Вход/Регистрация
Дзве душы
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

— З кім яшчэ дужацца хочаце? Ат, не мае стары лепшай гутаркі, — замінала матка. — Ці мальска крыві хрысціянскай пралілося. Бывала толькі: «Ай, каб зямелькі! Ай, каб зямелькі!» А цяпер і зямля будзе, дык яшчэ мала здаецца, немаведама чаго хочацца.

— О, не, цётачка, гэта пахнець старыною… Не, даволі мы ў іхныя рукі нацалаваліся, — раптам загневаўся Карпавіч. — Сячы трэба да карэння. Шкадаваць іх? Як нашы Гальшанскія — князі? Старэйшы сялян у пятлі давіць, а маладзейшы тут у камітэтах бегае, за народ быццам, — не!

Познаю начою варочаўся Абдзіраловіч у лазарэт. Васіль правадзіў яго да вялікай вуліцы. Крэпка жмаў яму руку і прасіў не браць у крыўду словы Карпавіча, бо і Карпавіч добры чалавек і аб ім нічога благога не думае і ведае, што ён — афіцэр, а стаіць за народ.

IV

Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі; а ў тых вачох радасна-вясёлы, ціхі смех — вось гэткая Аля Макасеева, старэйшая дачушка N-га домаўласніка, што нажыў за вайну вялікія міліёны.

Апошнія два гады Макасеі з пачатку вясны і да астатніх дзён сезону жылі на Каўказскіх курортах, а з прыгоды рэвалюцыі і голаду ў N., стары Макасей, хаця ж сам бавіў найболей у N., надумаўся купіць у Пяцігорску ці Кіславодску дом і пакінуць там сям'ю сваю на ўсю зіму.

Пад канец сезону курорт быў бязлюдны, і ў небыццё свайго старога мадам Макасеіха, ад нуды, ахвотна запрашала да сябе афіцэраў, што лячыліся там. Не бачыла яна ў тых знаёмствах нічога асаблівага і старалася толькі бавіць сябе і сваю капрызную супярэчніцу Алечку.

Часам пісала ў лазарэт пісульку, рыхтавала стол з фруктамі, віном і папіросамі, і моладзь уз'яўлялася скакаць і весяліцца, піць і есці.

Алечка летуцела быць балерынаю, танцавала многа і з вялікай прыемнасцю, а матулька бавіла час на балконе ў гутарках з князем Галынанскім, каторы не любіў сябраваць з афіцэрамі простага роду, дзеля таго, што яны, зазвычай, нядобра ўзгадованы. І чорная маленькая мецінка, падобная да барадаўкі, на верхняй губе, збоку, не магла змягчыць яго грэблівай замкнутасці, а давала навет часам выгляд дурнаватай, здаволенай пышнасці.

Князь не хаваўся, што нялюб яму Абдзіраловіч, другі паўсёдны гасцяваннік макасееўскага дому. А той чуў да князя тое самае: памятаў ліпнёвую ноч у купэ, як князь еў парасёнка. І калі ў прысутнасці князя маці дражніла Алечку Абдзіраловічам, казала, што дзяўчына трызніць ім ува сне і ў яві і клоніцца яму быццам богу — гвардзеец быў маўклівы, уважаў, што за нудою і так ужо вельмі рызыкоўна бярэць у абшар сваіх знаёмых нежаданы элемент.

Аля яшчэ ніколі, бадай, не кахала і не ведала, ці так наагул кахаюць, як яна Абдзіраловіча.

У парку, зрання, сцярог ён, калі, ці скора пакажацца яе лёгкая фігурка з курчаваю, без хвусткі, чорнай галоўкаю сярод грудка маленькіх браткоў і сястрыц.

І быў несказана як рад, калі яны ўсёй вятачкай валілі к лавачцы, дзе сядзеў ён; хлопчыкі па-салдацку казыралі, а дзяўчынкі прысядалі, вітаючы, і потым лезлі яму на плечы.

Яна ж ведала, што яму салодка карціць адысціся з ёю ўдвох у глыб парку ці лезці на гару і бавіцца там.

Яны часта ўздумавалі на сваю першую сустрэчу ў Маскве на вакзале, калі яна ўсміхнулася яму, а ён адхіліў свае вочы.

Яны даўно сказалі сабе, што любяцца, і згаварыліся чакаць да налецця. Яна ж спадзявалася, што незабавам прыедзе бацька; вельмі хацела паведаць старому радасную тайну сваю і пахваліцца Ігналікам. Болей нікому не ймела яна веры. Ігналік павінен быў спадабацца Міколу Мартынавічу, яна была ў гэтым пэўна.

Аднойчы Абдзіраловіч распачаў гутарку аб яе паглядах на пахаджэнне з роду, багацце і — як уважае палітычныя пытанні, але яна, відаць, зразумела так, што каханак бяднейшы за яе, і зажмала яму рот бусямі, прасіла, каб болей не казаў аб палітыцы.

Ён пачуў прыкрасць і боль, адылі супакоіў сябе, што вінават, гэта, буржуазны лад жыцця, а яна не вінавата.

І зараз на тое забыўшыся, дзівіўся, што гэта ў душы яго з якоюсь прыкрасцю дваілася? Тым часам князь, як слова наўмысля, выдумляў паездкі вярхом у горы ці ў экіпажах у італьянскую калонію — есці мёд і купляць віно. І Абдзіраловіч мусіў сачыняць у галаве розныя добрыя прыгоды, каб адмовіцца, бо не меў на тое кампанейства грошы.

Цалюткі дзень меўся ён тагды ў парку з яе браткамі і сястрыцамі, і яны пыталіся, што яму, што ён гэтак засмуціўся; і з дзяцінай простасцю пацяшалі, што Аля ўвечары прыедзе.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: