Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

— Хадзі, дай дзверы зачыніць, — сказаў Генрых.

— Я застануся тут.

— Тады, можа, Вільму з табой пакінуць?

— Не, бяры яе з сабой.

— Ну як хочаш. Калі надумаеш пайсці, палажы ключ пад дыванок каля дзвярэй. Ну і свіння ж ты, скажу я табе…

Твар яго зноў зрабіўся салідным, грашовым.

Марцін змаўчаў. Генрых выйшаў, а ён па-ранейшаму сядзеў на падлозе каля сцяны. Ён чуў, як на лесвіцы фрау Барусяк нешта ласкава сказала Вільме, пагутарыла з Генрыхам, і ўсе трое пачалі спускацца ўніз па лесвіцы. Марцін застаўся зусім адзін, — нават фрау Барусяк пайшла, не будзе яе песень. Хоць, можа, яна пайшла толькі ў малочную насупраць купіць кефіру. Пан Барусяк вельмі любіць кефір.

Добра іншым дзецям! Вось у Поскэ, напрыклад, маці заўсёды дома. Сядзіць і вяжа або шые. Прыходзіць Поскэ са школы — мама ўжо чакае яго. Суп гарачы, бульба падсмажана і нават нейкая трэцяя страва заўсёды ёсць. Фрау Поскэ вяжа світары і камізэлькі, ваўняныя панчохі з мудрагелістымі ўзорамі, шые штаны і курткі. На сцяне ў іх вісіць павялічаны фотаздымак бацькі Поскэ. Вялікі партрэт, амаль такі ж, як татаў партрэт дома, у гасцёўні. Бацька Поскэ быў обер-яфрэйтарам — вясёлы обер-яфрэйтар з ордэнскай калодкай на грудзях. Дзядзька Берэндта і новы бацька Грэбхакэ — усе яны лепшыя за дзядзьку Лea. Яны амаль як сапраўдныя бацькі. А дзядзька Лea самы брыдкі з усіх. Вось дзядзька Альберт — гэта сапраўдны дзядзька, бо ён жа з мамай не жыве. Генрыху жывецца горш за ўсіх, нават горш, чым яму самому. Генрыху даводзіцца ўсё падлічваць, і дзядзька ў яго дрэнны!

Марцін пачаў горача маліцца:

— Божа, зрабі так, каб Генрыху жылося лепш!

Яму зрабілася сорамна за тое, што ён раззлаваўся на сябра. Трэба было адразу ж запытаць у яго, што ён піша. Божа, хай Генрыху жывецца лепш! Яму так цяжка. Маці ў яго распусная, але яму ад таго не лягчэй. У Берэндта і Вельцкама мамы таксама распусныя, але затое хоць дзядзькі добрыя, зусім як сапраўдныя бацькі, ім даюць яйка на сняданак, яны прыходзяць з працы, абуваюць дамашнія пантоплі, чытаюць газету. А ў Генрыха гэтага няма, хоць мама ў яго і распусная. Яму за ўсё прыходзіцца расплачвацца. Дык зрабі ж так, каб яму жылося лепш! Яму так цяжка! Ён цэлымі днямі падлічвае, эканоміць, a Jlea не плоціць за маргарын, не плоціць за яйкі і за хлеб. I на абед ён вельмі мала дае. Кепска жывецца Генрыху. У яго сапраўды так многа клопату, і ўсё, што ён робіць, такое важнае, дык ці варта крыўдаваць на тое, што ён часам напускае на сябе важны выгляд.

Марцін з’еў бы яшчэ адзін бутэрброд, але яму раптам зрабілася сорамна за тое, што ён увогуле еў бутэрброды ў Генрыха. Божа, зрабі, каб яму жылося лепш! Марцін успомніў, як бабуля разлічваецца за вячэру ў шынку Фавінкеля. Яны неяк зазірнулі ў каштарыс. 18 марак 70 пфенігаў. Марцін падняўся і ўзяў са стала паперку з лічбамі. У правым куце зверху было напісана: зубны ўрач — 900 марак, злева ў слупок:

дапамога 150 марак. страхоўка — 100? аванс —??? астаецца знайсці???

Лісток быў спісаны ўдоўж і ўпоперак. Там былі цэлыя прыклады на множанне і дзяленне. «500: 100X40 — маргарын» — і каля гэтага «хлеб, воцат», далей нейкія кручкі, і затым зноў разборліва: «Да гэтага часу мы трацілі 28 марак у тыдзень, як быць далей??»

Марцін зноў сеў на падлогу каля сцяны. 18 марак 70 пфенігаў бабуля заплаціла кельнеру. Ён успомніў трэск адарванага чэка. Яму зрабілася страшна: грошы насоўваліся на яго, прынялі адчувальную форму. 28 марак у тыдзень і 18 марак 70 пфенігаў за адну толькі вячэру. Божа, хай Генрыху жывецца лепш!

Унізе ў двары да дзвярэй сталярнай майстэрні пад’ехаў аўтамабіль. Ён здагадаўся, што гэта Альберт. I адразу ж пачуў ягоны голас: «Марцін!»

Па лесвіцы паднімалася фрау Барусяк. Значыцца, яна хадзіла ў магазін насупраць па кефір для мужа і па цукеркі для дзетак.

З двара зноў пачуўся голас Альберта: «Марцін!» Ён зваў яго нямодна, і голас у яго быў нясмелы, амаль з маленнем: гэта напалохала Марціна больш, чым рэзкі вокрык.

«Прыйдзі, о Дзева Марыя», — голас фрау Барусяк ужо ліўся зверху, як мёд — кропля за кропляй. Ласкавы, пяшчотны голас.

Марцін устаў, падышоў да акна і крыху прачыніў яго. Калі ён убачыў Альберта, то спалохаўся яшчэ больш. Альберт увесь неяк змарнеў, пастарэў, і твар у яго быў вельмі сумны. Каля яго стаяў сталяр.

Марцін расчыніў акно.

— Марцін! — зноў паклікаў яго Альберт. — Хадзі сюды! Хутчэй!

Выраз яго твару адразу змяніўся, ён усміхнуўся, пачырванеў.

— Іду, іду! — крыкнуў Марцін.

Акно засталося расчыненым, і ён пачуў, як зноў заспявала фрау Барусяк: «Я вырасла ў краі зялёным, сярод лясоў, сярод палёў». Марціну ўсё навокал падалося раптам зялёным — і Альберт, і сталяр каля яго, і аўтамабіль, і двор, і неба. У такім краі, мабыць, вырасла фрау Барусяк.

— Хадзі ж, дзетка, — зноў паклікаў Альберт.

Марцін запіхнуў кніжкі ў ранец, выйшаў з пакоя, запёр дзверы і паклаў ключ пад дыванок. У прыхожай ён зноў убачыў праз акно, як за сцяной разбуранага дома павольна, ад акна да акна, плыве самалет. Ён знік за сцяной, што ўзялася полымем у промнях заходзячага цяпер сонца, паказаўся зноў, павярнуў да званіцы і раскінуў свой доўгі шлейф. Марцін зноў прачытаў надпіс на зялёным небе: Ці гатовы ты да ўсяго?

А фрау Барусяк усё спявала: «Я вырасла ў краі зялёным…»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: