Шрифт:
Дужа псуець сабе кар'еру мужыцкі сын, калі не скора забываецца на хату бацькіну. Ташнуець тады немаведама чаго; у горадзе ходзіць, як непрыкаяны, а дамоў прыедзе — да працы ахвоты не маець. Так і прамарудзіць задарма жыццё сваё: ні богу свечка, а ні чорту чапяла, ні пан, ні нашчанец, мужыцкі брат.
Іван Гаршчок быў хлопец удалы, змалку на ўсё здатны і здольны. Змалку ж ён і чытанню-пісанню добра няўся. Як скончыў ён царкоўную школу, пасадзіў яго бацюшка ў школцы граматы вучыцелем.
А Гаршчок калі за што браўся, дык браўся шчыра: замучыў дзяцей малітвамі, а баб і мужчын — чытаючы ім «Душеспасительный листокъ» з дужа страшнымі малюнкамі: у п'янюгі з рота лезець вужака, пляткарка ліжаць языком гарачае зялеза і да т. п.
І сасніў аднойчы Гаршчок, што ён вялікі нейкі праведнік ці манах, і пачуў голас ува сне, што павінен ісці ў манастыр, у манахі.
І пайшоў. Папоўніў чараду.
Быў ён з маладосці прыгожы: вочы зоркія, спрытныя, валасы кучаравыя, від да ўсякага чалавека спагадны і радасны.
І скора і лёгка ўбіўся ў ласку да архімандрыта; даручаў той яму стаць ля машчэй, калі знаймуюцца багамолы, і пільнаваць, каб клалі грошы і каб не было абы-якога непарадку.
А манастыр быў знамяніты. Многа вялікіх паноў прыязджала сюды, асабліва з таго часу, калі забілі недалёчка ад манастыра важную асобу царскага роду; прыязджалі князі і графы, княгіні і графіні закупляць панахвіды.
І прыязджалі дзве князёўны.
Любілі яны да машчэй прыкладацца. А станавіліся недалёчка да прыгожага послушніка.
І неўпрыцям для самога сябе паслізнуўся ён.
І дайшоў да астатняй брыды.
Грошы краў, цела брудзіў, а сумленне гарэлкаю заліваў.
Прапаў Іван Гаршчок.
Трапіў у самае бясяцкае прадонне.
…Прачнуўся аднойчы на голых, запэцканых гразёю, шалупашкамі і слізкімі гурковымі і кавуновымі недагрызкамі, замасленых басяцкім шкумаццём палацях у начулішчы.
Ляжаў паміж кудлатага, чорнага басячугі і абшарпанай п'яной бабы.
І нічога не памятаў.
У расхрыстанай, з калматымі косамі абшарпанкі цякла са шчэрбы на збітую шчаку слюня. Аднэй рукой баба сцяла Гаршка за палу, а другую адкінула — голую, без ададранага рукава капоты. Жылаватыя, брудныя ногі тырчэлі з-пад абмызганай спадніцы, звісаючы з палацяў.
Гаршчок намагаўся ўцяміць усё і абмеркаваць, але нудна было пад ложачкай, балела галава, гідзіла яго ад аблічча абшарпанкі.
Дужа карцела курыць, ды не было чаго. Ён вызваліў палу пінжака, і баба заварушылася і засмактала, а кудлаты басяк скрыгаў скрозь соння зубамі.
Пацягнула знізу ў разбітую шыбу з мутнога надвор'я свежым ветрыкам і прыемна асвяжыла галаву.
Нылі ўсе косці, калі скрануўся Гаршчок і палез далоў.
Ён агледзеўся. Начлежны дом быў повен. Была самая пара сну. Стаяла густое цёплае смуроднае паветра, нёсся храп, свістанне і варушэнне.
У адным вугле ўзняўся глухі гоман, нейкая ваганіна, хрыпаты смех і лайба — усё паніжонымі, начавымі галасамі.
Пайшоў туды, каб дастаць табакі.
Гэта прыйшлі з начной працы гаспадары начулішча, яе паважаныя паўсёдныя жыхары. Месца кождага, зазначанае каменем або цэглінай (замест падушкі), пуставала, бо ўсе ведалі, што тут занята і што гаспадар прыйдзе і мае права стурыць.
Але на адным месцы скорчыўся блізка што голы, аброслы чорнымі валасамі, дробненькі чалавечак, не то цыган, не то армянін ці жыд, — і гаспадар каменя загневаўся за гэткае зняважанне сваіх правоў. Ён злосна плюнуў, без усякай жаласці схапіў навічка, незнаёмага яшчэ з тутэйшымі парадкамі, за ногі звалок яго з палацяў і кінуў на памост, як нейкі мяшок, набіты мякінаю.
Ніхто і ўвагі не звярнуў.
А пабіты чорны перацягнуўся, як ніцы сабака, і заснуў проста на падлозе, слізкай і бруднай.
Гаршчок папрасіў табакі ў таго, хто кідаў. Той злаяўся, падумаў, патрос у кішані і дастаў шчэпаць махоркі, потым з маскоўскага суконнага картуза, маслянага ўжо, як бот, выдраў кавалачак газетнай паперы і даў Гаршку.
Падзякаваў у спіну басяку, пайшоў на двор і сеў на тумбе; рупліва звярнуў цыгарку і зацягнуўся прыемна і соладка.
Палягчэла галава, не так нылі косці, і ён мог абдумаць сваё палажэнне.
Апошнія капейкі былі прапіты. У кішані анічога. На сабе чорны пінжак, там-сям пазашываны белымі ніткамі, надзеты проста на голае цела, абшарпаныя, дзіравыя штаны і стаптаныя, збітыя на нет бацінкі.
Срэбраны крыжык, на каторы неяк і ў п'янога і ўжо бязбожнага Івана не паднімалася рука, — бо то была памяць дзіцячых гадоў, бацькоўскай хаты і праўдзівага, яшчэ давучыцельскага і даманастырскага жыцця, — гэты крыжык згубіўся: ці адарваўся, ці яго хто адрэзаў у п'янога і прапіў.
Першы раз за ўсю гульбу паўстала пытанне: што рабіць?
На работу нійдзе не возьмуць басяка, дый кепскі з яго работнік.
Прасіць? — страшная мільганула думка. Красці? — бліснула яшчэ страшнейшая і горкая.