Вход/Регистрация
Дзве душы
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Яго месца каля Алі забраў сабе князь — гэта было ясна.

І навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч, вінаватая вяла іх ад яго.

На другую за той вечарынку ён не быў запрошаны.

І бесклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і па-прасцецку казалі яму:

— Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці ж вы гэта запраўды? Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык… І ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п'ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.

Абдзіраловіч хацеў бы забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысля ўсміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад усіх і быць аднаму. І буркаў толькі ў адказ ім:

— Ну, вось яшчэ, любіце плесці нет ведама што, — не варта слухаць.

Аднак яны ведалі, што ён мучаецца, вельмі тым уражаліся і ніякай рады даць не маглі.

Аднойчы ўранні і надта рана, калі ён, змучаны бяссоннаю начою, туляўся ў пустым парку і бязмэтна трапіў на вакзал якраз к адходу першага ранняга поезда, яго вочы стыкнуліся там ля касы з няняю Макасеяў з кошыкам у руках.

Дзяўчына кінула спуджаным вокам убок і прамовіла:

— Аля тут… Мы паедзем на станцыю Бештаў па пірог: Валя сянні імяніннік.

Ён нічога не адказаў і паспяшыў да вагона, дзе стаяла Аля і махала новенькім гнуткім стэкам.

З весялосцю, як быццам нічога не здарылася, усё добра, прывіталася яна з Абдзіраловічам і пачала апавядаць, як цікаўна з'ездзілі яны ўчора.

— Аля! — у трывозе, і запыхаўся, і хапаўся скарэй сказаць усё, і дрыжачым голасам прамовіў ён. — Скажыце мне, Аля, што гэта ёсць? Няўжо ўсё скончана?

— Вы задаліся метаю папсаваць мне настрой, хоць некалькі дзён не бачылі мяне. Слухайце, Ігналік, мне ж не выпадае бегаць за вамі… Што могуць усе падумаць! Ці я вінавата, што вы нейкі, нейкі… — яна памаўчала, — самотны нейкі і ўважаеце ўхіляцца ад паязджання з намі.

Сэрца яго балюча зазнібела.

— Чаму ж вы не адказвалі на мае пісьмы?

— Ай, ну вось… Вы ўсім вінаваціце толькі мяне. Я не пісала таму, што спадзявалася сустрэцца з вамі. Спадзявалася кождага дня, і дні беглі адзін за адным.

— Падумайце, — без абы-якога звязку перапыхнула яна з радасным смехам, — падумайце: князь рыхтуецца прыйсці да мяне ў сваты! Чакаець толькі татусю. Ах, што за дурны чалавек, як усе мужчыны. Хоць, ведаеце, запраўды, ён паважна гэта робіць. Гэткі знялюбелы! Ну, што я адкажу яму? Падараваў мне стэк. Ляньце: срэбраная мышачка і якая прынадная манаграмка!

— Бывайце здаровы, Аля… так? — апаўшым голасам, абезнадзеіўшы, спытаўся ён.

— Слухайце, Ігналік, калі не хочаце пасварыцца канец з канцом, дык пакіньце сваю драматычнасць і злуванне, чуеце?

Паравоз запыхкаў і дзьмухнуў белаю параю. Сірэна чыстым, звонкім і зычным голасам прапела ў свежым горным паветры.

Яны рассталіся.

Доўга етаяў Абдзіраловіч і глядзеў туды, гдзе ў лесе хаваўся за дрэвы і кусты, уцякаючы, поезд.

Яна некалькі разоў, жадаючы пацешыць яго, махнула ручкаю, але скарэй, чымсі ён усё яшчэ спадзяваўся, схавалася за дзвярмі.

«Міласлівы пане гаспадару! Прашу адкінуць усякія думкі аб маей дачцэ. І гэтае маё жаданне зусім натуральнае пры поўным з майго боку няведанні аб тым, хто Вы і што Вы ў Вашам грамадскім стане па-за вайсковаю службаю, маю надзею, будзе Вамі, як афіцэрам, добра споўнена. Макасеева.» — прачытаў ён у прынесеным пасля снедання пісьме і зняможна лёг на канапку.

— Князь прадыктаваў! Аб яго залатой торбе яна добра ведае, — скрыгнуў ён зубамі. — А ты, Аля, Аля! Ах, навошта, навошта ўсё гэта было?

І цяжкі гнёт наваліўся на яго, апанаваў яго.

Белы тварык з чорнымі бліскучымі вачмі і курчавымі пасмачкамі, дзявоцкі смех і жарты — гэта быў боль і мука без паратунку.

Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы…»

VII

Тая смутна-ціхая пара, каторую так любіў і каторая стаяла ўваччу, калі думкі ляцелі да хатак Беларусі, яна ўжо даўно мінулася, калі ён прыехаў.

Ужо даўным-даўно перайшлі тыя дні, калі слабнучае сонейка яшчэ прыпякала, а селянін першы раз сёлета паліў пад асеццю. Дым шэра-палавою стружкаю віўся па-над вільчыкам страхі і плыў угару чуць віднымі фарботамі. Цягнулася белая ніцявінка павучыння… Вераб'іная стая дружна хуркала з-за плота на канаплянішча, і хлопчык бег па высокай і вузкай, нязручнай мяжы, сярод зялёных густых канапель, зганяць іх, а яны: хуррр! — паляцелі ў поле на снапы жоўтай пшанічкі ці ў лес. Ёмка кідаў ён шубнём і думаў з прыкрасцю, што — ах, колькі канапелек збіта, і з уцехаю, што — нічога: заўтра яго возьмуць ляшыць жыта і паднасіць сяўню.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: