Бёль Генрых
Шрифт:
— Увогуле ж, — дзядзька Альберт выбіў люльку невядома чаму, бо табака яшчэ тлела, і закурыў проці звычайнага цыгарэту, — увогуле ж ты ўжо, пэўна, ведаеш, што ад гэтага нараджаюцца дзеці — ад сужыцця мужчын з жанчынамі.
Зноў былі памянуты Адам і Ева, затым кветкі, жывёлы, карова ў Бітэнхане — і зноў Адам і Ева; словы дзядзькі Альберта гучалі вельмі разумна, спакойна і пераканаўча, але Марцін так і не зразумеў, чым жа, уласна, займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс, ён сам добра нічога не разгледзеў і здагадацца таксама не мог: расшпіленыя штаны, барвовыя твары і гаркавы пах свежай зелені.
Дзядзька Альберт гаварыў доўга пра некаторыя таямніцы, якія яму, Марціну, яшчэ рана ведаць, пра цёмныя сілы, пра тое, як цяжка юнаку дачакацца таго часу, калі ён саспее для збліжэння з жанчынай. Зноў былі ўспамянуты кветкі і жывёлы.
— Ну, напрыклад, зусім маладая цялушачка, — сказаў дзядзька Альберт, — яна яшчэ не можа злучыцца з быком, яна яшчэ не можа мець дзяцей праўда ж? Але гэта не азначае, што целка не мае полу. Пол ёсць ва ўсіх жывёл, ва ўсіх людзей.
Не адну цыгарэту выкурыў дзядзька Альберт, ён часта запінаўся ў час гэтай размовы.
А Марцін падумаў: «Трэба яшчэ спытаць пра распусту, пра дзядзькаў і пра жаніцьбу».
— Ты ж быў жанаты там, у Англіі?
— Так.
— А ты сужыцельстваваў са сваёй жонкай?
— Так, — адказаў дзядзька Альберт, і, як ні прыглядаўся Марцін, ён не заўважыў аніякай змены ў твары дзядзькі Альберта, ніколечкі збянтэжанасці.
— А дзяцей чаму ў цябе не было?
— Не ад усялякага сужыцця бываюць дзеці, адказаў дзядзька Альберт, затым зноў пайшлі кветкі і звяры, а пра Адама і Еву — ні слоўка, і ён перапыніў дзядзьку Альберта:
— Значыць, правільна тое, што я думаў?
— Што ты думаў?
— Жанчына можа быць распуснай, нават калі ў яе няма дзяцей ад таго мужчыны, з якім яна жыве, — вось як у маці Вельцкама?
— Д'ябал! — сказаў дзядзька Альберт. — Што гэта ты прыдумаў?
— Таму што ў Брылаха маці распусная, — у яе ёсць дзіця, і яна жыве з мужчынам, які ёй не муж.
— Хто табе сказаў, што яна распусная?
— Брылах сам чуў, як дырэктар гаварыў інспектару: «Ён жыве ў жахлівых умовах, у яго зусім распусная маці».
— Ах, так, — сказаў дзядзька Альберт, і Марцін зразумеў, што ён вельмі раззлаваўся, і дадаў ужо не так упэўнена:
— Праўда, праўда, Генрых гэта пачуў, ды ён і сам ведае, што маці ў яго распусная.
— Няхай сабе, — сказаў дзядзька Альберт, — яшчэ што?
— Яшчэ, — адказаў Марцін, — у Вельцкама маці таксама распусная, хоць і не мае дзяцей. Я ведаю.
Дзядзька Альберт нічога не адказаў, ён толькі паглядзеў на яго здзіўлена і вельмі пяшчотна.
— Бессаромна — гэта тое, што робяць дзеці,— раптам пачаў Марцін, бо гэтая думка толькі што прыйшла яму ў голаў,— распусна — тое, што робяць дарослыя, але вось Грэбхакэ і Вольтэрс — яны таксама сужыцельствалі?
— Не, што ты, — адказаў дзядзька Альберт, і тут ён увесь счырванеў,— гэта не тое, яны заблыталіся, збіліся са шляху; не думай больш пра гэта і заўсёды пытай у мяне, калі пачуеш тое, што не зможаш зразумець. — Голас Альберта гучаў пераканаўча і сур’ёзна, але па-ранейшаму пяшчотна. — Запомніў? Заўсёды пытай у мяне. Лепш, калі пра ўсё пагаворыш адкрыта. Я ведаю далёка не ўсё, але тое, што я ведаю, я табе растлумачу абавязкова, не забудзься толькі спытаць.
Заставалася яшчэ слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Ён падумаў пра яго і пачырванеў, але вымавіць гэтае слова ён нізавошта не адважыўся б.
— Ну, спытаў дзядзька Альберт, — што ў цябе яшчэ?
— Нічога, — адказаў Марцін і пасаромеўся спытаць пра сваю маму — ці распусная яна? Гэта ён спытае пасля, праз доўгі-доўгі час.
З гэтага дня дзядзька Альберт пачаў аддаваць яму значна больш часу. Ён часта браў яго з сабой катацца на аўтамабілі, дый маці — а можа, гэта толькі так здалося яму — вельмі змянілася з гэтага дня. Маці змянілася, і Марцін не сумняваўся, што дзядзька Альберт з ёй пагаварыў. Часам яны ездзілі ўтраіх, і Генрых мог прыходзіць да яго, калі захоча, а часта яны і Генрыха бралі з сабой, калі ездзілі на машыне ў лес, на азёры, або ўсе разам хадзілі ў кіно, або есці марожанае.
I кожны дзень — відаць, пра гэта між імі было дамоўлена — яны пачалі праглядаць ягоныя дамашнія заданні, правяралі яго, дапамагалі, і абое — маці і Альберт — былі ласкавыя з ім. Маці зрабілася такой цярплівай, больш сядзела дома і нейкі час яго штодня кармілі абедам і нават бульбай, але толькі нейкі час. Цярпення ў яе хапіла ненадоўга. I вось зноў яна пачала рэдка бываць дома, і абедаць яму даводзілася не кожны дзень. Не, на маці нельга было спадзявацца так, як ён мог, па-іншаму, зразумела, спадзявацца на Глума, Альберта і Больду.