Бёль Генрых
Шрифт:
— Ох, Больда, ты псуеш мне нервы.
Глума прывёў дзядзька Альберт, ён падабраў гэтае бяззубае і безвалосае страшыдла, якое прасіла работы каля брамы мармеладнай фабрыкі, а вартаўнік адпіхваў яго. Дзядзька Альберт прывёў Глума з сабой, а бабуля добра аднеслася да яго, і гэта было вялікім плюсам для бабулі, яна і да Больды, нягледзячы на іх лаянкі, адносілася добра.
Да Больды можна было прымяняць тое ж загадкавае слова, якое маці так часта ўжывала, гаворачы сама пра сябе: «Сурочаная». Больда была адных гадоў з бабуляй, і кожнага разу, калі яна пачынала расказваць пра сябе, выходзіла так, што жыццё ў яе вечна-мянялася. Спачатку яна была манашкай, затым выйшла замуж, муж яе памёр, яна зноў выйшла замуж, і калі бабуля сварылася з Больдай, яна называла яе «беглая манашка» і «двойчы ўдава», а Больда хіхікала. Больда, зразумела, была «сурочаная», але добрая, а Глум нейкі дзіўны, нават страшны, але таксама добры. Калі Больда пачынала расказваць пра сваё жыццё, у яе ўсё збівалася ў адну кучу: манастыр, замужжа, удоўства, спачатку першае, затым другое. Яна магла пачаць так: «Калі я жыла ў манастыры», праз два сказы яна раптам гаварыла: «Калі я мела лаўку ў Кобленцы, электратавары, разумееш? Ну, прасы там усялякія, пліткі», затым зноў пераскоквала на манастыр і распісвала свой пасаг. «Калі я аўдавела першы раз», — і зноў нечаканы пераход: «Харошы быў чалавек».
— Хто?
— Ды вось, другі мой, ён, на шчасце, не займаўся гандлем, ён быў чыноўнікам. Служыў у паліцыі маралі.
— У якой паліцыі?
— Гэтага табе не зразумець. Ад іх я, дзякуй Богу, і пенсію атрымліваю.
Няўцямныя намёкі пра функцыі паліцыі маралі наводзілі Марціна на падазрэнне, што яна мае нейкія адносіны да распуснага і бессаромнага, — і ад гэтай паліцыі Больда і мае пенсію. У расказах Больды фігуравалі кусты, якія, мяркуючы па ўсім, абшарваў яе муж. I Марцін успомніў, чым займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс, — яны займаліся бессаромным: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.
— Свінства ўсё гэта, — прыгаворвала Больда, заходзячы да Глума, калі Марцін сядзеў у яго, а Глум, слухаючы яе байкі, толькі галавой хітаў, ды так ціха і цярпліва, што Больда проста з сябе выходзіла і крычала яму: — Што ты разумееш у культуры, стары ты…
Яна дарэмна шукала падыходзячае слова і нічога іншага не знаходзіла, як «стары турак». Глум заліваўся смехам, і быццам сотні нажоў рассякалі паветра. Толькі навошта было тады хадзіць да Глума, калі яна так злуе на яго? А хадзіла яна часта, размаўляла пра снеданне, хоць, здавалася, пра што тут гаварыць, — усе заўсёды мелі аднолькавы сняданак, праўда, канешне, кожны меў свой, і не такі, як у астатніх, але кожны з дня ў дзень атрымліваў адно і тое ж. Маці піла натуральную каву, такую ж моцную, якую піў і дзядзька Альберт; для іх з Глумам варылі сурагат, а Больда піла гарачае малако з мёдам. Кожны атрымліваў кубак кавы, накрыты каўпачком, нарэзаны хлеб, масла, каўбасу або мармелад на талерачцы — падрыхтоўваць усё гэта было абавязкам Больды. Але кожны, калі б ён ні ўставаў, павінен быў сам прыносіць сабе сняданак з кухні.
Больда была «сурочаная», але добрая, маці таксама «сурочаная», і ён меў падазрэнне, што яна да таго яшчэ і распусная — прыглушаны шэпт у пярэдняй: «Дзе ты толькі швэндаешся?» Глум быў не сурочаны, але дзіўны і добры, а дзядзька Альберт і зусім добры, хоць не дзіўны і не сурочаны. Альберт быў гэтакі ж, як бацькі ў іншых хлопчыкаў. Да бабулі слова «сурочаная» не падыходзіла і слова «дзіўная» — таксама. Уласна кажучы, — ён гэта добра ведаў,— бабуля таксама добрая, не ўвогуле добрая, не проста добрая, а ўласна кажучы, і ніяк нельга было зразумець, чаму настаўнік так нападае на словы ўвогуле, уласна кажучы і тачай — гэтыя словы дапамагаюць выказаць паняцці, якія нізавошта не выказаць без іх. Больда, напрыклад, увогуле добрая, маці таксама. Але маці, верагодна, уласна кажучы, распусная. Між іншым, апошняе трэба яшчэ абдумаць, і ён баяўся, што, як ні думаў, ні да чога добрага гэта не прывядзе.
Больда і бабуля ведалі адна адну яшчэ з дзяцінства, і кожная лічыла другую шалапутнай, толькі ў дні чуллівага прымірэння — на Каляды або ў іншае вялікае свята — яны сядзелі, абняўшыся, і ўспаміналі: «Мы ж разам пасвілі кароў, а ты помніш, што… а ты помніш, як… а ты помніш, чаму…». I яны ўспаміналі злы вецер у гарах, хацінкі, складзеныя з вецця, камянёў і саломы, і як яны гатавалі каву і суп на палявых кастрах, а пасля яны спявалі песні, якія ніхто не разумеў, і Глум спяваў песні, якія ніхто не разумеў — песні-нажы. Але варта было бабулі сустрэцца з Больдай у любы іншы дзень, як зараз жа паміж імі ўсчыналася лаянка. Бабуля, тыцкаючы пальцам у лоб, гаварыла:
— Як была кранутай, так і засталася.
Больда адказвала гэтакім жа жэстам і гаварыла:
— А ты заўсёды была ненармальная, ды яшчэ ў дадатак…
— Што «ў дадатак»? — крычала бабуля, але на гэтае пытанне Больда ніколі не адказвала.
Прычынай сваркі часцей за ўсё былі Больдзіны кулінарныя рэцэпты: параная рэпа, саладкаватая поліўка з дранай бульбы на знятым малацэ, запраўленая распушчаным маргарынам, суп на знятым малацэ, якому яна, па словах бабулі, «наўмысна дае падгарэць». «Яна наўмысна так робіць, гэтая свіння, яна хоча прыпомніць мне маё нішчымнае дзяцінства. Я яе вышпурну з дому. Дом мой, каго захачу, таго і пасялю, а яе вышпурну!» Але яна не вышпурвала Больду. Больда жыла ў гэтым доме амаль столькі ж, колькі і Глум, і здаралася, што бабуля нясмела пракрадвалася на кухню, каб паспытаць Больдзінага варыва: кашу з рэпы, суп на знятым малацэ і кіслы чорны хлеб, які Больда раздабывала недзе ў горадзе. I тады па квітнеючым твары бабулі каціліся слёзы і падалі проста ў талерку, з якой яна стоячы ела, а па твары Больды, худым, белым, як папера, прабягала нязвыклая, добрая ўсмешка, ад якой ён рабіўся зусім маладым.
Абед кожны ладзіў самастойна. У Глума быў звычайны суп, а ў халадзільніку і на кухонных паліцах ляжалі ягоныя гуркі, дыні, бульба і вялікія ліловыя колцы крывяной каўбасы, якая, уласна, і не была нават каўбасой. У Больды заўсёды ў запасе была нейкая бясколерная вадкасць, якая павольна закісала ў рудых эмаліраваных гаршках. У бабулі ў халадзільніку было сваё, самае вялікае аддзяленне. Там ляжалі каўбасы, біфштэксы, горы вялікіх свежых яек, садавіна і гародніна; бывала, яна гадзін каля чатырох па абедзе з цыгарэтай у роце сама станавілася каля газавай пліты і, мурлычучы песню, пачынала нешта смажыць, выпускаючы праз нос клубы дыму. Даволі часта яна званіла ў рэстаран і заказвала гарачы абед: гарачыя, як агонь, срэбраныя судкі, высокія бакалы з марожаным з вянком збітых пышнай шапкай вяршкоў, чырвонае віно; нават каву прыносілі ёй з рэстарана. Але гэтак жа часта яна ўвогуле нічога не ела пасля снедання, а часам у ранішнім халаце блукала па садзе з нязменным «Тамагаўкам» у роце, надзявала старыя скураныя пальчаткі і зразала крапіву, зараслі якой ішлі ўздоўж замшэлай агароджы і вакол альтанкі. Бабуля клапатліва выбірала самыя маладыя і зялёныя парасткі, загортвала іх у газету, потым рабіла на кухні салату і ела яе з кіслым чорным хлебам з запасаў Больды. Часам маці забывала прыгатаваць абед для яго і Альберта. Сама яна ела мала — на сняданак грэнкі, яйка, але піла шмат кавы. Калі маці была дома, яна ў тры-чатыры гадзіны раптам прахоплівалася, што добра было б прыгатаваць абед: умомант у яе закіпаў суп з кансерваў, з’яўляліся маленькія місачкі з салатай, але было і так, што суп яна брала з запасаў Глума, хуценька разагравала яго, а ўзамен клала Глуму колца каўбасы або пачак табакі; вечарам Глум, ухмыляючыся, падліваў у сваю каструлю роўна столькі вады, колькі маці ўзяла з яе супу. Але часцей за ўсё маці раптоўна некуды з’язджала, так і не згатаваўшы абеду, тады абедам займаўся дзядзька Альберт: ён браў у Больды яе кашу з рэпы, запраўляў яе маслам і малаком, пёк на скорую руку блінцы або яешню. Але здаралася і так, што ні Альберта, ні маці, ні Больды, ні Глума дома не было: тады Марціну нічога не заставалася, як адліць крыху супу з каструлі Глума, падагрэць яго або пакорпацца ў пакоі маці — ці не знойдзецца там шакаладу або пячэння. Ісці да бабулі не хацелася. Яна пачне смажыць мяса або павязе яго ў горад, і тады ўжо пойдзе прадстаўленне «Вялікая княгіня і яе блявун».
Але бульба, смачная бульба, даставалася яму вельмі рэдка: бульба, толькі што звараная ў мундзірах або аблупленая, дымячая, жоўтая, з маслам і з соллю. Бульбу ён вельмі любіў, але ніхто не ведаў пра гэта: нават Альберт і дзядзька Віль не ведалі. Часам яму ўдавалася пераканаць Больду зварыць бульбы: тады на стале з’яўлялася поўная міса гарачай бульбы, зверху кавалак масла, які вельмі павольна раставаў, ён пальцамі браў шчапоць сухой тоўчанай солі, белай як снег, і нетаропка пасыпаў бульбу. Іншыя людзі маглі есці бульбу штодня, і ён зайздросціў ім. Генрых штодня варыў бульбу на вячэру, часам Марцін дапамагаў Генрыху і атрымліваў узнагароду з некалькіх гарачых бульбін. У другіх людзей — ён гэта добра ведаў — усё было па-іншаму; там гатавалі заўсёды ў адзін час і для ўсіх тое ж самае: гародніна, бульба, падліва. Усе елі адно і тое ж: бабулі, маці, бацькі і дзядзькі. I халадзільнікаў у іх не было, дзе кожны мог бы захоўваць свае дзіўныя стравы, і не было вялікіх кухняў, дзе кожны мог бы прыгатаваць для сябе ўсё, што ўздумаецца. У людзей раніцай на стале стаяў вялікі кафейнік, маргарын, хлеб і павідла, і ўсе елі разам, і для ўсіх рабілі бутэрброды і давалі іх з сабой у школу, на службу, на заводы, а яйкі там елі рэдка, дый то толькі дзядзькі і бацькі; і толькі гэта адрознівала іх сняданак ад сняданка астатніх членаў сям’і.