Гашак Яраслаў
Шрифт:
— Я гэтых свалачэй добра ў твар памятаю, — сказаў Вадзічка. — Няхай толькі пападзецца мне хто-небудзь з гэтых гусараў на вузенькай дарожцы, — я з імі хутка распраўлюся. Калі ўжо нам, сапёрам, што-небудзь прыдзе ў голаву, дык мы наконт гэтага зьвяры. Мы, брат, не якія-небудзь там апалчэнцы. На фронце перад Перамышлем быў у нас капітан Ецбахер, сволач, горшай на сьвеце ня знойдзеш. Так, брат, зьдзекваўся з нас, што адзін з нашай роты, Бітэрліх хоць і немец, але добры хлопец, — праз яго застрэліўся. Ну, мы дадумаліся, як толькі рускія пачнуць сыпаць, то капітану Ецбахеру прыдзе каюк. І сапраўды: не пасьпелі рускія пачаць перастрэлку, мы, нібы не знарок, пусьцілі ў яго гэтак з пяць набояў. Жывучы быў, гадзіна, як кошка, — прышлося яго дабіць двума стрэламі, каб потым на нас бяды ня было. Толькі прамармытаў нешта, ды так, брат, сьмешна — проста падарвацца. — Вадзічка засьмяяўся. — На фронце такія рэчы ня сходзяць з парадку дня. Адзін мой таварыш (цяпер таксама з намі ў сапёрах) расказваў, што, калі ён быў у пяхоце пад Белградам, яго рота застрэліла ў часе атакі свайго обэр-лейтэнанта, таксама добрага сабаку, які сам застрэліў двух салдат у паходзе за тое, што тыя змагліся і не маглі больш ісьці. Обэр-лейтэнант, калі ўбачыў, што прышлі яму канцы, пачаў раптам сьвістаць, даваць сыгнал да адступленьня. Кажуць, хлопцы тады чуць не паўміралі са сьмеху.
Пры такой цікавай і навучальнай гутарцы яны дайшлі нарэшце да крамы з жалезам пана Каконя на Шопроньскай вуліцы № 16.
— Ты-б лепш пачакаў тут ля варот, — сказаў Швэйк Вадзічку, — я зьбегаю на другі паверх, перадам ліст, атрымаю адказ і ў момант прыду назад.
— Пакінуць цябе аднаго? — зьдзівіўся Вадзічка. — Дрэнна, брат, ты ведаеш мадзьяраў, колькі раз я табе казаў! З імі трэба быць асьцярожным. Я яго я-ак трахну!..
— Слухай, Вадзічка, — сур‘ёзна сказаў Швэйк, — справа не ў мадзьяры, а ў яго жонцы. Калі мы з табою і з чэшкай-кельнэршай сядзелі за сталом, я-ж табе казаў, што нясу ліст ад свайго обэр-лейтэнанта і што гэта вялікі сакрэт. Мой обэр-лейтэнант на прамілы бог прасіў, каб ніхто пра гэта ня ведаў. Твая-ж кельнэрша сама згадзілася, што гэта вельмі сакрэтная справа і што ніхто не павінен ведаць пра тое, што пан обэр-лейтэнант перапісваецца з замужкаю. Ты-ж сам згаджаўся з гэтым і падтакваў. Я вам растлумачыў усё, як належыць, што павінен дакладна выканаць загад обэр-лейтэнанта, а цяпер ты намогся ісьці са мною наверх.
— Дрэнна, Швэйк, ты мяне ведаеш, брат, — таксама вельмі сур‘ёзна адказаў стары сапёр Вадзічка. — Раз я табе сказаў, што правяду цябе, то не забывайся, што маё слова сьвята. Ісьці ўдвух заўсёды сьмялей.
— Я табе давяду адваротнае, Вадзічка. Ведаеш Нэкланаву вуліцу на Вышаградзе [68] . У сьлёсара Ваборніка там была майстэрня. Ён быў вельмі людзкі чалавек і аднаго дня, вярнуўшыся пасьля выпіўкі дадому, прывёў да сябе начаваць яшчэ аднаго гуляку. Пасьля гэтага ён доўга ляжаў, а жонка яго перавязвала яму кожны дзень рану на галаве і прыказвала: «Вось бачыш, Тонічак, каб ты прышоў адзін, я-б з табою толькі трохі павалтузілася, і не заехала-б табе па галаве вагою». А ён потым, калі ўжо мог гаварыць, адказаў: «Твая праўда, маці, другі раз, калі пайду на выпіўку, з сабою нікога больш не прывяду».
68
Вышаград — частка Прагі, старажытная крэпасць.
— He хапала яшчэ, каб гэты мадзьяр захацеў нам заехаць чым-небудзь па галаве, — раззлаваўся Вадзічка. — Схаплю яго за горла і спушчу яго з другога паверху па ўсходах. Паляціць у мяне, як тая шрапнэль. З мадзьярскай дрэньню трэба жвава распраўляцца. Няма чаго з імі цацкацца.
— Вадзічка, ды ты-ж шмат ня выпіў. Я выпіў на дзьве чвэрткі больш за цябе. Зразумей, што нам падымаць скандал нельга. Я за гэта адказваю. Справа-ж ідзе пра жанчыну.
— І ёй трахну, мне гэта ўсёроўна. Ты, Швэйк, дрэнна старога Вадзічку ведаеш. Раз, у Забегліцах, на «Ружовым востраве», адна такая храпа не хацела са мною танцаваць, — у цябе, кажа, морда апухшы. Праўда, што і казаць, морда ў мяне была апухшы, бо я якраз прышоў з танцулькі з Гостываржа, але сам падумай, такая абраза ад гэтакай флюндры! «Будзьце ласкавы і вы, шаноўная паненачка, кажу, спажыць адну аплявуху, каб вам крыўды ня было». Разок ёй заехаў, a яна паваліла садовы стол, за якім сядзела, разам з таткам, з мамкай І з двума брацікамі. Толькі кубкі паляцелі. Але мне, брат, увесь «Ружовы востраў» быў нішто. Былі там знаёмыя хлопцы з Вршовіц [69] , яны мне і памаглі. Адлупілі мы гэтак з хлопцамі разам пяць сямей. Нябось і ў Міхле было чутно. Потым у газэтах надрукавалі ўсё, як мае быць: на сямейным гуляньні ў такім вось садзе, наладжаным такім вось дабрачынным гуртком, родам з такога вось гораду і гэтак далей… А таму, кажу, як мне памаглі, так і я заўсёды свайму сябру памагу, калі ўжо на тое пашло. He адыдуся ад цябе ні на крок, ні за якія прысмакі. Дрэнна, брат, ты мадзьяраў ведаеш… He чакаў, брат, я, што ты ад мяне захочаш адчапіцца; убачыліся мы з табою, так доўга ня бачачыся, ды яшчэ пры такіх абставінах…
69
Ускраіна Прагі.
— Добра, пойдзем ужо разам, сказаў Швэйк. — Але трэба ўсё рабіць аглядаючыся, каб не нажыць бяды.
— He клапаціся, сябар, — ціха сказаў Вадзічка, калі абодва ўжо ўвайшлі ў вароты. — Я яго я-к трахну!.. — і яшчэ цішэй дадаў: — Вось убачыш, з гэтым мядзьярскім рылам ня будзе шмат работы.
І каб у варотах быў хто-небудзь, хто разумеў-бы па-чэску, дык пачуў-бы з усходах досыць моцна сказаны лёзунг Вадзічкі: «Дрэнна, брат, ты мядзьяраў ведаеш!» — Лёзунг, які нарадзіўся ў ціхім шынку над ракою Літавай, сярод садоў славутай Кіраль-Хіды, абкружанай узгоркамі, пра якія, праклінаючы будуць да самай сьмерці ўспамінаць салдаты, якія хадзілі туды і да вайны і ў час вайны на заняткі, дзе іх тэорэтычна і практычна навучалі біць і рэзаць.
Швэйк з Вадзічкам стаялі ля дзьвярэй кватэры пана Каконя. Перад тым, як націснуць гузік званка, Швэйк сказаў:
— Ці чуў ты калі-небудзь прыказку, Вадзічка, што асьцярожнасьць — маці мудрасьці?
— Гэта мяне не кранаецца — адказаў Вадзічка. — Нельга яму даваць час рот разявіць…
— Ды мне таксама няма з кім асабліва лізацца, Вадзічка.
Швэйк пазваніў, а Вадзічка моцна сказаў:
— Эйн, цвей — і паляціць па ўсіх усходах.
Адчыніліся дзьверы і паказалася ў дзьвярах служанка, якая спыталася па-вэнгерску:
— Што трэба?
— Nem tudom [70] , — зьняважліва сказаў Вадзічка. — Навучыся, дзеўка, гаварыць па-чэску.
— Verstehen Sie deutsch? [71] — спытаўся Швэйк.
— A pischen [72] .
— Also, sagen Sie, der Frau, ich will die Frau spechen, sagen Sie, dass ein Brief ist fon einem Herr, draussen in Kong [73] .
— Я дзіўлюся з цябе, — сказаў Вадзічка, уваходзячы ўсьлед за Швэйкам у пярэдні пакой. — Як гэта ты можаш са ўсякай дрэньню размаўляць?
70
Не разумею.
71
Вы разумееце па-нямецку?
72
Трошкі (дыялект).
73
Скажэце пані, што я хачу з ёю гаварыць. Скажэце. што для яе ёсьць ліст ад аднаго пана ў пярэднім пакоі.
Зачыніўшы за сабою дзьверы, абодза стаялі ў пярэднім пакоі. Швэйк заўважыў:
— Добрая абстаноўка. Ля вешалкі нават два парасоны, а вунь тэй Езус на малюнку таксама нядрэнны.
З пакояў, дзе, чутно было, зьвіяелі лыжкі і талеркі, зноў вышла служанка і сказала Швэйку:
— Frau ist gesagt, dass sie hat ka Zeit; wenn wass ist, dass mir geben und sagen [74] :
— Also, — урачыста сказаў Швэйк, — der Frau ein Brief, aber halten K"uschen [75] .
74
Пані сказала, што ў яе няма часу, калі што-небудзь трэба, перадайце мне.
75
Ліст для пані, але дзяржы язык за зубамі.