што ты выйдзеш за некага іншага, і хлопчык дастанецца яму.

— Значыцца, ты любіш хлопчыка больш, чым мяне?

— Не, — сказаў ён ціха, — яго я люблю, а цябе — не. Тут не можа быць больш альбо менш. Я занадта добра цябе ведаю, каб закахацца ў цябе, але ты даволі прыгожая, і мне было б прыемна жыць з табой, — але зараз я так не магу. Я вельмі часта думаю пра Рая, дый хлопчык увесь час каля мяне. Вось у чым справа.

— А, — сказала яна, — цяпер я ведаю, чаму я за цябе не пайду: проста таму, што ты мяне не кахаеш.

— Затое ты з нейкай пары ўгаварыла сябе, што ты мяне кахаеш. Гэта супадае з тваімі марамі.

— Не, — адказала яна, — я сябе не ўгаворваю і ведаю, што гэта не так. Але ў мяне з табой атрымліваецца, як у цябе са мной. Раней гэта называлася пагаварыць адкрыта, але вось адкрытасці ў нас якраз і не хапае. Гавары адкрыта, калі табе гэта па душы.

Альберт хацеў устаць, прайсціся па пакоі або падысці да акна, але яму часта здаралася бачыць у кіна-фільмах, як мужчыны падчас шчырай гаворкі з жанчынай ходзяць па пакоі. Ён застаўся сядзець у нязручным крэсле і ўзяў цыгарэту, якую прапанавала яму Нэла.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: