Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

У другіх хлопчыкаў маці варылі, шылі, рабілі бутэрброды — нават распусныя маці, а ягоная маці гатавала вельмі рэдка, ніколі не шыла і не рабіла бутэрбродаў. Пра тое, што ў школу неабходна браць бутэрброды, успамінаў заўсёды толькі дзядзька Альберт.

Здаралася, што і Больда зміласцівіцца і суне яму ў ранец некалькі бутэрбродаў; на шчасце, калі ён адыходзіў у школу, бабуля звычайна спала, яна ж усяляк старалася прыахвоціць яго да мяса, давала яму тоўстыя ружовыя кавалкі смажаніны, вырваныя з коранем парасячыя ножкі, халоднае, барвяна-чырвонае мяса.

На яго вялікую радасць, бабуля, здаралася, з’язджала на цэлы месяц, і тады ўсё атрымлівалася вельмі здорава. Вялікія карзіны, чамаданы, пакеты адпраўляліся на вакзал, выклікалі два таксі, бабуля ўзначальвала калону і ехала ў першым таксі; летам і зімой яна з’язджала на цэлы месяц, і ад яе прыходзіла паштоўка. Горы, рэкі, азёры і «Тысячу разоў цалую хлопчыка і ўсіх астатніх, нават беглую манашку». Тут Больда пырскала і гаварыла: «У дзяцінстве ёй нябось ніхто не спяваў, што ёй суджана ездзіць на воды». Размашыстыя каракулі пакрывалі паштоўку, літары былі такія вялікія, як на пачку цыгарэт. Прыходзілі ад яе і пасылачкі — ліпкія, нязвыклыя, склееныя ў духаце паштовых аддзяленняў прысмакі, цацкі, сувеніры і «Тысяча пацалункаў! Твая бабуля».

Калі бабуля ад’язджала, Марцін думаў пра яе з пяшчотай і нават расчулена, таму што не адчуваў над сабой непасрэднай пагрозы: былі дні, калі ён хацеў, каб яна была ўжо дома, — без яе дом здаваўся пустым і сцішаным, і пакой яе быў замкнёны, і ён не мог разглядваць вялікі фотаздымак бацькі, і не было каму крычаць: «Кроў у мачы».

Больда рабілася ціхай і самотнай, калі ад’язджала бабуля, і нават калі прыходзілі шматлікія маміны госці, яму здавалася, што дом не такі поўны, як пры ёй.

Але чым бліжэй быў дзень вяртання, тым мацней хацеў ён, каб яна даўжэй заставалася там. Ён не хацеў, каб яна памерла, хай сабе жыве, толькі дзесьці далёка, ён вельмі баяўся яе наскокаў. Пасля вяртання яна заўсёды старалася нагнаць упушчанае. Наладжвала дома піры, замаўляючы ўсё па тэлефоне: паслужлівыя бледныя хлопчыкі ў белых куртачках праносілі праз пярэднюю срэбраныя судкі, бабуля з прагным бляскам у вачах сачыла за ўсім, кухар на кухні не даваў астыць ужо прынесеным стравам, а бледныя хлопчыкі снавалі паміж кухняй і бабуліным пакоем. Біфштэксы з кроўю, гародніна, салата, смажаніна, а калі прыходзіў час дэсерту, кухар званіў у рэстаран, жвавы крэмавы аўтамабільчык прывозіў каву і марожанае, пірожныя і фрукты ў цукры. У памыйнае вядро ляцелі абгрызеныя косці, і шалясценне вырваных чэкаў сведчыла пра заканчэнне трапезы і пачатак яго пакут, бо, падсілкаваўшыся ежай і раскурыўшы свежую цыгарэту, бабуля клікала Марціна да сябе, каб ліквідаваць прабелы ў ягоным выхаванні.

— Пытанне пяцьдзесят першае. Калі паўстануць мёртвыя?

— Мёртвыя паўстануць у дзень Страшнага суда.

— Твой бацька загінуў, так?

— Так.

— Што азначае «загінуў»?

— Загінуў на вайне — быў забіты.

— Дзе?

— Пад Калінаўкай.

— Калі?

— Сёмага ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.

— А калі нарадзіўся ты?

— Восьмага верасня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.

— Як звалі чалавека, які вінаваты ў смерці твайго бацькі?

— Гезелер.

— Паўтары гэта імя.

— Гезелер.

— Яшчэ раз.

— Гезелер.

— Ці ведаеш ты, што значыць адабраць у дзіцяці бацьку?

— Так.

Ён гэта ведаў.

Бывала, тры дні запар яна кожны дзень клікала яго ў свой пакой і кожны раз пытала адно і тое ж:

— Што загадаў нам Гасподзь у шостай і дзевятай запаведзі?

— Гасподзь загадаў нам у шостай і дзевятай запаведзі быць сарамлівымі і цнатлівымі.

— Як спытаюць за грэх бессаромнасці?

Ён хутка і без запінкі барабаніў:

— «Ці не глядзеў я на бессаромнае з ахвотаю?

Ці не слухаў я бессаромнае з ахвотаю?

ЦІ не марыў я пра бессаромнае з ахвотаю?

Ці не жадаў я бессаромнага?

Ці не прамаўляў я бессаромнае з ахвотаю?

Ці не тварыў я бессаромнага? (Адзін або з таварышамі)».

Ён так і гаварыў:

— У дужках: адзін або з таварышамі.

I на заключэнне:

— Вось падрасцеш, тады ты зразумееш, чаму…

Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі ў кустах бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны і гаркавы пах свежай зелені. Незразумелая валтузня і незразумелы дзіўны спалох, разгубленасць на іх тварах ашаламілі яго і змусілі падазраваць нешта кепскае. Ён не ведаў, чым займаліся Грэбхакэ і Вольтэрс, але разумеў, што яны рабілі нешта бессаромнае. На пытанне пра шостую запаведзь ім прыйдзецца адказаць— «так», і не проста «так», але і «з таварышамі». З таго часу як ён даведаўся, што рабілі Грэбхакэ і Вольтэрс, ён пільна сачыў за выразам твару капелана падчас урокаў Закона Божага, таму што абодва хадзілі да гэтага капелана спавядацца. Але твар капелана, калі ён звяртаўся да Грэбхакэ і Вольтэрса, заставаўся нязменным. А раптам Грэбхакэ і Вольтэрс не сказалі на споведзі пра гэта, хоць і хадзілі да прычасця? Ён замёр, калі такая думка прыйшла яму ў галаву, і твар заліўся чырванню, што нават бабуля спытала: «Што з табой?» А ён адказаў: «Нічога, гэта ад дыму», і бабуля паспяшала скончыць сваю лекцыю, вырвала чэк, тады ён пайшоў да дзядзькі Альберта і проста з парога выпаліў:

— А Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі нешта бессаромнае.

Дзядзька Альберт адразу ж змяніўся з твару, ён прыкусіў вусны, крыху збляднеў і спытаў:

— Дзе, што ты бачыў? Адкуль ты гэта ўзяў?

Гаварыць было нялёгка, але ён працягваў:

— У кустах. — I яшчэ, заікаючыся, дадаў: — Штаны расшпіленыя, твары чырвоныя-чырвоныя.

Дзядзька Альберт спакойна набіў люльку, закурыў І павольна, крыху павольней, чым звычайна, загаварыў пра прыцягненне полаў, пра прыгажосць жанчыны. Не забытымі засталіся Адам і Ева, у голасе дзядзькі Альберта гучала натхненне, крыху смешнае, калі ён распачаў апяваць прыгажосць жанчын і імкненне мужчын з’яднацца з імі, ціхае і незразумелае захапленне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: