Вход/Регистрация
Дом без гаспадара
вернуться

Бёль Генрых

Шрифт:

Генрых цьмяна помніў, як некалі даўно ім давялося пераязджаць з кватэры на кватэру. Прамільгнулі абрыўкі ўспамінаў: халадэча, дождж, дзіцячая каляска, заляпаныя граззю транспарцёры і грузавікі, маці рэжа бохан хлеба, які нехта як бы выпадкова скінуў ім з грузавіка, што праязджаў міма. Найбольш выразна ён помніў зялёную вайсковую біклажку — Герт забыўся яе пасля на нейкай будоўлі. Успомнілася, як напалохаў яго тады амерыканскі хлеб: ён быў белы, як папера.

Восем гадоў яны пражылі ў гэтым пакоі — цэлую вечнасць.

Генрых мог з заплюшчанымі вачамі адразу адшукаць усе каварныя трэшчыны і шчыліны ў паркеце, дзе націраць падлогу прыходзілася марудна і асцярожна, каб не парваць суконкі. Падлогу ён націраў масцікай — так патрабаваў Леа.

Генрых ведаў на памяць, у якіх месцах пліткі паркету сядзелі нямоцна: масціка там, колькі яе ні намазвай, усё роўна залазіла ў шчыліны. Затое ў іншых месцах яна прылеплівалася да падлогі, і яе трэба было наносіць тонкім слоем.

Ён утаропіўся на цёмна-жоўтую пляму на сцяне: тут вісеў раней фотаздымак бацькі.

— Дык хадзі ж, чаго стаіш? — крыкнуў кандытар.

Генрых выйшаў у прыхожую, але адразу ж вярнуўся, падышоў да маці і сказаў:

— Не забудзься, калі ласка, пра прыёмнік — ён наверсе ў Леа. У яго яшчэ наш збанок, кубак і кансервавы ножык.

— Не, не, не хвалюйся, — сказала маці, але па яе голасу ён зразумеў, што прыёмнік, збанок і кансервавы ножык страчаны назаўсёды, як і мамін халат, што таксама вісеў у пакоі Леа. Генрыху вельмі падабаўся гэты халат — казачныя ружовыя кветкі на чорным.

На лесвіцы стаяла фрау Барусяк і плакала. Яна кінулася да Генрыха, расцалавала яго, затым прыціснула да сябе Вільму.

— Слаўны ты мой хлопчык, — усхліпваючы, сказала яна, — няхай хоць табе будзе там добра.

Сталяр, які стаяў непадалёку, прабурчаў, хітаючы галавой:

— Што тут, што там — адзін грэх!

З-за дзвярэй пачуўся голас маці:

— Ты гэтага хацеў, чуеш! Ты, ты, а не я! крычала яна.

Кандытар глуха прамармытаў нешта ў адказ, і хоць слоў нельга было разабраць, але прагучалі яны не надта пераканаўча.

Усё часцей і ўсё больш пранізліва свісталі ўнізе рабочыя, якія чакалі. Генрых падышоў да акна ў прыхожай і зірнуў на вуліцу. Зверху кузаў грузавіка быў падобны на распоранае чэрава нейкай страшыдлы, якая памылкова праглынула лаўку старызніка. Брудныя лахманы, кульгавыя крэслы, навалены грудам хлам і на самым версе ягоны «ложак». Грузчыкі перавярнулі яго, і шэрыя дзверы адразу ж адкрылі таямніцу свайго паходжання. Зверху выразна быў бачны надпіс, што ўпрыгожваў іх: «Пакой 547. Фінансавы аддзел». Герт прывалок аднойчы ўвечары гэтыя дзверы і чатыры брусы — распілаваныя бэлькі столі. Знайшоўся ў яго і малаток з цвікамі. За пяць хвілін ложак быў гатовы.

— Ты глянь, якая раскоша! — сказаў тады Герт. — Цяпер лажыся, адпачывай.

Генрых лёг, і ложак сапраўды здаўся яму раскошай. I да гэтага часу, яшчэ паўгадзіны назад, ён быў перакананы ў гэтым.

Рабочыя сядзелі на падножцы грузавіка, курылі, паглядвалі ўверх і пасвіствалі.

«Што тут, што там — адзін грэх», — сказаў сталяр. Генрых зноў успомніў слова, якое маці сказала кандытару два тыдні таму. Тое ж слова Лea пісаў на сцяне. Генрых горка ўсміхнуўся і падумаў, што слова «сужыцельства» і гэтае слова азначаюць, уласна, адно і тое ж. Маці выйшла з пакоя, трымаючы ў руках савок, і Генрых убачыў, што твар яе пакрыўся круглымі барвовымі плямамі. Такія плямы ён ужо неаднойчы бачыў на тварах іншых жанчын, але ў маці іх ніколі не было. Яе чорныя, заўсёды гладка зачасаныя валасы раскудлачыліся і доўгімі пасмамі падалі на лоб. Затым з пакоя выйшаў кандытар і стаў каля сталяра. Ад ягонага нядаўняга гневу не засталося і следу, і твар яго зноў меў звычайны лагодны выраз.

Генрых заўсёды пабойваўся лагодных людзей. У школе сярод настаўнікаў таксама надараліся гэтакія памяркоўныя; але з імі лепш не звязвацца. Дзень — ён добры, два добры, тыдзень, але затое пасля як раскрычыцца! А ў канцы і сам не ведае, што яму рабіць: ці то махнуць рукой, ці зноў раззлавацца, быццам акцёру, што забыў сваю ролю.

— Гавару табе, ідзі ўніз! — закрычаў раптоўна кандытар на Генрыха. — Чорт бы цябе ўзяў, вісус пракляты! Бяры каляску і выбірайся прэч!

— Не смей крычаць на дзіця! — у сваю чаргу крыкнула маці і, плачачы, схавала галаву на грудзях у фрау Барусяк.

Сталяр адвёў кандытара ўбок, а мама сказала скрозь слёзы:

— Ідзі, Генрых, ідзі, дзетка!

Але яму было боязна спускацца аднаму па лесвіцы. Унізе каля дзвярэй стаялі суседзі. Яны абменьваліся насмешлівымі заўвагамі, разглядвалі ўбогую мэблю, а нехта з Брэзгенаў сказаў: «Па пану і ялавічына!» I словы гэтыя папаўзлі ад дзвярэй да дзвярэй — ад Брэзгенаў да гаспадыні малочнай лаўкі, ад яе да старога пенсіянера, былога рассыльнага з ашчаднай касы. Ён прамовіў іх як прыгавор. У тыя часы, калі Генрых купляў яму прадукты на чорным рынку, стары заўсёды ласкава размаўляў з ім. Але цяпер ён ужо даўно перастаў вітацца з мамай, зусім як Карл. Гаспадыня малочнай лаўкі сама распусная, а Брэзгены, па словах сталяра, брудныя свінні. Каму ж яшчэ пра гэта ведаць, як не сталяру, — ён жа гаспадар дома.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: