Шрифт:
Перайшлі тыя дні.
Перайшлі ў яго там, дзе было прыгожае сонечнае ранне, курортны поезд бег ад Мінеральных Водаў пад Пяцігорскам. Надта рана. Морыць сон. Пасажары дрэмлюць. Усходзіць сонца. Далякосці абгорнуты посіня-залатою імглою; яна пачынае таяць, і там а тут касулькі бліскуча-радаснага святла граюць ужо на кізілавых кустох, і на тэлеграфным дроце, і на полі. Дзе ж горы? Мясціна то ўжо гарыстая; то скідаецца тэрасамі ў шырокі і бясконцы дол, то карагодзіцца круглымі ад кустоўя курганкамі ўперамешку з роўнымі, кароткімі шнурочкамі чорнай, як сажа, раллі. З левага боку, у другое вакно, сунецца з туману якаясь цёмная грамада. Крутая паваротка дарогі, загрукатаў паравоз у правы бок — і горы блізка, блізка… як на далоні, як на карцінцы або ў біноклю. Там голая скаліна, там зялёныя грудочкі кустоўя. Здаецца, не надта вялікая гара, стаіць на самоце, адна, як курган. Адылі бягуць мінуты, далёка забег поезд, — яна ўсё такая ж блізкая, блізкая. А вёрстаў дваццаць будзе да яе адгэтуль, а можа, і болей. І горны лес, што ўкрыў яе, рысуецца зялёнымі плямамі кустоў ці травы і моху. Гэта гара-волат Бештаў.
Як сон прайшла тая пара. І светлы, залаты, і чорны, цяжкі сон.
Сядзіць ля вакна. Адзін. Мікола пайшоў у другую палову, дзе кляс.
Па небе шпарка ляцяць цёмныя воблакі. Распаўзаюцца, чапаюцца, збіраюцца ў адзін груд і засцяць неба. Смоўжам звілася над зямелькаю брудна-шэрая аграмадная пялёнка; яна хавае сонца. Пачырванелі дробныя ручачкі ў хлопчыкаў і дзяўчынак, што з кніжкавымі торбачкамі цераз плячо бягуць па апусцеламу шляху, абсаджанаму з двух бакоў чарадою смутных бяроз. Сцюдзёна. З неба белым курам пыляцца снежынкі, сіроткамі сыплюцца знеткуль згары, з няяснасці; выплываюць і мякка кладуцца на зямлю, на суччо бяроз, на ўбогую вопратачку дзяцей, на зімовыя шапачкі і хвустачкі.
Няможна трываць! Як цяжка. Газет няма трэці дзень. У сяле ходзяць нейкія дурныя чуткі. Быццам у Расеі будуць забіваць усіх чыста паноў. Быццам панскія двары сахою ўзаруць.
І выплываюць абразы…
Князь, белы, як крэйда, кажа з трыбуны, што на Беларусі няма клясавага змагання. Вялікі груд бежанцаў — старыя, дзеці, бабы — раптам шалёна кідаецца на яго.
Растоў ля Дона. Станцыя. Каўказскі і маскоўскі сустрэчныя паязды стаяць побач цэлую гадзіну ці блізка таго. Клумлівая куламеса людзей — там усе нацыі і клясы — бітма набіла перон. Малады чарнявы прапаршчык, з глыбокім смуткам у карых прыгожых вачох (гэта ён сам) ідзе ў залю 1-га кляса, дзе па застоллях сядзіць новая і даўнейшая публіка: паны і мужыкі ў салдацкіх шынэлях. Вун там за асобным столікам, у вугле, селі ўдвух: чорны, лысенькі, разумны армянін і кастамары, сур'ёзны пан з калматымі чорнымі бровамі пры сівеючых валасох, з стродкім паглядам. Нешта ўздумаваецца… Ах, ды гэта ж яна казала, што такі яе бацька.
— Во, душа, Мікола Мартынавіч, дагуляліся вы, радыкалы! На Каўказ захацелі, на самоту?
— А трэба даведацца сям'і, — хмурна кажа той. Подаўга маўчыць.
— Мы работалі, мы працавалі, з нічога стварылі многа, скажу я вам, — вядзе ён гутарку далей так, быццам адказвае на свае думкі, — і каб гэткіх, як я, як мы, болей а болей, — Расея была б слаўна, заможна і магутна. Ды ці мы ж вінаваты, што ідуць зладзеі і гультаі і лезуць на месца, здабытае намі.
Яны абодва злёгку аглядаюцца на яго і гамоняць паніжонымі галасамі.
А не думае Мікола Мартынавіч, што побач сядзіць той, каторы любіў Алю, яго папсаваную багаццем дачушку. Не, ён яму не паможа. Апошняя надзея праходзіць міма. І клумлівая куламеса людзей з перона раптам шалёна кідаецца на яго і лысенькага армяніна.
І душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі, цяпер цвярдзеець, але робіцца нядобраю, набірае ўсё болей нейкай калянасці і навет жорсткасці. Няхай сабе тая плача па нейкай паненцы. Ёй не шкода, і яна не здрыгнецца, калі дзікая людская куламеса пашарпае на шматкі і князя, і Макасея-міліёншчыка, і разумца-армяніна. Ёй не шкода… А тая, другая, падумала і здрыгнулася.
Плывуць абразы…
Бывае так, што сярод холаду, шэрасці, пустэльнасці і нуды асенняй прыроды, сярод прыкрага надвор'я самай познай восені на небе неяк неўпрыцям прагаліцца маленькі сіненькі лапічак — адзін, другі, трэці. Вось ужо не малая частка неба вызваляецца з-за хмар, сіняя, радасная; яшчэ лёгка плывуць па яе берагох прыгожыя фарботы цёмных пасяродку і белых наўкол болачак. Яшчэ вісіць чорная, палавая туча далёка-далёка над лесам, як слова яна там дужа добра ўчапілася. А зірніце, зірніце скарэй, як вун там шпарка перасунулася астатняя срэбная хмарка цераз сонца; бліснуў з неба першы сноп светлага калосся на крыллі пруда-ветрака; перабег залатой пасцілкаю цераз папоў сад — і ўсё весялеець, робіцца прыгожым; ціхенька варухнуліся галінкі на старой бярозе, убачыўшы сонца, і мякчэйшай хоча быць мёрзлая груда пад нагамі дзяўчыны, што схапіла вёдры, бяжыць вады, бяжыць і нечага смяецца, а сонейка забылася, забавілася, любуецца на дзявоцкае прыгажство.
Бывае так.
А там ізноў — шэрая нуда.
Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі; а ў тых вачох радасна-вясёлы, ціхі смех, — стаіць Аля ў сонечным арэоле. І ўсё весялеець, робіцца прыгожым. Аля! Аля!
Ах… аднойчы распачаў гутарку аб яе паглядах на пахаджэнне з роду, багацце і — як уважае палітычныя пытанні, але яна, відаць, зразумела так, што ён бяднейшы за яе, і зажмала яму рот бусямі, прасіла, каб болей не казаў аб палітыцы.
А можа, і тады навет думала, што ўсё роўна ў іх нічога не выйдзе, дык няма чаго аб тым гаварыць, няма на што супакоіваць яго.
А можа, і яшчэ гарэй зразумела яна? Напэўна! Яна думала, што на яе багацце галяцца!
Бывае так.
І тады — шэрая нуда.
— Так, так, так! Бывае!! — кінуўся ад вакна.
— Што ты крычыш тут адзін? — уваходзіць Мікола, добры, слаўны Мікола.
— Кажу: бывае… усё бывае! Вось уздумаў на аднаго знаёмага. Міколу Мартынавіча, цёзку, бач, твайго. Ніколі не бачыў яго, а як жывы стаіць мне ўваччу.
— Ну, так, бывае, — не зразумеў Мікола. — А ведаеш, — кажа ён наўмысля дужа звычайным голасам, — навіну пачуў ад дзяцей: Крупкі ўчора таксама, ведаеш, разбіты мужыкамі… Дом, ведаеш, братка, спалілі. Нічога, бацька паспеў уцячы ў Магілёў. Ездзілі нашы на станцыю, даведаліся. Дык вось, ведаеш. Цябе тут ніхто не знае, не думай. А бацька, аднак, паспеў жа ўцячы…